Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя старонкі гісторыі: радня Якуба Коласа на эміграцыі


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 05.04.2005) Новая перадача сэрыі "Беларусы за мяжою". Удзельнікі: Аляксандр Міцкевіч (ЗША), Надзея Касмовіч (Нямеччына), Мікола Прускі (ЗША), Вітаўт Кіпель (ЗША).

Тыя, каму давялося жыць у былым Савецкім Саюзе, добра памятаюць, як савецкія ўлады жорстка кантралявалі любыя сувязі сваіх грамадзянаў з замежжам. Нават тыя, хто меў блізкую радню ў нейкай іншай краіне, мусіў не толькі абмяжоўваць кантакты з ёю, але ўвогуле замоўчваць такі факт.

Можна сабе ўявіць, як пачувалася слыннаму Якубу Коласу, цэлая галіна роду якога апынулася пасьля вайны ў эміграцыі. Сустрэча з раднёю Якуба Коласа, якая жыве на Захадзе, чакае вас у чарговым выпуску перадачы "Беларусы за мяжою"”.

***

Амаль у кожнай савецкай анкеце быў абавязковы пункт – ці маеце вы радню ў замежжы. Сёньня цяжка сказаць, што адказваў на гэтае пытаньне вялікі беларускі пісьменьнік, але з пэўнасьцю можна сьцьвярджаць, што было гэта для яго вельмі нялёгка.

Ад беларускага грамадзтва факт выезду ў эміграцыю часткі радні Коласа старанна хаваўся. Пра гэта стала вядома толькі тады, калі пачаліся дэмакратычныя перамены. Але сам пісьменьнік не дажыў да гэтага часу.

Праблемы ў Якуба Коласа пачаліся тады, калі падчас вайны стала вядома, што ягоны малодшы брат Міхась далучыўся да беларускага нацыянальнага руху ў акупаванай немцамі Беларусі. Міхась Міцкевіч працаваў у галіне асьветы, быў інспэктарам школаў на Стаўбцоўшчыне.

Перад наступленьнем Чырвонай арміі ён мусіў пакінуць родныя мясьціны, бо добра разумеў, што савецкая ўлада не даруе яму гэтай працы пад акупацыяй.

Міхась Міцкевіч выехаў на Захад. Ён быў адным з тых, хто арганізоўваў беларусаў на выгнаньні, яму ў пэўнай меры належыць заслуга таго, што беларускія ўцекачы былі сабраныя ў лягерах дэпартаваных асобаў і там было наладжана беларускае жыцьцё.

Вось як успамінае пра Міхася Міцкевіча Вітаўт Кіпель з Амэрыкі.

(Кіпель: ) "Міцкевіч на эміграцыі вельмі шмат спрыяў таму, каб лягеры арганізоўваліся. Ён нас прымаў, запісваў. Ён і мяне ў лягер уладкоўваў. Міцкевіч шмат зрабіў у справе арганізацыі Беларускага нацыянальнага камітэта ў 1945 годзе”.

У лягерах дэпартаваных асобаў апынуліся і іншыя родныя Якуба Коласа. Два ягоныя пляменьнікі, сыны роднай сястры Міхаліны – Аляксандр і Валянцін Міцкевічы былі там разам з дзядзькам Міхасём. Сёньня яны абодва жывуць у Нью-Ёрку. Сп. Аляксандр гаворыць, што з ягонай сям’і выехалі толькі яны з братам, было тады Алесю 24 гады.

(Міцкевіч: ) "Бацькі засталіся, брат старэйшы дома застаўся, ён пасьля ў школах працаваў. Валянцін і я – мы ад''ехалі ў Эўропу”.

З бацькамі ўжо не мелі кантактаў?

(Міцкевіч: ) "Не, тады ня меў, хаця часам прыяжджалі з савецкай амбасады, спрабавалі навязваць з намі кантакты, часам мелі нагоду спаткацца зь некім зь Беларусі, яны казалі, што ведаюць пра нас і ведаюць нашу радню дома”.

Не агітавалі вас вяртацца дахаты?

(Міцкевіч: ) "Не, але спрабавалі розным спосабам навязаць кантакты. Аднак эміграцыя была настроеная варожа да іх усіх, і ніхто не збліжаўся зь імі”.

Эміграцыйны лёс чакаў напрыканцы вайны і пляменьніцу Якуба Коласа Надзею Міцкевіч, дачку брата Юзіка, вядомага ўсёй Беларусі, як дзядзька Юзік. Яна таксама пад час акупацыі стала актывісткаю беларускага нацыянальнага руху, сябрам Саюзу беларускай моладзі. Надзея, па мужу Касмовіч, жыве зараз у Заходняй Нямеччыне.

(Касмовіч: ) "Я была ў Нясьвіжы, працавала настаўніцаю, а потым я арганізавала дзяўчатаў, я была кіраўнічкаю моладзі – СБМ. Я ў Нямеччыну, у Шчэцін прывезла 20 дзяўчат і іх потым уладкавалі. А я потым яшчэ працавала з БЦР. З тых нашых, якія засталіся, дык зь іх дзьвюх расстралялі. І брата Мішу расстралялі, было яму 24 гады, ён быў настаўнікам народнай школы".

Спадарыня Надзея, Вы так і не пабачыліся з бацькамі, якія засталіся дома, дарэчы, іх не перасьледвалі ўлады?

(Касмовіч: ) "Не, не бачылася ні разу, паўміралі там, вечная ім памяць. Натуральна, не было ім спакою, неяк мусілі камбінаваць".

Выехала ўлетку 1944 году ў эміграцыю і сям’я Прускіх, таксама з роду Коласа. Іхная дачка Марыя жыве цяпер у амэрыканскім горадзе Дэтройце, а сын Мікола непадалёку – ў горадзе Грэнд Рэпідс.

Сп. Мікола паведаміў, якое мейсца ў Коласавай радні займае іх сям’я.

(Прускі: ) "Так, як гаварыла мая мама, мамін бацька і Коласаў бацька былі родныя браты".

Такім чынам Мікола Прускі – гэта сын стрыечнай сястры пісьменьніка. Ягоную маці звалі Міхаліна, так, як і родную сястру Коласа, а бацька быў – Юры Прускі таксама зь Мікалаеўшчыны, дзе іх сям’я і жыла да выезду на эміграцыю.

Спадар Мікола, як Вы апынуліся на эміграцыі, чаму выехалі?

(Прускі: ) "Мой бацька быў рэпрэсаваны пры савецкай уладзе і заставацца на Бацькаўшчыне ён абсалютна ня мог. Бацька быў лясьнічым, пад час вайны ён быў старастам гміны ў Стоўбцах.

Школа была, я хадзіў, а потым я пачаў хадзіць у настаўніцкую сэмінарыю ў Нясьвіжы.

Выехалі ў 1944 годзе ў Нямеччыну, а зь Нямеччыны я перабраўся ў Амэрыку. Я спачатку выехаў, а празь некалькі месяцаў і бацькі прыехалі".

Як склаўся на чужыне лёс Коласавай радні, ці не страцілі яны сувязь з роднымі беларускімі каранямі, як выявілі сябе на выгнаньні?

Сёньня можна з упэўненасьцю сказаць, што галіна роду Міцкевічаў на эміграцыі выявіла сябе такой жа магутнаю, патрыятычнаю, нацыянальна сьведамаю, як і тая частка роду, якая засталася на Бацькаўшчыне.

(Кіпель: ) "Гэта вельмі моцныя нацыянальныя карані. Гэта наагул вельмі моцны род, як слупы. У нашай сям''і Колас вельмі паважаўся. Якуб Колас паспрыяў майму бацьку, каб бацька кінуў вайсковую службу і пайшоў вучыцца ва ўнівэрсытэт у 20-х гадох. Мой бацька вельмі любіў Коласа. Колас тады шукаў былых чырвонаармейцаў, каб яны ішлі вучыцца.

Коласаўскія гены выяўляліся асабліва ў Міхася Міцкевіча. Я стаў больш зьвязаным зь ім, калі мой сын Юрка стаў падрастаць і ў царкву хадзілі. Міцкевіч там быў старастам, дзяцей выхоўваў, паказваў, як захоўвацца ў царкве. Гэта вельмі салідная асоба”.

Міхась Міцкевіч яшчэ да выезду на эміграцыю быў актыўным беларускім дзеячам. Ён быў дэлегатам Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Менскай гімназіі, перад вайною быў дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне. Для дзяцей эмігрантаў на чужыне ён выпусьціў чатыры беларускія чытанкі.

У ЗША Міхась Міцкевіч стаўся адным з тых, хто закладаў там беларускае грамадзкае жыцьцё. Уваходзіў у склад рэдакцыі газэты “Беларус”, быў актыўным дзеячам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

У Нью-Ёрку яму, высокаадукаванаму чалавеку, давялося зарабляць на жыцьцё фізычнай працай, ён працаваў далакопам на могілках. Заробленыя цяжкай працаю грошы ён большай часткаю ахвяраваў на грамадзкія справы, жыў самотны, ня меў сям’і. Ягонаю сям’ёю былі пляменьнікі – Аляксандр і Валянцін Міцкевіч, па словах Аляксандра, яны жылі разам зь дзядзькам Міхасём.

Аляксандр Міцкевіч таксама стаўся адметнай асобаю сярод беларусаў у Нью-Ёрку.

(Міцкевіч: ) "Быў старшынём аддзелу БАЗА цягам 15 гадоў, і 15 гадоў выдаваў свой бюлетэнь "Весткі і паведамленьні".

Вось як гаворыць пра Аляксандра Міцкевіча Вітаўт Кіпель.

(Кіпель: ) "Міцкевіча я вельмі добра ведаю, з Аляксандрам знаёмы вельмі блізка. Таксама такі цягучы, цягучы беларускі чалавек, такія людзі патрэбныя ў грамадзтве, яны цягнуць шмат чаго на сабе".

Вядомым беларускім дзеячам стаў на эміграцыі і Мікола Прускі. Яму было недзе 22 гады, калі ён выехаў у Амэрыку і там адразу далучыўся да беларускай грамадзкай працы.

(Прускі: ) "Я быў адным з тых, хто закладаў аддзел БАЗА ў Дэтройце".

У Амэрыцы спадар Мікола працаваў у друкарскай справе. Ён лічыў, што сваімі прафэсійнымі навыкамі ён можа быць карысным беларускай справе і пачаў выдаваць часапіс “Беларускі сьвет”.

(Прускі: ) "Выдаваў, выдаваў так, як мог, здаецца 52 нумары выйшла".

А потым Вы сталі выдаваць газэту “Беларускі дайджэст”?

(Прускі: ) "Гэта ўжо тады, калі я пераехаў на працу з Дэтройту ў Грэнд Рэпідс, а пасьля пайшоў на пэнсію, я пачаў выдаваць "Беларускі дайджэст"".

У Грэнд Рэпідсе спадар Мікола ўстанавіў кантакты зь вялікай амэрыканскаю фірмаю, якая аказвае гуманітарную дапамогу па цэлым сьвеце.

(Прускі: ) "Гэта была гуманітарная арганізацыя "Міжнародная дапамога", супрацоўнічаў зь імі недзе 11 гадоў, ці больш. Высылаў кантэйнэры і пасылкі, спачатку ў Польшчу – у Гайнаўку для шпіталю, музэю дапамагаў фінансава”.

Пасьля Чарнобыльскай аварыі спадар Прускі пачаў аказваць дапамогу шпіталям Беларусі, ён адправіў на Бацькаўшчыну шмат кантэйнэраў з лекамі, абсталяваньнем, адзеньнем. Супрацоўнічаў у гэтай справе з унучкаю Якуба Коласа Марыяю Міцкевіч, якая ўзначальвае Фонд “Сакавік”. У гэтым тандэме яны зрабілі шмат добрага для дзяцей Беларусі, пацярпелых ад Чарнобылю.

Зараз спадар Мікола займаецца ўжо толькі выданьнем “Беларускага дайджэста”. Разам з жонкаю Вераю, беларускай зь Беласточчыны, яны выгадавалі дзьвюх дачок – Ганну і Сафію. Сястра спадара Міколы, Марыя, якая жыве ў Дэтройце, выхавала шэсьць дзяцей. Так што род Міцкевічаў у Амэрыцы працягваецца.

Працягваецца ён і ў Нямеччыне, дзе жыве Надзея Касмовіч, яна мае сына Юрку і дачку Раісу.

(Касмовіч: ) "Юрка – доктар, ягоная жонка таксама доктар, каля Гамбургу жывуць, за тысячу кілямэтраў амаль, ня бачу іх часта. Двух унукаў маю – Мішку і Андрэя. Андрэй ужо студэнт, а Мішка цяпер на вайсковай службе. Раіса працуе ў адной вялізнай фірме, якая вырабляе машыны, яна добра мовы ведае".

Лёс Надзеі Касмовіч на чужыне склаўся даволі адметна. Пасьля прыезду ў Нямеччыну ў хуткім часе яна пазнаёмілася зь вядомым беларускім вайсковым і палітычным дзеячам Зьмітром Касмовічам. У тым жа 1944 годзе яны ўзялі шлюб.

Калі беларускія ўцекачы пачалі масава выяжджаць зь Нямеччыны ў іншыя краіны, Касмовічы не скарысталі гэтую магчымасьць і амаль што адныя зь беларусаў засталіся ў Заходняй Нямеччыне. Горад Штутгарт стаў мейсцам іхнага сталага жыхарства.

Сп. Надзея, чаму вы тады не паехалі ў Амэрыку, як бальшыня, не пабаяліся застацца ў Нямеччыне?

(Касмовіч: ) "Таму што Дзіма меў працу тут, ён усё вёў у Эўропе".

Дзьмітры Касмовіч усё сваё жыцьцё на чужыне прысьвяціў грамадзкай працы. Ён займаўся справамі БЦР, арганізаваў у 1954 годзе Беларускі вызвольны фронт і быў ягоным прадстаўніком у Антыбальшавіцкім блёку народаў і Сусьветнай Антыкамуністычнай Лізе.

(Касмовіч: ) "Ён жа быў ва ўсіх арганізацыях супроцькамуністычных. Беларускі вызвольны фронт вёў. Ніколі не меў вольнага часу гэты чалавек. Ведаеце, што гэта значыць заўсёды пад пагрозаю жыць, што цябе хочуць забіць. Бог яго, мабыць, ахоўваў, ён быў веруючым чалавекам.

Мы тут у Нямеччыне ўсё хавалі, калі былі малыя, дык я мусіла пільнаваць дзяцей, каб не выкралі. Якое гэта было жыцьцё, было вельмі напружанае, але Дзіма ўсё роўна працаваў супроць іх. Савецкіх шпіёнаў усюды было поўна. Яны бясконца дасылалі сваіх агентаў, мы нават мелі спэцыяльную ахову".

Зьмітра Касмовіча ня стала ў 1991 годзе, ён не дажыў некалькі месяцаў да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.

(Касмовіч: ) "Ён рабіў, ён рабіў за ўсіх. Маю спачуваньні з цэлага сьвету, калі памёр, дык з цэлага сьвету пісалі – і японцы, і кітайцы, і з Фармозы (Тайвань Г.С.), адкуль толькі не было”.

Сп. Надзея кожную вясну высаджвае на магілцы мужа бел-чырвона-белыя кветкі.

(Касмовіч: ) "Перажалі, дык не дай, Божа. І ўсё на лепшае спадзяваліся. Але, дзякуй Богу, я не магу наракаць, неяк Бог яшчэ нам дапамагаў і захаваў нас. Як я толькі ў гэта паглыбляюся, дык у мяне ўся чыста карціна жыцьця паўстае перада вачыма. Зрабілі тое, што маглі, і гэта было вельмі многае. Небясьпека заўсёды была над галавою, цяпер хаця ўжо гэтага няма і стала лягчэй".

Аднак сп. Надзея ня мае ўсё ж поўнага спакою ў душы, бо ведае, што адбываецца на Бацькаўшчыне цяпер.

(Касмовіч: ) "Паглядзіце, украінцы, малайцы. Бачыце, што зрабілі, а нашыя ня могуць, а нашыя беларусы ўсё-ткі, відаць, яшчэ не дарасьлі. Гэтыя думкі можа і няправільныя, але іх ня можаш пазбавіцца, не магу. Я стараюся ня думаць, але мяне нешта змушае бясконца".

Гэты непакой за лёс Бацькаўшчыны, гэтая адданасьць сваім караням, беларускай справе лучыць увесь род Міцкевічаў, які даў Беларусі ня толькі Якуба Коласа, але і цэлую плеяду выбітных дзеячаў.
XS
SM
MD
LG