Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскай бібліятэцы ў Празе – 80 гадоў


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 25.01.2005) Новая перадача сэрыі "Беларусы за мяжою". Удзельнікі: Лукаш Бабка (Прага), Сяргей Панізьнік (Беларусь), Алена Глагоўская (Польшча).

У мінулы чацьвер у Празе адбылося сьвяткаваньне 80-х угодкаў Славянскай бібліятэкі. Гэта ўнікальнае кнігасховішча злучана моцнымі повязямі зь беларускай гісторыяй. І ня толькі таму, што Беларусь належыць да ліку славянскіх краінаў, чые культурныя каштоўнасьці там зьбіраюцца, але і таму, што ў Празе ў міжваенны час існавала актыўная беларуская эміграцыя, жыцьцё якой таксама было зьвязанае са Славянскай бібліятэкаю, там беларускія эмігранты пакінулі свой адметны сьлед.

Славянская бібліятэка, ці як называецца па-чэску – Slovanska knihovna была створаная ў 1924 годзе. У міжваенны час, як вядома, Прага сталася адным з цэнтраў белай эміграцыі і дзеля задавальненьня патрэбаў найбольш шматлікай расейскамоўнай абшчыны Міністэрства замежных справаў Чэхаславакіі напачатку заклала расейскую бібліятэку. Пазьней, у 1927 годзе было прынятае рашэньне камплектаваць бібліятэку літаратураю ўсіх іншых славянскіх народаў. З гэтага часу яна стала называцца Славянскай бібліятэкай.

Сёньня ў нас у гасьцях дырэктар Славянскай бібліятэкі сп. Лукаш Бабка. Сп. Бабка, што сёньня ўяўляе сабою Славянская бібліятэка?

(Бабка: ) "Ад 1956 году Славянская бібліятэка ёсьць часткаю Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі. У гэтых рамках яна мае статус структуры, якая аўтаномная ў сэнсе камплектаваньня фондаў, маем уласную чытальную залю, чытацкія білеты, але фінансава мы залежныя ад Нацыянальнай бібліятэкі.

За ўвесь час дзейнасьці бібліятэкі мы сабралі тры чвэрці мільёна адзінак літаратуры славянскіх народаў і навуковай літаратуру ў галіне сусьветнай славістыкі.

Славянская бібліятэка знаходзіцца ў будынках Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, у архітэктурным комплексе Клеменцінум каля Карлавага моста. Мы тут знаходзімся ад 1929 году.

Я думаю. што нас цяжка зь некім параўнаць. Ёсьць славянская бібліятэка ў Мюнхене, вялікі славянскі аддзел ёсьць у Лёндане пры Брытанскай бібліятэцы і іншыя, але што тычыцца складу фондаў, то я думаю, што мы такія адныя ў Эўропе".

Праская Славянская бібліятэка адметная тым, што тут захоўваецца літаратура і пэрыядычныя выданьні расейскай, украінскай і беларускай эміграцыі міжваеннага часу. Напрыклад, унікальная бібліятэка Расейскага замежнага архіву не была пасьля вайны разам з архівамі перададзеная ў Маскву і зараз захоўваецца ў Празе.

Сп. Бабка, што ўваходзіць у беларускі аддзел Бібліятэкі?

(Бабка: ) "Беларускі аддзел Славянскай бібліятэкі сёньня складае 9 тысяч зьвязкаў. Асноваю гэтага фонду сталі зборы Інстытуту беларускай культуры зь Менску. У іх складзе ёсьць камплект першай беларускай газэты "Наша Ніва", якая выдавалася ў Вільні. Ёсьць таксама першыя выданьні клясыка беларускай літаратуры Янкі Купалы – напрыклад, "Жалейка", выдадзеная ў Петраградзе ў 1908 годзе.

Мы маем першыя выданьні іншых вядомых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў міжваеннага часу – Гарэцкага, Чорнага, Гартнага і іншых. Цікавасьць уяўляе сабою збор беларускай эміграцыйнай пэрыёдыкі, якая выходзіла ў Празе – "Іскры Скарыны", "Бюлетэнь загранічнай групы беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, часапіс "Прамень". Зборы Беларускага аддзяленьня маюць сігнатуру "к"".

Як сёньня ажыцьцяўляецца камплектаваньне бібліятэкі беларускай літаратурай і пэрыёдыкай?

(Бабка: ) "Магу сказаць, што зараз мы атрымліваем 16 беларускіх пэрыёдыкаў, адна зь іх – газэта "Звязда". Гэтую газэту мы купляем, а бальшыню астатніх атрымліваем па абмене.

Камплектаваньне беларускай літаратурай адбываецца не традыцыйным шляхам пакупкі, бо ў нас няма дзе яе купляць. Мы атрымліваем літаратуру пераважна шляхам абмену. Нашым галоўным партнэрам ёсьць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, а таксама Бібліятэка Акадэміі навук Беларусі.

Зараз мы пачалі таксама супрацоўнічаць зь бібліятэкаю ў Вільні. Камплектаваньне пераважна ідзе за кошт таго, што нехта дорыць нам кнігі. Мы таксама супрацоўнічаем з грамадзкай арганізацыяй "Чалавек у нядолі", яны нам возяць кнігі зь Беларусі, альбо купляюць па нашых заказах і прывозяць. Камплектаваньне беларускай літаратурай вельмі складанае ў нашых сучасных умовах".

Які прыкладна аб’ём паступленьня беларускай літаратуры ў год?

(Бабка: ) "Аб''ём паступленьня беларускіх кніг ня вельмі вялікі, у мінулым годзе, напрыклад, толькі недзе 40 кніг паступіла зь Беларусі. Гэта ня вельмі шмат. Так што гэта праблема, яшчэ нават большая, чым для Балканаў, дзе былі цяжкасьці пад час вайны. Зь Беларусьсю сытуацыя яшчэ горш".

Акрамя праблемы камплектаваньня ёсьць у вашай бібліятэкі яшчэ нейкія кантакты зь Беларускімі бібліятэкамі і навуковымі ўстановамі?

(Бабка: ) "Гэтых кантактаў ня вельмі шмат, мы ня маем у Беларусі партнэраў. Кантактаў зь Беларусьсю нам не хапае. У нас ёсьць дамовы зь іншымі бібліятэкамі, на падставе якіх мы едзем працаваць да іх, а яны едуць да нас. Маем дамовы з краінамі на Балканах, з Баўгарыяй, з Расеяй, у Варшаву езьдзім і таксама на Захад. Зь Беларусьсю такой дамовы няма".

Акрамя кнігаў і пэрыёдыкі Славянская бібліятэка мае і архіўныя матэрыялы.

(Бабка: ) "Архівы ёсьць, але захоўваюцца ў іншым месцы, яны схаваныя ў скрынках. Ад 1989 року паступова над імі працуем".

Гэтыя матэрыялы яшчэ далёка не ўсе апісаныя і можна спадзявацца, што сярод іх знойдуцца раней невядомыя беларускія дакумэнты, а можа нават нешта і зь Беларускага праскага архіву, які да сёньня не знойдзены.

Славянская бібліятэка цесна супрацоўнічае зь дзяржаўнымі архівамі Чэхіі. У выдадзеным да сёньняшняга юбілею “Сьпісу публікацый, выдадзеных Славянскай бібліятэкаю (1924-2004)” я знайшла зьвестку пра тое, што бібліятэка ў апошнія гады выдала Сьпісы крыніцаў па гісторыі народаў – расейскага, украінскага і беларускага да 1945 году (Souspis pramenů k dějnam národů Ruska, Ukrajinу a Běloruska do roku 1945 y archivů České republiky).

(Бабка: ) "Мы толькі выдаем, а падрыхтоўваюць гэта архівы і Міністэрства ўнутраных справаў. Тое, што яны прапанавалі, тое і было выдадзена. Выйшлі ўжо тры часткі, а над наступнымі працуюць. Трэцяя выйшла ў мінулым годзе. У Беларусь мы іх паслалі, у Нацыянальную бібліятэку".

А цяпер паглядзім на Славянскую бібліятэку вачыма беларусаў. Адным з тых, хто першы пабываў там, быў спадар Сяргей Панізьнік.

(Панізьнік: ) "Гэта 70-я гады, і самы галоўны чалавек, які ўвёў мяне туды – быў чэскі беларусіст Міласлаў Зіма. Я там хадзіў у тых скляпеньнях, ён мне паказаў там Беларусь.

Калі Купалу ў 1925 годзе гаварылі студэнты зь Беларусі, што ў вас тут маленькая Беларусь, то я там у Славянскай бібліятэцы пазнаў, што там ёсьць вялікая Беларусь. Там усе беларускія кнігі на літару "к" – гэта мая Крывія. Я туды ўваходзіў, як на свой мацярык, я там узбагачаўся і дзеля творчасьці, бо я там знаходзіў зьвесткі пра тых асобаў, пра якіх я толькі чуў недзе патаемна. Мне цікава было чытаць аўтограф Ларысы Геніюш, нечаканы аўтограф да Забэйды-Суміцкага.

Гэта былі адкрыцьці, гэта адкрыцьці і да сёньня, яны, як зорачкі тыя. Так што мне дарагая Прага, але ў сэрцы маім перад усім – Славянская бібліятэка.

Тады мы былі ўпершыню ў Славянскай бібліятэцы, а пасьля адбылася другая сустрэча ўлетку 1995 году. Група беларускіх навукоўцаў зь пяці чалавек, прыехалі ў Прагу на сьвяткаваньне 70-х угодкаў Славянскай бібліятэкі. Бібліятэка тады ўпершыню ў пасьлякамуністычны час наважылася правесьці навуковую канфэрэнцыю “Расейская, украінская і беларуская эміграцыя ў Чэхіі ў міжваенны час”.

Мы прыехалі па ўласнай ініцыятыве, даведаўшыся пра гэта ад сяброў-чэхаў. Бібліятэка даслала афіцыйныя запрашэньні ў Беларусь, але ніводная бібліятэка ці навуковая ўстанова нават не адгукнуліся на гэта. Калі мы прыйшлі тады на канфэрэнцыю, арганізатары сустрэлі нас з вялікай радасьцю. Яны абвясьцілі пра ўдзел беларусаў, але не атрымалі адказу і ўжо нават хацелі мяняць назву канфэрэнцыі. Мы тады пабачылі, як прадстаўнічыя дэлегацыі прыехалі тады з Расеі і Ўкраіны. Быў запрошаны і прадстаўнік беларускай амбасады, які прамаўляў па-расейску.

Прайшло 10 гадоў і на сёлетнім юбілейным пасяджэньні ніхто зь беларускіх дыпляматаў увогуле не прысутнічаў.

Я запыталася ў дырэктара Бібліятэкі, ці дасылалі яны запрашэньне?"

(Бабка: ) "Мы запрашалі ўсіх, адклікнуўся толькі амбасадар Расеі, акрамя таго быў спадар Маторны, другі сакратар амбасады Ўкраіны".

А беларуская амбасада ўвогуле не адказала?

(Бабка: ) "Не, не".

На жаль, ня больш увагі надзяляюць Славянскай бібліятэцы ў Празе і беларускія навукоўцы і бібліёграфы. Сп. Панізьнік, як думаеце, чаму так адбываецца?

(Панізьнік: ) "І наша лянота, і наша абыякавасьць. Там – гэта тыя нетры, дзе трэба быць кожнаму навукоўцу, дасьледчыку, бо няма поўнай Беларусі без Прагі і Славянскай бібліятэкі.

Вельмі страшна для мяне, што тыя маладыя людзі ва ўзросьце, у якім я тады быў, яны не цікавяцца. не глядзяць туды, бо там наша сонца ўзыходзіць. Відаць, нам трэба ўсё ж ствараць нейкі цэнтар, які прывабліваў і даваў бы магчымасьць прыяжджаць туды. Раней я мог прыехаць у Прагу і спыніцца ў тых сяброў, якіх ужо няма. У Карлавым унівэрсытэце зараз вучацца беларусы, вось каго трэба далучаць. Прафэсара Ірыны Шаблоўскай, якая раней актыўна разьвівала беларука-чэскія сувязі, ня стала, але ёсьць багемісты ў Беларускім унівэрсытэце”.

***

Маё наступнае пытаньне да вядомага беларускага гісторыка з Польшчы, Алены Глагоўскай. Спадарыня Алена, наколькі для вас, як для дасьледчыцы, цікавая Славянская бібліятэка ў Празе, ці давялося там працаваць?

(Глагоўская: ) "На жаль, я ў тую бібліятэку яшчэ не даехала, хаця ведаю, што там ёсьць. Найперш, гэта ўсе беларускія выданьні, якія былі там у міжваенны час, калі ў Празе знаходзілася беларуская эміграцыя. Гэта часопісы, дасьледаваньні тых студэнтаў, якія вучыліся тады ў Карлавым унівэрсытэце, усё гэта там ёсьць. Некалькі гадоў таму ў гэтай бібліятэцы была навуковая канфэрэнцыя і выстава, на якой мне давялося прысутнічаць, было паказана, як шмат там ёсьць беларускіх выданьняў. Напэўна, усё гэта трэба дасьледаваць, бо гэта яшчэ не зроблена.

Я цікаўлюся былымі студэнтамі Карлавага ўнівэрсытэту, асабліва Міколам Ільяшэвічам, які там вучыўся і які выдаў там на чэскай мове сваю дысэртацыю "Беларусь і беларусы". У міжваенны час у Празе была выстава беларускіх выданьняў у Славянскай бібліятэцы, якую курыраваў якраз Мікола Ільяшэвіч. Так што цікаўнасьць ёсьць, каб там працаваць".

Сп. Алена, як Вы лічыце, ці не насьпеў ужо час падрыхтаваць і выдаць поўны сьпіс складу беларускіх фондаў у Славянскай бібліятэцы?

(Глагоўская: ) "Ну, напэўна, перад усім гэта заданьне для тых беларусаў, якія зараз у Празе жывуць. Такую кнігу трэба падрыхтаваць, зрабіць такі бібліяграфічны даведнік".

У завяршэньне нашай перадачы хочацца вярнуцца да тэмы камплектаваньня Славянскай бібліятэкі беларускімі выданьнямі. Вы чулі лічбу, якую назваў дырэктар бібліятэкі – у мінулым годзе паступіла толькі 40 кніг зь Беларусі. Гэтая лічба выклікае ня толькі сум, але прымушае задумацца: хто мог бы быць адказным за фармаваньне беларускага фонду бібліятэкі. Усім вядома, што апошняе дзесяцігодзьдзе беларускі адраджэнскі кнігадрук перажывае час сапраўднага ўздыму. Але колькі з усяго выдадзенага ў Беларусі і на эміграцыі трапляе ў Славянскую бібліятэку? Відаць, што кожнаму беларускаму аўтару ці выдаўцу варта было б клапаціцца пра тое, каб выдадзеныя кнігі, часопісы, газэты траплялі ў Прагу, у Славянскую бібліятэку, дзе яны будуць пэўна захаваныя для гісторыі і нашчадкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG