Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі прынц Чарлз узяў шлюб з Камілай Паркер-Боўлз


Ганна Соусь, Прага 9 красавіка ў Віндзары адбылося вясельле прынца Ўэльскага і Камілы Паркер-Боўлз. Некалі каханая і каханка, потым сталая спадарожніца спадчыннага прынца стала ягонай жонкай і атрымала тытул герцагіні Карнуольскай.

Сёньня ў Віндзары людзі віталі вясельны картэж Чарлза і Камілы. На кароткай грамадзянскай цырымоніі ў мясцовай ратушы прысутнічалі ўсе прадстаўнікі каралеўскай сям’і, акрамя каралевы Элізабэт ІІ і герцага Эдынбурскага. Аднак яны наведалі царкоўную службу ў капліцы сьвятога Георга ў Віндзарскім палацы.

У часе службы маладыя атрымалі бласлаўленьне англіканскай царквы ад архіяпіскапа Кантэрбэрыйскага Рована Ўільямса. Пасьля адбыўся прыём на 800 асобаў у Віндзарскім палацы.

Гасьцямі цырымоніі былі прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр і прадстаўнікі некалькіх каралеўскіх дамоў. У Віндзарскі палац даставілі тысячы кветак. Каралеўскія флярысты выкарысталі для ўпрыгожваньня жоўтыя веснавыя нарцысы, ружовыя і крэмавыя лілеі, камэліі, гартэнзіі, ружы. У Віндзары паліцыя зрабіла ўзмоцненыя захады бясьпекі.

У часе падрыхтоўкі да вясельля ўзьніклі праблемы, спачатку з дазволам на шлюб. Высьветлілася, што калі б Чарлз і Каміла ўзялі шлюб у капліцы Віндзарскага палацу, то тады там на працягу трох гадоў маглі б рэгістраваць шлюбы ўсім ахвочым. У выніку цырымонія вясельля была перанесеная ў ратушу. Тады каралева заявіла, што ня будзе прысутнічаць на грамадзянскай цырымоніі, і шмат хто палічыў гэтае рашэньне выклікам. Потым памёр папа рымскі, і дату вясельля прыйшлося перанесьці. У апошні тыдзень бульварная прэса напісала пра нібыта закладзеную бомбу ў Віндзарскім палацы. Што да сувэнірных крамаў, то ім перанос даты вясельля прынёс толькі дадатковыя прыбыткі.

Першы шлюб прынца Ўэльскага з прынцэсай Дыянай многія брытанцы называюць казкай без шчасьлівага канца. Чарлз і Дыяна разышліся ў 1996 годзе, і Дыяна абвінавачвала ў разводзе менавіта Камілу Паркер-Боўлз. У 1997-м Дыяна загінула ў аўтакатастрофе, і брытанскае грамадзтва доўгі час даволі варожа ставілася да Камілы. Але ў апошнія гады адносіны да яе пачалі памалу паляпшацца. Гаворыць аналітык зь Лёндану Брус Андэрсан:

(Андэрсан: ) "Каміла Паркер-Боўлз – добры чалавек. Мне вядома, што тыя, хто ведае яе добра, кажуць, што яна сапраўды выключна прывабная, ураўнаважаная, разумная, чароўная і дасьціпная жанчына. І калі ёй крыху пашанцуе, то брытанцы гэта пабачаць”.

Аднак Брус Андэрсан дадае, што брытанцам спатрэбіцца час, каб пераадолець свае забабоны што да герцагіні Карнуольскай, як цяпер называюць Камілу.
XS
SM
MD
LG