Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ні БТ, ні Лад, ні СТБ, ні АНТ не павіншавалі Барыса Кіта зь юбілеем! Так нядаўна паступілі і з народным паэтам Рыгорам Барадуліным"


RFE/RL Водгукі слухачоў – 8 красавіка 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Паважаная Свабода! Ці задумваліся вы пра тое, чаму дзяржаўныя СМІ, у іхняй асобе нашая ўлада, замоўчваюць пра суды над арганізатарамі ўдзельнікаў мітынгаў і шэсьцяў, а таксама тых астранамічных сумаў штрафаў, напрыклад, за выступ на мітынгу?

Думаю, што ўлада дзейнічае такім чынам, як бы наносячы кропачныя ўдары, каб запужаць і вывесьці з барацьбы канкрэтных асобаў і апазыцыю, каб у той жа час ня выклікаць хвалю абурэньня большасьці сваіх суайчыньнікаў. Бо вашае радыё слухае малая колькасьць людзей…”

(Пэнсіянэр, г. Менск: ) “Добрай раніцы, Свабода! Прачытаў артыкул “Нашему славному земляку Борису Киту исполнилось 95 лет”. Уключыў тэлевізар – ні БТ, ні Лад, ні СТБ, ні АНТ не павіншавалі Барыса Кіта зь юбілеем! Так нядаўна паступілі і з народным паэтам Рыгорам Барадуліным. Пайшоў да суседа, яго прымусілі падпісацца на “Савецкую Беларусь”, – і там ні слова.

Панове-таварышы, галоўныя рэдактары “Савецкай Беларусі”! Як вам ня сорамна! Наш зямляк з такім міравым імем, які зрабіў шмат адкрыцьцяў для ракетаў, а вы прамаўчалі.

Мы, простыя беларусы, віншуем вас, Барыс Кіт, зь юбілеем, жадаем вам крэпкага здароўя, доўгіх гадоў жыцьця! Ганарымся Вамі! Вашае прозьвішча адпавядае вашым адкрыцьцям. Вы сапраўды Кіт ад навукі.

Цяпер у нас такая вось сыстэма, затое цяпер у нас кожны рабочы, дворнік ці прыбіральшчыца будзе прымаць прысягу перад паступленьнем на працу. Вось да чаго дажылі, што далей ужо няма куды”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, Радыё Свабода! Пачуў у ранішняй перадачы пра галадоўнікаў з Ваўкавыску, што яны ўжываюць мінэральную ваду. Гэта добра, што яны яе ўжываюць, толькі нельга ні ў ніякім разе ўжываць мінэральную ваду з газам, гэта вельмі шкодна для арганізма. Калі ў вас ёсьць сувязь, перадайце, што гэтага нельга рабіць”.

(Спадарыня: ) “Дзень добры! Сем дарог духа сьвятога: мудрасьць, розум, парада, мужнасьць, умеласьць, пабожнасьць, богабаязнасьць. Не шукалі ў гэтых дарах Духа Сьвятога хвалу Божаю і ўласную сьвятасьць, калі не дапускалі прыезд Папы Яна Паўла ІІ на Беларусь. І гэта ў цывілізаваных людзей у цяперашнія дні смутак, жалоба, а з радыёстанцыі Свабода напрыканцы перадачы – музыка”.

(Аляксандар Галін, Менск: ) “Папа Рымскі Ян Павал ІІ і яго празеліты ставілі сабе ў заслугу барацьбу з камунізмам. Павал ІІ ня быў выключэньнем сярод сваіх папярэднікаў. Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс у маніфэсьце камуністычнай партыі пісалі, што ў першых радах барцоў супраць камуністаў крочыў Папа Рымскі.

Міхаіл Гарбачоў пасьля сваёй адстаўкі наведаў храм у Ізраілі і сказаў: “Ісус Хрыстос быў першым і апошнім камуністам на зямлі”. Гарбачоў сказаў палову праўды. Так, Ісус Хрыстос быў першым камуністам на зямлі, але не апошнім.

Першапачаткова хрысьціянства – гэта камуністычны рух прыгнечанага рымскімі імпэратарамі габрэйства. Калі ж рымскія імпэратары хрысьціянства зрабілі дзяржаўнай рэлігіяй, яно страціла свой першапачатковы сэнс як камуністычны рух, і ператварылася ў служку-марыянэтку пануючых уладаў. Папы рымскія на ўсей гісторыі каталіцызму выступалі апалягетамі прыгняценьня працоўнага народу, яны цалкам адмовіліся ад першапачатковай сутнасьці хрысьціянства, ад камунізму. Папа Павал ІІ ня стаў выключэньнем, ён такі самы рэнэгат першапачатковага хрысьціянства, якімі сталі рэнэгаты камунізму Сталін, Брэжнеў, Гарбачоў, Ельцын, Машэраў і г.д.”

(Спадар: ) “Да пытаньня юбілею перамогі. Палітычныя гульні Масквы ў 1939 годзе прывялі тагачасны Савецкі Саюз да вайны зь Фінляндыяй і Нямеччынай у 1941 годзе. На галовы людзей у Беларусі пасыпаліся бомбы. І сёньня Лукашэнка ператварае Беларусь у аэрадром, у лётнішча падскоку супраць краінаў Эўропы дзеля цяжкіх бамбавозаў з Расеі. Нэўтральную Беларусь ператвараюць у мішэнь “ответного удара”, у поле бою новай сусьветнай вайны. Народу зноў гатуюць пастку. Вайсковыя базы Расеі на Беларусі павінны быць ліквідаваны!”

(Слухач: ) “Да юбілею перамогі. Сталін і Гітлер, камуністы і фашысты навязалі народам сваіх краінаў вайну. Увесь час бальшавікі гатавалі захоп улады ў краінах Эўропы, марылі аб міравой рэвалюцыі; грамадзкасьць Савецкага Саюзу настройвалі на ваяўнічасьць, на агрэсіўнасьць супраць Эўропы, стваралі атмасфэру варожасьці да народаў суседніх краінаў. Маякоўскі заклікаў у вершах: “Крепи на горле у мира пролетариата пальцы…”. Ленін, Пруднік, Гамарнік заклікалі да сусьветнага панаваньня маскоўскага бальшавізму. Усё гэта было, і замоўчваць ня трэба! Савецкі Саюз ня быў мірнай ахвярай нямецкага нападу. Варта паслухаць, узгадаць тыя ваяўнічыя песьні, якія пела краіна: “Когда суровый час войны настанет, пойдут машины в яростный поход…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG