Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зялёная рэвалюцыя ў Беларусі


Сьвятлана Курс, Менск За два тры-гады ў Беларусі зьдзейсьнілася ціхая зялёная рэвалюцыя. Людзі перастаюць глядзець на сваю дзялку, як на грады, дзе вырошчваецца бульба, гуркі, памідоры й капуста. Сёньня барацьба за ўраджай зьмяняецца на прагу эстэтычнага атачэньня. Праца на зямлі робіцца прыгожым хобі, а прысядзібныя дзялкі – аб’ектам творчай радасьці. Гэтую думку выказваюць беларускія расьлінаводы, садаводы дачнікі й дызайнэры ў матэрыяле нашай карэспандэнткі.

Пахадзіўшы па спэцыялізаваных выставах, кніжных крамах, пагаварыўшы зь людзьмі, можна зрабіць выснову: зялёнае будаўніцтва авалодала розумам і пачуцьцямі. З гэтым пагаджаецца Сьвятлана Глазкова, адна з актывістаў Клюбу расьлінаводаў, які налічвае некалькі сотняў сяброў.

(Сьвятлана: ) "У Эўропе культ садаводзтва быў заўжды. Але апошнія некалькі гадоў Эўропу ахапіў сапраўдны бум. Зялёная тэма зьмяніла стаўленьне людзей і да сябе, і да эканомікі. Пэры Барлоў у сваёй кнізе “Cybernomics. Toward a Theory of Information Economy” піша: “У постіндустрыяльнай краіне квітнее той, хто капіюе біялягічнае ўладкаваньне жыцьця”. Той, хто не прытрымлівае інфармацыю, а перадае яе, не застывае ў абранай форме, а пастаянна зьмяняецца – як дрэва, кветкі, травы".

Прастора буйных гарадоў высілкамі дзяржавы прыгажэе, але прысядзібныя тэрыторыі пакуль адрозьніваюцца ад эўрапейскіх. Аднак попыт на паслугі ляндшафтных дызайнэраў расьце хуткімі тэмпамі. Гаворыць Тацяна Палуянава, прыватны дызайнэр:

(Палуянава: ) "Людзі хочуць рабіць вакол сябе прыгожа, арганізоўваць уласную прастору. На гэта яны ахвяруюць сродкі й час".

(Карэспандэнтка: ) "Што вы раіце небагатым людзям, якія хочуць арганізаваць гэтую прастору на сваёй дзялцы?"

(Палуянава: ) "Лугавыя або маўрытанскія газоны – лугавое разнатраўе паверх якога – пялёсткі маку, эшольцыі, дэльфініюму, белыя стакроткі. Сумесь можна купіць у спэцыялізаванай краме. Цяпер нават гатовыя клюмбы прадаюцца – расьсьцілаеш дзірван з насеньнем, як коўдру. Такая клюмба танная і цьвіце ўвесь сэзон".

Раіць ляндшафтны дызайнэр Алена Рабушка:

(Рабушка: ) "Газон сумесі з лугавымі кветачкамі. Яго ня трэба касіць, за ім меншы догляд".

У менскіх крамах я нагледзелася на такія цуды, пра якія раней не даводзілася і марыць – гатовыя дзірваны для газонаў, гатовыя клюмбы. Ёсьць сумесі кветкавага насеньня, кінуўшы якое на ральлю, гультаяваты расьлінавод атрымоўвае расьлінную сымфонію на сэзон ад сакавіка да сьнежня – ад першых крокусаў да апошніх зімовых ружаў. У цяні цудоўна цьвіце царская фіялка, а сонечных месцах – чабор. За 300-600 даляраў той жа гультаяваты аматар можа набыць садовы пыласмок-здрабняльнік, які вычысьціць сад і гарод ня горш, чым хатні кілім.

Як будзе разгортвацца далей зялёная рэвалюцыя? Расьлінаводы-прыватнікі наладзілі спраўную сетку рассылкі гатунковага насеннага матэрыялу – праз часопісы “Гаспадар” і “Гаспадыня”, праз прыватныя каталёгі і інтэрнэт-сайты. Дарэчы, толькі ў Менску больш за два дзясяткі расьлінаводных крамаў, якія прапаноўваюць некалькі тысячаў гатункаў расьлінаў і, да прыкладу, больш за 40 відаў грунтоў. На чарзе – стварэньне сеткі гадавальнікаў пасадкавага матэрыялу.

Дызайнэрка Мая Косьціна вырошчвае на продаж шматгадовыя расьліны для альпійскіх горак.

(Косьціна: ) "Усё не зьясі. Чалавеку патрэбна ня толькі ежа, а і прыгажосьць. Хто чым захапляецца: хто сэрыялы глядзіць, хто гарэлку п’е, хто памаду калекцыянуе. Лічу, маё захапленьне – найлепшае. Люблю ружы, у мяне прыстойная калекцыя клематысаў, люблю званочкі, лілеі".

Ляндшафтны дызайнэр Алена Рабушка мае сваю фірму.

(Карэспандэнтка: ) "Як разьвіваецца рынак ляндшафтнага дызайну?"

(Рабушка: ) "Слабавата ў параўнаньні з Масквою. Асноўная прычына – людзі яшчэ будуюць свае дамы і катэджы і ня хочуць гэта афармляць адначасна. Хаця, паводле правілаў, гэта трэба адначасна рабіць. І другая прычына – грошы. Але пачынаецца гэта патроху. Летась у мяне пачалі замаўляць праекцікі некаторыя на лецішчах. Пачалі трохі людзі разумець, што агуркі-памідоры нявыгадна вырошчваць".

На пытаньне пра кошты на свае паслугі спадарыня Рабушка адказала:

(Рабушка: ) "Нашы даступныя ўсім. Каму трэба таньней, мы прапануем расьліны больш танныя. Каму даражэй – таму хвойныя: туі, самшыты. Каму тры елачкі, каму японскі садок".

Мая Косьціна кажа, што якасьць насеньня на беларускім рынку садаводзтва ня надта высокая. У асноўным тавары для садаводзтва завозяцца з Польшчы.

(Косьціна: ) "Узыходзяць дрэнна, або якасьць не адпавядае заяўленай. Купляю польскі матэрыял – ружы, іншыя расьліны. Часта гатункі не адпаведныя – ружовая ружа можа апынуцца не ружовай. Крамы напоўненыя чужой прадукцыяй, а нашыя цяплічныя гаспадаркі, што вырошчвалі ружы, развальваюцца. Калі ў нас цяплічныя камбінаты раней вырошчвалі саджанцы ружаў, ці варта прывозіць іх з Польшчы? Дзяржаўны падыход павінны быць. Тое, што ўвозіцца з Польшчы, павінна абкладацца падаткам".

Алена Рабушка лічыць, што якаснага пасадкавага матэрыялу ў краіне дастаткова, але ён кансэрватыўны.

(Рабушка: ) "Увогуле дастаткова. Цяпер і дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы пачалі вырошчваць, ня толькі прыватныя. А прыватных дык увогуле шмат – варта схадзіць на выставы. Шмат хто нават скардзіцца, што нават не рэалізуецца. Адзінае – мала навінак".

Ад дызайнэраў я даведалася, што цяплічныя гаспадаркі, якія раней вырошчвалі самшыт і ружы, цяпер гэтым не займаюцца – нерэнтабэльна. Нашмат лепей з гэтым спраўляюцца прыватнікі, якія імгненна арыентуюцца на зьмену попыту.

Ёсьць праблемы пакуль і зь якасьцю ляндшафтных дызайнэраў. Спэцыялісты, якіх выпускаюць біялягічныя факультэты ВНУ, едуць у Маскву, дзе шмат багатых людзей замаўляюць дзіва-сады. У Беларусі часта застаюцца дызайнэры, якія скончылі дыстанцыйныя ці кароткія курсы.

Мая Косьціна абураецца:

(Косьціна: ) "Скончыў месячныя курсы, і ён ужо дызайнэр. А зарабляюць яны вельмі добра".

Многія садаводы скардзяцца і на кансэрватызм грамадзтва.

(Косьціна: ) "На мяне глядзяць суседзі як на ненармальную. Кажуць: "Магла б столькі буракоў пасадзіць, а ты засадзіла ўсё кветкамі. А адна жанчына, ёй семдзесят з гакам, кажа: "У мяне цьвілі азіяцкія лілеі. І вось жанчыны праходзілі ўзбоч на электрычку і сказалі: "Ну, баба, увесь агарод зас..ла".

Прычыну гэткай зьявы спадарыня Косьціна бачыць у п''янстве.

(Косьціна: ) "Магчыма, таму, што ў нас, на жаль, вельмі ж квітнее п''янства. У нас ня лецішча, а дом у вёсцы, і бачыш, што нават жанчыны п''юць па-страшнаму".

Сапраўды, узбоч ад зялёнага будаўніцтва застаюцца дачнікі-пэнсіянэры і сяляне, для якіх грады – сродак выжыць зімою. Аднак і тут нешта зьмяняецца. Пакупнікі насеньня на Камароўскім кірмашы гаварылі, што імкнуцца купляць гатунковае насеньне і больш схіляюцца да кветак.

(Галасы: ) "Мне патрэбная цыбуля “Red Baron” салодкая. У бабулек я насеньне не купляю, яно нядобрае".

"Трэба цыбулі купіць. А што я магу яшчэ купіць?"

"Бяру капусту, моркаўку, буракі, агуркі, астры. Лепей купляць тут, чым у бабулек".

"І я астрачку купіла. А так у мяне ўсё-ўсё ёсьць. І не бяру ў гэтых бабак. У бабак купіш адно – травы!"

"Свае кветачкі прадаю. Ой, міленькая мая, няма дзе іх і садзіць, а люблю. Сяджу, гляджу любуюся, дык насеньне сабрала. Хай людзі пасеюць. На, любенькая, на – я табе дарам дам, не выкідваць жа іх".

Гутару з Таісай Хрысанфаўнай, вясковай настаўніцай – пэнсіянэркай.

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, у вёсках людзі арыентуюцца на вырошчваньне гародніны, альбо дбаюць і пра прыгажосьць?"

(Таіса Хрысанфаўна: ) "Я сама праз каталёгі выпісваю глядыёлюсы, ружы, стакроткі, туліпаны, і мы абменьваемся з каляжанкамі гэтымі кветкамі. Ведаеце, бяз бульбы, буракоў і морквы мы ня выжывем, але і бяз кветак выжыць немагчыма. Хочацца, каб хораша было".

Па вёсках відаць, што грошай у людзей не стае: расада накрытая дзіравымі вёдрамі, платы старыя й пахілыя, хляўкі зьлепленыя са старых дошак і цэляфану. А вось кветак паболела, і вінаград вырошчваецца. І пэрсікі. І тапінамбур, і фарзыцыя, і канваліі.

Неабходнае паступова саступае прыгожаму. Як сказала Тацяна Палуянава, “не такія ўжо беларусы матэрыялісты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG