Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Другая ўсясьветная вайна: паваенная эміграцыя зь Беларусі


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Вітаўт Кіпель (ЗША), Надзея Міцкевіч (Касмовіч), (Нямеччына), Юры Туронак (Польшча).

Вызваленьне Беларусі ад нямецкіх захопнікаў улетку 1944 году не для усіх беларусаў было радаснай падзеяй. Шмат хто з жыхароў рэспублікі разглядаў гэтае вызваленьне як зьмену аднаго таталітарнага рэжыму на другі.

Спробы нацыянальных беларускіх дзеячаў скарыстаць ваенную сытуацыю дзеля абвяшчэньня і замацаваньня незалежнасьці Беларусі, не прынесьлі жаданага выніку. Наступленьне Чырвонай Арміі і тое, як разам зь ёю вярталася савецкія парадкі ў вызваленыя раёны Беларусі, не пакідала надзеі на дзяржаўную самастойнасьць і сьведчыла пра тое, што перасьлед усяго нацыянальнага і вальнадумнага будзе працягвацца і пасьля вайны. Гэта былі прычыны, якія спарадзілі новую хвалю эміграцыі з Беларусі на Захад.

У савецкія часы тых эмігрантаў, хто пакінуў краіну і выехаў на чужыну ўлетку 1944 году называлі не іначай, як здраднікамі. Іх імёны ганьбіліся з такім жа імпэтам, як узносіліся на вышыню заслугі савецкіх партызанаў у партызанскай рэспубліцы Беларусь.

Але гісторыю не падманеш, і зь цягам часу новыя пакаленьні сталі ўсё часьцей даведвацца пра тое, што гэтыя іх суродзічы жывуць у шмат якіх заходніх краінах, што яны захоўваюць там сваю культуру і мову, што яны зусім не падобныя на тых “фашысцкіх паслугачоў”, чые змрочныя вобразы малявала савецкая прапаганда.

Сёньня мы размаўляем з адным з тых уцекачоў, каго лёс назаўсёды разлучыў з Бацькаўшчынаю ўлетку 1944 году. Вітаўту Кіпелю было тады 16 гадоў, ён выехаў на чужыну з бацькамі. Сям’я Кіпеляў пацярпела ад сталінскіх рэпрэсіяў у даваенны час. Спадар Вітаўт, які зараз жыве ў ЗША, сьведчыць пра тое, чаму яны ня сталі чакаць вызваленьня Беларусі бальшавікамі.

(Кіпель: ) “Я вам скажу, якая ў нас была прычына. Задоўга перад тым, як мы выехалі, памятаю, аднойчы мы з маці ішлі на базар, і маці мне кажа: “Май на ўвазе, напэўна, цябе забяруць у Нямеччыну, мы расстанемся, вайна. Ніколі не вяртайся сюды, горшых адносінаў да нас ніколі ня будзе, як у нас было пры савецкай уладзе”. І тады маці мне распавяла, як да яе паставіліся ў Менску ў 1932 годзе, як ёй цяжка было ў Сыбіру, потым у Арле. “Горшых адносінаў да нас нідзе ня будзе, заставайся, дзе ты ні будзеш. Калі саветы вернуцца, нам будзе яшчэ горш”. Мой бацька падчас рэвалюцыі быў у Чырвонай арміі, ён быў добраахвотнікам, быў на фронце, змагаўся, потым прыехаў у Менск. Нашае мінулае ў Савецкім Саюзе было прычынаю таго, што ў сям’і была накіраванасьць выехаць і больш да гэтай улады не вяртацца”.

Вопыт Вашай сям’і, спадар Вітаўт, можна назваць тыповым. Пакідалі Беларусь найперш тыя, хто пацярпеў перад вайною ад савецкай улады, тыя, хто сядзеў у лягерах і турмах, каго вызваліла вайна. Успомнім тут вядомага пісьменьніка Масея Сяднёва, які жыў і памёр у ЗША. Ён быў рэпрэсаваны і ўратаваўся з савецкай турмы ў першыя дні вайны, а потым у 1944 мусіў уцякаць, каб пасьля вызваленьня ізноў ня трапіць за краты альбо пад расстрэл. І такіх людзей было нямала.

Прыклад сям’і Кіпеляў сьведчыць і пра яшчэ адну прычыну уцёкаў. Сп. Вітаўт, вядома, што Вашыя бацькі актыўна працавалі ў беларускім нацыянальным руху падчас акупацыі?

(Кіпель: ) “Безумоўна, бацька быў поўнасьцю заангажаваны, і маці працавала ў рэдакцыі. Яны разважылі, што савецкая ўлада адпомсьціць ім за мінулае і за гэта нядаўняе мінулае. Тыя людзі, зь якімі мне даводзілася ад’яжджаць, яны ўсе пацярпелі ад савецкай улады. Было шмат людзей з Заходняй Беларусі, якія ніколі не прымалі савецкую ўладу.

Тыя, хто працаваў у адміністрацыі, яны ехалі ў першую чаргу, яны лічылі, што ім трэба выехаць, бо іх савецкая ўлада зьнішчыць. Саюз беларускай моладзі, пераважна маладыя людзі, яны таксама лічылі, што савецкая ўлада іх зьнішчыць, бо яны пайшлі ў нацыянальную арганізацыю. Такіх было вельмі шмат, некалькі вагонаў я бачыў у Менску, калі ад’яжджаў”.

Сярод беларускай моладзі, якая пакідала Радзіму, была і сяброўка Саюзу беларускай моладзі Надзея Міцкевіч, пляменьніца Якуба Коласа, дачка ягонага брата Юзіка. Спадарыня Надзея, якая жыве ў Нямеччыне, успамінае:

(Міцкевіч: ) “Я была ў Нясьвіжы, працавала там настаўніцаю, а потым я арганізавала дзяўчатаў, я была кіраўнічкаю моладзі – СБМ. Я ў Нямеччыну, у Шчэцін прывязла 20 дзяўчат, і іх потым уладкавалі”.

Не чакалі літасьці ад савецкай улады і тыя беларусы, хто служыў у беларускіх вайсковых фармаваньнях, якія былі створаныя падчас акупацыі. Сярод іх былі Францішак Кушаль, Барыс Рагуля. У адной з нашых перадачаў мы распавядалі пра лёс вайскоўца Язэпа Сажыча, які быў камандзірам і вывез з сабою каля трох сотняў сваіх падначаленых.

Спадар Кіпель таксама ведаў уцекачоў у вайсковай форме.

(Кіпель: )”Вайскоўцаў шмат было. Вось такі быў Міхаіл Пугачоў, вайсковец, скончыў Аб’яднаную беларускую вайсковую школу, быў яшчэ Мікалай Падлазьнік. Гэта людзі, якія рабілі кар’еру ў Чырвонай арміі. Яны не маглі дараваць савецкай уладзе тое, што яна рабіла ў 1937-1938 гадох, зьнішчыла вельмі шмат каманднага складу. Гэта была цэлая група камандзіраў, яны былі ў Чырвонай арміі ў 1920-х гадох. Беларуская закваска змусіла іх ісьці ў Беларускую краёвую абарону і быць ужо ў войску антысавецкім. Яны не былі рэпрэсаваныя, але калі надарылася магчымасьць выступіць супраць саветаў, яны ўзялі зброю ў рукі.

Я ведаў яшчэ аднаго такога вайскоўца, ён выкладаў у гімназіі фізкультуру, дзе я вучыўся, на Нямізе, нехта Козьлік. Ён пайшоў потым у БКА і таксама выяжджаў у эміграцыю. Ён пайшоў з палітычных перакананьняў, гэта быў такі моцны беларускі нацыяналіст”.

Спадар Вітаўт, узгадаем таксама і творчую беларускую інтэлігенцыю, якая падчас акупацыі нават у тых умовах разьвівала беларускую культуру. Вядома, што ў Беларусі тады працавалі тэатры, ладзіліся мастацкія выставы...

(Кіпель: ) “Гэтых людзей было вельмі шмат, многія працавалі ў час вайны ў тэатры. Шмат хто зь іх быў незадаволены савецкаю ўладаю. Гэта такія перакананыя нацыянальныя дзеячы, як Сэлях-Качанскі, Барбара Вержбаловіч, безумоўна – Натальля Арсеньева і шмат іншых. Настаўнікаў было вельмі шмат. Я памятаю, што ў гімназіі, дзе я вучыўся, калі надыходзіла лета 1944 году, яны ўсе гаварылі, што будуць выяжджаць”.

Давялося выехаць тады на чужыну і дырэктару Наваградзкай беларускай гімназіі Барысу Кіту. Пакінула Радзіму сям’я настаўнікаў Аляксандра і Натальлі Орсаў, потым, у Нямеччыне, Аляксандр Орса арганізаваў разам з іншымі беларускімі дзеячамі Гімназію імя Янкі Купалы для дзяцей эмігрантаў.

Трэба сказаць, што выяжджаць давялося ня толькі настаўнікам, але і вучням школаў, гімназіяў, прафэсійных вучэльняў, якія працавалі пад час акупацыі.

Спадар Вітаўт, Вы былі непасрэдным сьведкам тых падзеяў: як практычна адбываўся гэты выезд, немцы заахвочвалі выяжджаць?

(Кіпель: ) “Немцы ня надта заахвочвалі, немцы, я б сказаў, ставіліся адмоўна да гэтай хвалі. Нямецкая адміністрацыя не хацела з гэтымі ўцекачамі нічога мець, ставіліся варожа, не былі прыхільныя да той масы уцекачоў, якія тады запаўнялі чыгунку. Немцы не падтрымлівалі гэтай эміграцыі”.

На чым даводзілася ехаць?

(Кіпель: ) “Таварных цягнікоў было шмат, гэтыя эшалёны стаялі пустыя. Хто там гэтым усім кіраваў, я не ведаю. Немцы дазвалялі ехаць, калі ты ўлазіў у гэты цягнік. Але ніхто нічога ні есьці не даваў, як хто мог, так і ехаў, парадку вялікага не было”.

А там у Нямеччыне нехта апекаваўся ўцекачамі, у Вашым выпадку, калі прыехалі, што рабілі далей?

(Кіпель: ) “Я прыехаў у Прусію, цягнік недзе стаў і рабіце, што хочаце. Я пайшоў да гаспадара і кажу, што доўга ня еў. Ён сказаў, каб я працаваў, гной трэба было выкідаць і такую іншую працу рабіць.

Ня ведаю, як іншыя ратаваліся. Потым ён мне сказаў, што мне трэба недзе зарэгістравацца ў Кёнігсбэргу ў нейкім бюро. Я паехаў, гэтае бюро паслала мяне на іншую працу, працы тады хапала.

Я ў Прусіі прабыў да 1945 году, пакуль не пачаўся савецкі наступ. Потым мы пачалі адыходзіць на Захад і трапілі ў амэрыканскую зону акупацыі. У Бэрліне мне сказалі, што там мае бацькі, і там мы сустрэліся”.

Спадар Вітаўт падчас ад’езду выпадкова разлучыўся з бацькамі яшчэ ў Баранавічах і знайшоў іх толькі ў Нямеччыне.

Спадар Вітаўт, Вам, як беларускаму дасьледчыку на эміграцыі вядома, колькі ўсяго выехала ўцекачоў з Беларусі перад наступленьнем Чырвонай арміі?

(Кіпель: ) “Я бачыў такую лічбу ў адной публікацыі нямецкага Ўсходняга міністэрства, дзе яны пісалі, што ў чэрвені-ліпені 1944 году зь Беларусі выехала 160 тысячаў чалавек. Гэта чыноўнік Усходняга міністэрства даваў інтэрвію нямецкай газэце “Folkischer beobachter”. Я памятаю, я чытаў гэтую газэту”.

Пытаньне аб агульнай колькасьці ўцекачоў з Беларусі, якія апынуліся напрыканцы вайны на Захадзе, я задала і беларускаму гісторыку з Польшчы спадару Юрыю Туронку, аўтару кнігі “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”.

(Туронак: ) “Афіцыйных савецкіх дадзеных няма. Усё, што сёньня ёсьць, тыя дадзеныя, якімі карыстаюцца гісторыкі – гэта дадзеныя Беларускай Цэнтральнай Рады ў Бэрліне ад кастрычніка 1944 году. Паводле гэтых дадзеных, на кастрычнік 1944 году ў Нямеччыне знаходзілася каля 700 тысячаў беларусаў. З гэтай колькасьці – остарбайтэры, вывезеныя на працу, складалі 380 тысячаў. Былі яшчэ дзьве катэгорыі ваеннапалонных – з польскага войска і з савецкага войскаў, падаецца, што іх было ўсяго каля 100 тысячаў, мне здаецца, што гэтая лічба крыху завышаная, я лічу, што недзе 70-80 тысячаў, найбольш. Далей – тыя, хто прыехаў у Нямеччыну ў выніку вядомых акцый Саюза беларускай моладзі на працу і дабраахвотную вайсковую дапаможную службу, іх было каля 10 тысячаў. І нарэшце – уцекачы і эвакуаваныя, агульная колькасьць іх – 80 тысячаў”.

Спадар Юры, вы сказалі – эвакуаваныя, каго маеце на ўвазе, якую эвакуацыю?

(Туронак: ) “Праводзілася такая акцыя эвакуацыі насельніцтва ў Нямеччыну, але толькі ва ўсходніх раёнах у канцы 1943 году – Віцебшчына, Магілёўшчына – на ўсход ад Дняпра. Хто хацеў, мог ад’ехаць, давалі транспарт. У Цэнтральнай і Заходняй Беларусі такая плянавая эвакуацыя не праводзілася. На захад ад Дняпра разгром нямецкай арміі быў такі хуткі, што яны дбалі толькі пра сябе.

Я лічу, што гэтых эвакуаваных і уцекачоў было каля 100 тысячаў, але, частку з іх савецкая армія вярнула назад. Так што засталося на эміграцыі, як я сказаў вышэй, каля 80 тысячаў эвакуаваных і ўцекачоў”.

А колькі, па Вашых падліках, было тых, хто адышоў на Захад перад наступленьнем савецкіх войскаў?

(Туронак: ) “На маю думку, тых, якія ўцяклі перад наступленьнем Чырвонай арміі, было недзе 70-75 тысячаў. Што гэта былі за людзі? Перадусім – адміністрацыя, супрацоўнікі адміністрацыі, настаўнікі, паліцыя, рэшткі Беларускай краёвай абароны і іншых ваенных фармаваньняў, сяляне абаронных вёсак, уключна зь іх сем’ямі.

У канцы чэрвеня – напачатку ліпеня выехала каля тысячы юнакоў і юначак Саюзу беларускай моладзі. Але ў Нямеччыне было, як ужо адзначалася, яшчэ 10 тысячаў сяброў СБМ, якія выехалі раней дабраахвотна на працу і на ваенную дапаможную службу”.

Чаму, на Вашу думку, гэтыя людзі пакідалі Бацькаўшчыну і выяжджалі ў няведамае?

(Туронак: ) “Уцякалі, бо не жадалі сустрэчы з Чырвонай арміяй, уцякалі перад бальшавікамі, не хацелі ўжо жыць у гэтай сыстэме далей. Баяліся, вядома, баяліся расправы, тое, што яны жылі пад акупацыяй. У гэтым была іх віна”.

А ці можна лічыць гэта віною?

(Туронак: ) “Вядома, што не”.

Страх тых, хто ўцякаў, як паказалі далейшыя падзеі, быў небеспадстаўны. Шмат каго з тых, хто застаўся, чакалі сыбірскія лягеры. Родны брат спадарыні Надзеі Міцкевіч, чый успамін вы сёньня пачулі, не захацеў пакінуць родныя мясьціны і апынуўся ў лягеры, дзе загінуў.

Паваенная хваля эміграцыі – гэта ня толькі жыцьцёвая драма кожнага асобнага ўцекача, гэта і драматычная старонка ў гісторыі беларускай нацыі ў цэлым. Беларусь страціла нацыянальна сьведамую частку народу, якая была носьбітам нацыянальнай ідэі.

(Кіпель: ) “Безумоўна, што гэта была нацыянальна сьведамая частка народу, якая лічыла, што Беларусь павінна быць самастойнай дзяржаваю. Яны не згаджаліся з савецкім трактаваньнем нацыянальнага пытаньня. Для нацыі гэта сталася трагічнай зьяваю. Фактычна, пасьля 1944 году нацыянальнага стрыжня ў нацыі не было, усё стала савецкім, саветы ўкладалі зьмест у нацыянальнае пытаньне.

Апрача таго, што мы згубілі дэмаграфічна вельмі шмат, нацыянальнае пытаньне, якое было потым Саветамі зьвязанае з нямецкім, з фашысцкім – гэта была трагедыя для народа. Людзі баяліся, і ніякага такога нацыянальнага адраджэньня пасьля заканчэньня вайны не было”.

Але мусім паглядзець на гэтую зьяву і з аптымістычнага боку. Гэтая эміграцыя на Захадзе не загінула. Пасьля гадоў жыцьця ў лягерах дэпартаваных асобаў у Нямеччыне беларускія ўцекачы выехалі ў ЗША, Вялікабрытанію, Канаду, Аўстралію, Францыю, Бэльгію. Гэтая эміграцыя стала голасам беларусаў у заходнім сьвеце, яна трымала беларускую ідэю, беларускія гістарычныя сымбалі, разьвівала сваю культуру і, урэшце, спрычынілася да новага беларускага Адраджэньня.

(Кіпель: ) “Эміграцыя для Беларусі зрабіла вельмі шмат, яна вынесла Беларусь на Захад, нацыянальную Беларусь, гістарычнасьць, паказала сьвету, што гэтая зямля ніколі не была расейскай, што дзяржаўнасьць была ў беларусаў, што было Вялікае Княства Літоўскае. Безумоўна, гэта ня страчаныя людзі для нацыянальнай беларускай справы. Гэты элемэнт быў страчаны ў Беларусі, мы ня мелі сувязі з народам. Але, эміграцыя ў замежжы рабіла тое, што яна не магла б рабіць дома”.

Гэта была ня толькі страта, але і ўратаваньне гэтага інтэлектуальнага патэнцыялу, які мог бы быць альбо фізычна зьнішчаны ў Савецкім Саюзе, ці, напэўна, ня меў бы магчымасьці працаваць дзеля Бацькаўшчыны?

(Кіпель: ) “Безумоўна, асабліва маладога пакаленьня, якое ўжо атрымлівала асьвету на Захадзе і потым доўгі час працавала для нацыянальнай справы”.
XS
SM
MD
LG