Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая сусьветная вайна: беларускія жаўнеры ў несавецкіх вайсковых сілах у замежжы (да 60-й гадавіны перамогі)


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 22.02.2005) Новая перадача сэрыі "Беларусы за мяжою". Удзельнікі: Грыбоўскі Юры (Беларусь), Язэп Сажыч (ЗША), Хведар Кажаневіч (Англія), Кастусь Акула (Канада), Кастусь Шышэя (Вільня), запіс з архіву.

Адной з найменш вядомых старонак другой усясьветнай вайны і да сёньня застаецца для беларускага грамадзтва той факт, што беларусы ў гэтай вайне змагаліся зь нямецкім фашызмам ня толькі пад кіраўніцтвам Сталіна.

У год 60-гадовага юбілею перамогі ў Беларусі ў кнігарнях прадаецца кніга пад назваю “Сталіну, Эўропа, пакланіся!”. Назва яе сьведчыць пра тое, што ў сёньняшняй Беларусі ня варта чакаць зьменаў у пераасэнсаваньні гісторыі мінулай вайны, а варта чакаць руху ў адваротным кірунку – да рэабілітацыі злачынстваў Сталіна.

Бясспрэчны факт, што змаганьне з фашызмам ішло ня толькі на Ўсходзе, але і на Захадзе, менавіта таму і не ажыцьцявіліся пляны Гітлера аб усясьветным панаваньні. Беларусы, якія сталіся адной зь першых ахвяраў гэтай вайны, воляю лёсу апынуліся ў складзе розных антыфашысцкіх сілаў.

Варта пачаць з таго, што ўжо ў першыя дні вайны прыкладна 70 тысяч беларусаў, выхадцаў з Заходняй Беларусі, якія былі жаўнерамі польскага войска, уступілі ў бой зь нямецкімі дывізіямі.

Паслухаем аднаго з іх, спадара Язэпа Сажыча, які зараз жыве ў ЗША.

(Сажыч: ) "1 верасьня 1939 году пачалася вайна. 1 верасьня а чацьвёртай гадзіне раніцы я ўжо сядзеў у акопах. Я быў камандзірам узводу. 14 верасьня мяне цяжка паранілі, і я трапіў ў нямецкі палон".

Малады гісторык зь Беларусі Юры Грыбоўскі прысьвяціў сваю дасьледчую працу тэме ўдзелу беларусаў у вайне на Захадзе. Ягоны дзед таксама некалі быў сярод тых беларускіх жаўнераў, хто абараняў Польшчу ў верасьні 1939 году.

(Грыбоўскі: ) "Найбольш беларусаў знаходзілася ў Віленскай, Наваградзкай і Падляшскай кавалерыйскіх брыгадах, у 1-й, 19-й, 20-й і 30-й пяхотных дывізіях, у гэтых фармаваньнях, якія па сутнасьці прынялі на сябе асноўны цяжар верасьнёвай кампаніі.

Недзе 30-35 тысяч зь іх патрапілі ў нямецкі палон, звыш 20 тысячаў трапілі ў савецкі палон, рэшта саматугам вярнуліся дахаты. Найскладаней было падлічыць палеглых, я мяркую, недзе да 10 тысячаў было.

Я дзякую Богу сёньня, што сярод гэтых 10 тысячаў палеглых не аказалася майго бацькі, які таксама сустрэў вайну ў шэрагах Войска Польскага. Ён трапіў ў нямецкі палон на доўгія 5 гадоў і перанёс шмат пакутаў.

Так што на самым пачатку вайны шмат беларусаў не па ўласнай волі апынуліся на Захадзе".

Сп. Юры, з вашых дасьледаваньняў – якія яшчэ шляхі прыводзілі беларусаў да ўдзелу ў баявых дзеяньнях на Захадзе, у складзе якіх баявых адзінак апынуліся беларускія жаўнеры?

(Грыбоўскі: ) "Шмат беларусаў змагалася з фашызмам у складзе войск заходніх альянтаў і найперш ва ўзброеных сілах Вялікабрытаніі. У складзе брытанскага войска, пад брытанскім камандаваньнем з 1939 па 1945 год дзейнічалі польскія ўзброеныя сілы, яны былі таксама падпарадкаваныя польскаму эміграцыйнаму ўраду генэрала Сікорскага.

У нашу гістарыяграфію гэтыя ўзброеныя сілы, на жаль, увайшлі пад назваю "Армія Андэрса". Гэта вялікая памылка, недакладнасьць, гэта спадкаемасьць савецкай гісторыяграфіі. Насамрэч Андэрс быў камандзірам толькі Другога польскага корпусу, а Другі польскі корпус быў толькі часткаю Польскіх узброеных сілаў на Захадзе”.

Спадар Юры, калі ласка, распавядзіце пра гісторыю стварэньня польскіх узброеных сілаў на Захадзе, з чаго яна пачыналася?

(Грыбоўскі: ) "Ужо напрыканцы верасьня 1939 году, калі паўстаў польскі эміграцыйны ўрад, а паўстаў ён у Парыжы, была заключаная француска-польская дамова аб фарміраваньні польскага войска на тэрыторыі Францыі. І да чэрвеня 1940 году на тэрыторыі Францыі было створанае Войска польскае, колькасьць якога складала звыш 84 тысячаў чалавек. Гэтыя польскія фармаваньні бралі ўдзел у абароне Францыі, у прыватнасьці, у баях на лініі Мажыно. Але пасьля капітуляцыі Францыі частка іх, недзе 15 тысячаў польскіх вайскоўцаў пасьпелі эвакуявацца ў Брытанію. Пасьля гэтай эвакуацыі з Францыі ў Брытаніі з гэтых вайскоўцаў быў створаны Першы польскі корпус. Ён быў нешматлікі, туды ўваходзіла Першая панцырная ці танкавая дывізія, пазьней была сфармаваная Першая асобная парашутная брыгада. Гэтыя адзінкі потым бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Заходняй Эўропы. Першая парашутная брыгада ўдзельнічала ў вядомай бітве пад Арнэмам у кастрычніку 1944 году – гэта самая буйная паветрана-дэсантная апэрацыя заходніх аліянтаў у Эўропе. Панцырная дывізія брала ўдзел у вызваленьні Францыі, Бэльгіі, Галяндыі, у баях на тэрыторыі Нямеччыны”.

Беларусы былі ў гэтых польскіх вайсковых фармаваньнях, якія пачалі фармавацца на тэрыторыі Францыі, як яны туды траплялі?

(Грыбоўскі: ) "У адпаведнасьці з француска-польскай ваеннай дамоваю Войска польскае на тэрыторыі Францыі павінна было фармавацца са складу эмігрантаў з Польшчы. Там было вельмі шмат эмігрантаў, гаворка ішла пра сотні тысячаў польскіх эмігрантаў, якія ў міжваенны час эмігравалі з Польшчы ў пошуках лепшага жыцьця ў Францыю, у тым ліку з усходніх ваяводзтваў – "крэсаў". У Войску польскім у Францыі па апошніх падліках змагалася нешта каля 2 тысячаў беларусаў.

Але найбольш беларусаў было ў Другім польскім корпусе, які пачынае сваю гісторыю яшчэ са стварэньня Польскай арміі ў Савецкім Саюзе”.

Вы ўжо распавядаеце пра Армію Андэрса, якая стваралася не ў Брытаніі, а на тэрыторыі СССР.

(Грыбоўскі: ) "12 жніўня 1941 году была падпісаная савецка-польская дамова, у адпаведнасьці з якой на тэрыторыі СССР фармавалася польская армія пад камандаваньнем генэрала Ўладзіслава Андэрса. Як вядома, у пэрыяд з сакавіка па жнівень 1942 году яна пакінула тэрыторыю Савецкага Саюзу эвакуавалася ў Іран. У ліпені 1943 году гэта польская армія была перафармаваная ў Другі польскі корпус пад камандаваньнем таго ж генэрала Андэрса”.

Армію Андэрса складалі пераважна наземныя фармаваньні. Але, я ўспамінаю сваю даўнюю размову з беларусам з Сыднэю сп. Міхасём Ляўдорам, які распавядаў пра тое, што ён служыў у паветраных войсках. Сп. Юры, ці не можаце ўдакладніць, якія яшчэ роды войск мелі польскія ўзброеныя сілы на Захадзе, дзе маглі служыць беларусы?

(Грыбоўскі: ) "На тэрыторыі Вялікабрытаніі, акрамя Першага польскага корпуса, у якім былі толькі наземныя войскі, потым асобна былі створаныя польскія ваенна-марскія сілы, падпарадкаваныя брытанскаму флёту. Было створана вайсковая авіяцыя – паветраныя сілы.

На папаўненьне гэтых адзінак былі адкамандзіраваныя некаторыя вайскоўцы з Другога польскага корпуса. Справа ў тым, што тыя польскія вайсковыя часткі, якія знаходзіліся ў Вялікабрытаніі, ўвесь час адчувалі недахоп не толькі ўзбраеньня, але, найперш, людзей. Таму генэрал Андэрс мусіў дзяліцца і недзе каля 10 тысячаў вайскоўцаў былі з Палестыны, куды з СССР перайшла Армія Андэрса, перададзеныя ў Вялікабрытанію на папаўненьне. У іх ліку і знаходзіўся якраз сп. Міхась Ляўдор і шмат іншых нашых суайчыньнікаў”.

Дарэчы, перавод вайскоўцаў з Арміі Андэрса быў не адзіны шляхам дакамплектаваньня польскіх вайсковых адзінак у Брытаніі.

(Грыбоўскі: ) "Польскі эміграцыйны ўрад выкарыстоўваў усе магчымыя крыніцы рэкрутацыі. Былі высланы эмісары ўраду ў краіны Лацінскай Амэрыкі. З 1940 году па 1944 год на тэрыторыі Аргентыны, Бразіліі, Уругваю знаходзіліся вярбовачныя бюро, якія вэрбавалі добраахвотнікаў ў гэтыя польскія адзінкі”.

Сярод гэтых добраахвотнікаў былі і беларусы з тых сямей, якія эмігравалі ў Лацінскую Амэрыку з Заходняй Беларусі ў міжваенны час. Сярод іх можна назваць імя Міколы Ігнатоўскага, родам з Кобрыну, які прыехаў з Аргентыны і ўступіў у шэрагі брытанскага Каралеўскага ваенна-марскога флёту, ён заставаўся брытанскім матросам да восені 1947 году.

Хацелася б вярнуцца яшчэ да інфармацыі пра беларусаў у паветраных войсках.

У адной з Вашых публікацый Вы пісалі, што беларусы-лётчыкі ўдзельнічалі ў бамбаваньнях гітлераўскіх вайсковых аб’ектаў у Нямеччыне, сярод іх упаміналася імя ўраджэнца Мядзельшчыны Казіміра Яновіча. Ці, напрыклад, там згадваецца Язэп Дзерагоўскі з Лідчыны, які да вайны служыў у польскіх паветраных сілах, а ў лістападзе 1942 году быў накіраваны ў Вялікабрытанію, дзе служыў у дывізіёне зьнішчальнікаў. Ён быў ўзнагароджаны Мэдалём паветраных сілаў і Мэдалём за ўдзел у вайне 1939-1945. Былі там і жанчыны, напрыклад, у дапаможнай жаночай службе авіяцыі служыла Амэля Жвірка з Валожыншчыны.

Вернемся да гісторыі Арміі Андэрса, дзе, нагадаю, служыла найбольш беларусаў.

Беларускія хлопцы траплялі ў Армію Андэрса тым жа шляхам, як і палякі. Гэта былі пераважна тыя выхадцы з Заходняй Беларусі, якія пасьля вызваленьня ў 1939 годзе апынуліся ў сыбірскіх лягерох. Савецкі Саюз быў супроць таго, каб у Армію Андэрса прымалі ўкраінцаў і беларусаў. Па гэтай прычыне шмат каму зь беларусаў давялося назвацца палякам, каб вызваліцца з савецкай няволі і запісацца ў польскую армію. Сярод тых, хто з савецкіх лягераў трапіў у Армію Андэрса быў беларус Хведар Кажаневіч, які зараз жыве ў Манчэстэры.

(Кажаневіч: ) "Мы даведаліся, што фармуецца польскае войска на Поўдні і хто ўступіць у польскае войска, то ягоная сям’я будзе зарэгістраваная на вываз з Савецкага Саюзу. Я пастанавіў уступіць у войска. Трэба было ехаць аж да Самарканда ва Ўзбэкістан. На станцыі там ужо былі тысячы ўкраінцаў і беларусаў, якіх палякі адкінулі. Я не ведаў, што рабіць, але пайшоў на камісію і сказаў праўду. Прынялі мяне ў войска”.

На 1 сакавіка 1942 году ў Арміі Андэрса налічвалася 75 тысячаў жаўнераў, па зьвестках польскага камандаваньня беларусы складалі 1397 чал.

Далей хацелася б высьветліць пытаньне – колькі беларусаў налічвалася ва ўсіх польскіх вайсковых фармаваньнях, у тым ліку тых, хто знаходзіўся ў Вялікабрытаніі і тых, хто ўваходзіў у Армію Андэрса. Гэтае пытаньне я задаю спадару Грыбоўскаму.

(Грыбоўскі: ) "Дакладную лічбу ніхто не вызначыць таму, што шмат было фактараў, якія ўплывалі на гэта ўсё, шмат хто хаваў сваю нацыянальнасьць. Нейкае ўяўленьне дае веравызнаньне.

Я магу дакладна сказаць, што ў польскіх вайсковых фармаваньнях у Вялікабрытаніі знаходзілася па апошніх падліках на 1945 год 800 вайскоўцаў праваслаўнага веравызнаньня, гэта мінімальная колькасьць, каталікоў, на маю думку, магло быць, напрыклад, удвая больш".

А зараз паслухаем інфармацыю, якую падае спадар Кастусь Акула з Канады, які сам ваяваў у Арміі Андэрса.

(Акула: ) "Віктар Сянькевіч па вайне, у 1946 годзе атрымаў дазвол ад генэрала капаньскага, шэфа штаба польскіх узброеных сілаў ў Лёндане, дасьледаваць у іхных архівах пытаньне пра тое, колькі беларусаў брала ўдзел у вайне на Захадзе.

Адказ на гэтае пытаньне. Пасьля грунтоўных пошукаў і гутарак з аўтарытэтнымі асобамі, зьмешчаны ў часапісу “Зважай” № 1-8 за 1977 год і №1-9 за 1978 год. Цытата адтуль: “Не забывайма, што для ўстаноўленай лічбы беларусаў – жаўнераў польскіх узброеных сілаў на 1 ліпеня 1945 году мусім дадаць і тых, хто загінулі ці памерлі. Такім чынам мы атрымаем канчатковую колькасьць – 30 867 чалавек”.

Юры Грыбоўскі склаў і апублікаваў Сьпіс ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі і памерлі пад час службы ў Польскіх узброеных сілах (1939-1946)

(Грыбоўскі: ) "Я складаў сам на падставе польскіх крыніцаў, на падставе крыніцаў з архіва Сікорскага ў Лёндане”.

Агульная колькасьць палеглых беларусаў налічвае ў гэтых сьпісах – 1270 чалавек.

Большую частку гэтай лічбы складаюць загіблыя на тэрыторыі Італіі, дзе Армія Андэрса прымала актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях на баку аліянтаў. Найперш, трэба згадаць бітву пад Монтэ Касына ў траўні 1944 году, дзе загінула 264 беларусы. Пасьля баёў у іншых месцах Італіі таксама засталіся беларускія магілкі: пад Лярэтай было забіта 234 чалавекі, пад Касасімай – 72, пад Балоньняй –287. Дарэчы, ў баях за Балоньню як раз прымалі ўдзел вядомыя ў беларускай эміграцыі Кастусь Акула і Віктар Сянькевіч. У Італіі загінуў брат Ларысы Геніюш Аркадзь Міклашэвіч.

Праглядаючы сьпісы, я зьвярнула ўвагу на тое, што частка жаўнераў-беларусаў загінула на Блізкім Усходзе – у Іране, Іраку, Палестыне, Эгіпце, у тых краінах, празь якія праходзіў шлях Арміі Андэрса пасьля эвакуацыі з Савецкага Саюзу.

У Іраку, напрыклад, жаўнеры Арміі Андэрса ахоўвалі нафтавыя палі. Але ў бальшыні яны былі занятыя падрыхтоўкаю да баявых дзеяньняў.

Ізноў зьвяртаюся да сп. Грыбоўскага. У чым прычыны стратаў Арміі Андэрса на Блізкім Усходзе?

(Грыбоўскі: ) "Гэта былі не баявыя страты. Справа ў тым, што Армія Андэрса фармавалася ў вельмі складаных ня толькі палітычных, але і кліматычных умовах. Шмат людзей памерла на тэрыторыі Савецкага Саюза. Жылі яны ў намётах у 40-градусныя маразы, большасьць зь іх ужо прайшлі палон, няволю, здароўе іх было падарванае. І канечне, таксама шмат памерлі ад хваробаў, ад эпідэмій на тэрыторыі Ірана, Ірака, Палестыны, Эгіпта. Мне спадар Кажаневіч распавядаў, як яны з намётаў выкідвалі жменямі скарпіёнаў са сваіх пасьцеляў на гэтых пяскох”.

Да стратаў Арміі Андэрса варта дзеля справядлівасьці дадаць і тых, каго не зьнішчылі нямецкія фашысты пад час вайны, але хто не вярнуўся з савецкіх лягераў у пасьляваенны час. Не гледзячы на тое, што “андэрсаўцы” ваявалі ў шэрагах саюзьнікаў СССР супроць гітлераўцаў, тыя з іх, хто вярнуўся ў Беларусь пасьля расфармаваньня Арміі Андэрса, у ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка былі арыштаваныя і вывезеныя ў Іркуцкую вобласьць. Усяго вывезьлі 888 былых жаўнераў, калі лічыць зь сем’ямі, то ахвярамі сталі 4520 чалавек. Маёмасьць іх была канфіскаваная, а самі яны сталі “спецперасяленцамі”.

Працягнем размову са сп. Грыбоўскім. Спадар Юры, акрамя польскіх фармаваньняў у складзе брытанскіх узброеных сілаў, дзе яшчэ ваявалі беларусы, ці былі яны, напрыклад, ў войску ЗША?

(Грыбоўскі: ) "Калі гаварыць пра ўдзел беларусаў у арміі ЗША, то гаворка ідзе пра беларускіх амэрыканцаў, тых, хто раней эміграваў у Амэрыку і іх дзяцей. Яны бралі ўдзел у такіх апэрацыях, як высадка саюзных войскаў ў Нармандыі, баявыя дзеяньні ў Італіі, Францыі. Шмат беларусаў было адзначана высокімі амэрыканскімі вайсковымі ўзнагародамі ў тым ліку мэдалём Кангрэсу ЗША. Так, напрыклад беларус Уладзімер Каваленка быў узнагароджаны Найвышэйшым крыжом Ваенна-паветранага флёту ЗША.

Можна казаць пра сотні людзей, гэта сьведчаць такія крыніцы, як пэрыядычны друк амэрыканскі і расейскі эміграцыйны друк”.

Сёньня ўжо можна дакладна сьцьвярджаць, што беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі ў баявых апэрацыях саюзных войскаў амаль па ўсёй Эўропе – у Францыі, Італіі, Бэльгіі, Галяндыі, Нямеччыны, а таксама на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, вядома, што некаторыя беларусы-жаўнеры Асобнай брыгады стральцоў карпацкіх былі ўзнагароджаны брытанскай вайсковай узнагародаю “Зорка Афрыкі”.

Спадар Юры, ці былі беларусы ў Расейскай вызвольнай арміі, так званай РОА, пад камандаваньнем Уласава?

(Грыбоўскі: ) "Былі. Ведаеце, была такая РОНА – Российская освободительная народная армия – пад камандаваньнем Браніслава Камінскага. Яна фармавалася менавіта на тэрыторыі Беларусі і туды пад прымусам мабілізоўваліся жыхары рэгіёну Бешанковіч, Віцебшчыны”.

Дзеля аб’ектыўнасьці трэба сказаць сёньня і пра тых беларусаў, якія знаходзіліся ў складзе нямецкіх вайсковых фармаваньняў. Розныя абставіны прымушалі людзей апынуцца ў шэрагах нямецкага войска.

Сп. Юры, калі ласка, што можаце сказаць пра гэты аспэкт вайны.

(Грыбоўскі: ) "Была такая 30-я грэнадзёрская дывізія СС, дывізія пад камандаваньнем Зідлінга, там было вельмі шмат беларусаў. Гэта дывізія стваралася пад Ломжай, на тэрыторыі Польшчы, у жніўні 1944 году з парэшткаў БКА, беларускай паліцыі, рэшты Менскай камандзірскай школы БКА. Яны былі перакінутыя ў Францыю, большасьць зь іх потым альбо добраахвотна здаліся ў палон, альбо былі захопленыя. Яны працягнулі вайну ў шэрагах Другога польскага корпуса генэрала Андэрса са студзеня 1945 году. Я назьбіраў зьвесткі пра 60 беларусаў".

А што Вы можаце сказаць пра брыгаду “Беларусь”?

(Грыбоўскі: ) "25 студзеня 1945 году ў Баварыі пачалося фармаваньне Першай грэнадзёрскай штурмавой брыгады СС "Беларусь". Яна, праўда, так і не пасьпела ўзяць удзел у баявых дзеяньнях. Гэта брыгада фармавалася высілкамі як немцаў, так і беларусаў. У складзе Беларускай Цэнтральнай Рады існавала Галоўнае вайсковае кіраўніцтва пад камандаваньнем генэрал-маёра Кастуся Езавітава. Ён быў адказны за фармаваньне гэтай адзінкі. Брыгада налічвала 1094 стральцы. Яна была ўзятая ў палон, дакладней, яны самі перайшлі на бок амэрыканцаў, гэта здарылася недзе 30 красавіка 1945 году на Поўдні Нямеччыны. Спачатку яны злучыліся з часткамі РОА і перайшлі на бок амэрыканцаў. Яны больш не ваявалі, на гэтым іх баявы шлях скончыўся".

Якія яшчэ нямецкія фармаваньні існавалі, куды маглі трапіць беларусы?

(Грыбоўскі: ) "Яшчэ такая была маладзёвая вайскова-дапаможная служба Люфтваффэ. Туды набіраліся юнакі і дзяўчаты, у зэнітныя школы пераважна. Там было таксама шмат беларусаў, сяброў СБМ".

Згадаем яшчэ і пра батальён у Дальвіцы. Вядома, што па ініцыятыве немцаў там была створана парашутная школа для беларускіх вайскоўцаў.

(Грыбоўскі: ) "Была такая парашутная школа, яна фармавалася ўвосень 1944 году каля мястэчка Дальвіц ва Ўсходняй Прусіі. Яна была падпарадкавана абвэру і стваралася па ініцыятыве абвэру. Гэтыя парашутысты закідваліся ў тыл савецкіх войскаў для правядзеньня там дывэрсійнай дзейнасьці. Гэты батальён таксама напаткаў змрочны лёс, ён быў урэшце раззброены ўвесну 1945 году на тэрыторыі Чэхіі чэскімі партызанамі".

Пра тое, дзеля чаго з Дальвіца закідваліся на савецкую тэрыторыю беларускіх парашутыстаў сьведчыць адзін зь іх, спадар Кастусь Шышэя, які жыў і нядаўна памёр у Вільні, запіс ягоных успамінаў захаваўся ў архівах Радыё Свабода. Гэты ўспамін сьведчыць пра тое, якія розныя мэты мелі ў гэтай справе абвэр і беларускія вайскоўцы-парашутысты. Гэта яшчэ адзін доказ таго, як складана сёньня дасьледаваць тэму вайны.

(Шышэя: ) "Рыхтаваліся да таго, што Беларусь будзе дзяржаваю ў нас. Мы засталіся там і вучыліся. Мы засталіся таму, што думалі, што ў Беларусі будзе рэфэрэндум пасьля вайны. Трэба было людзей нашых падрыхтаваць да гэтага рэфэрэндуму. І мы вырашылі, што зьбярэм у Беларусі людзей, якія будуць хацець нечага свайго. Спадзяваліся, мы ня думалі, што выйдзе інакш. Мы думалі, што калі мы ўцячэм зь Беларусі назусім, дык хто ж там будзе на тым рэфэрэндуме, нікога не будзе! Трэба ехаць і падымаць народ!"

І маё апошняе пытаньне да сп. Грыбоўскага. Спадар Юры, Вы асабіста зрабілі бадай што найбольш для дасьледаваньня тэмы ўдзелу беларусаў у вайне ў несавецкіх вайсковых адзінках. Бальшыня гэтых матэрыялаў ужо апублікаваная і стала даступнаю для ўсіх зацікаўленых ведаць праўду пра мінулую вайну. Што Вы лічыце яшчэ недастаткова дасьледаваным?

(Грыбоўскі: ) "Безумоўна, яшчэ далёка ня ўсё сказана. Яшчэ патрэбна будзе вывучыць усе аспэкты ўдзелу беларусаў на баку немцаў. Што тычыцца тых беларусаў, якія ваявалі на баку аліянтаў, то амаль нічога пакуль не напісана пра ўдзел беларусаў у арміі ЗША, нашым гісторыкам у гэтым выпадку трэба карыстацца крыніцамі з-за акіяну. Яшчэ дасюль цьмянаю старонкаю застаецца паваенны лёс "андэрсаўцаў", якія вярнуліся ў Беларусь".

Да пералічанага Вамі, спадар Юры, я б хацела дадаць і такую амаль зусім невядомую тэму, як удзел беларусаў у руху супраціву ў эўрапейскіх краінах – “макі” ў Францыі, у шэрагах італьянскіх партызанаў і інш., а таксама і на Балканах.

Шмат беларускіх ветэранаў, якія ваявалі на Заходніх франтох, не вярнуліся на Бацькаўшчыну і засталіся на эміграцыі. Там яны склалі адну з актыўных частак беларускай дыяспары, залажылі свае арганізацыі беларускіх камбатантаў і прымалі самы дзейсны ўдзел у беларускім жыцьці ў Вялікабрытаніі, Францыі, Бэльгіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі.

Кастусь Акула і Юрка Весялоўскі напісалі кнігі ўспамінаў, якія сёньня сьведчаць пра тыя падзеі і зь цікавасьцю чытаюцца моладзьдзю як у замежжы, так і ў Беларусі.

Ніхто зь іх хутчэй за ўсё ня будзе запрошаны на сьвяткаваньне 60-годзьдзя перамогі ў Беларусь. Наўрад ці паедзе ў Монтэ Касына і дэлегацыя зь Беларусі, каб ускласьці вянок памяці на магілкі палеглых там жаўнераў-беларусаў.

Выглядае, што і цяпер будуць ушаноўвацца толькі тыя вэтэраны, якія былі ў войску СССР ды партызанах.

Але вырасла ўжо новае пакаленьне моладзі ў Беларусі, якое хоча ведаць сваю гісторыю больш глыбока і аб’ектыўна, якія імкнуцца да праўды. Лепшы доказ таму – прыклад нашага сёньняшняга суразмоўцы – маладога гісторыка Юры Грыбоўскага, які зрабіў за некалькі гадоў працу, якая так і не была зробленая ўсімі беларускімі гісторыкамі савецкага часу за 60 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG