Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі абласных арганізацый дэмпартыяў сустрэліся ў Менску


Альгерд Невяроўскі, Менск 9 красавіка Менску прайшоў сход кіраўнікоў абласных арганізацыяў партыяў, якія ўваходзяць у стала дзеючую нараду дэмакратычных сілаў, а таксама прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Прычынай сходу стала незадаволенасьць часткі ўдзельнікаў нарады парадкам правядзеньня рэгіянальных канфэрэнцыяў дэмакратычных сілаў.

Спрэчкі й непаразуменьне сярод прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі выявіліся пасьля правядзеньня ў мінулую нядзелю ў Гомелі першай рэгіянальнай канфэрэнцыі. У ходзе галасаваньня ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства большасьць галасоў набраў прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты Аляксандар Мілінкевіч, вылучаны “зялёнымі” і падтрыманы партыяй БНФ. Лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Партыі камуністаў Сяргей Калякін занялі ў гэтым галасаваньні 2 і 3 месцы. Частка ўдзельнікаў канфэрэнцыі ўспрыняла вынікі гэтага галасаваньня як аказаньне даверу Аляксандру Мілінкевічу, які, на іх думку, і павінен быць адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў.

Прадстаўнікі ж АГП і ПКБ лічаць, што рэгіянальныя канфэрэнцыі ёсьць мерапрыемствамі, на якіх грамадзкасьці павінны былі быць прадэманстраваныя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Адзінага кандыдата павінен абраць толькі Кангрэс дэмакратычных сілаў. Анатоль Лябедзька нават назваў вынікі гомельскай канфэрэнцыі прыкладам “кіраванай дэмакратыі”. Каб удакладніць парадак правядзеньня канфэрэнцыяў і зацьвердзіць дату ды мейсца правядзеньня Кангрэсу і была 9 красавіка скліканая нарада.

Ёй папярэднічаў Сойм партыі БНФ, на якім гаварылася, што такія непаразуменьні могуць прывесьці да зрыву рэгіянальных канфэрэнцыяў (сьцьвярджалася нават, што спадар Лябедзька наклаў сваё вета на правядзеньне Віцебскай канфэрэнцыі, якая мелася адбыцца заўтра), і нават да расколу кааліцыі. Гаворыць лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Мы хацелі б, каб добрая воля да зьберажэньня кааліцыі, да дзейнасьці паводле зацьверджанага парадку кіравала ўсімі намі, усімі партнэрамі кааліцыі без выключэньня".

А вось, што сказаў перад пачаткам нарады старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Пакуль вялікіх праблем на сёньняшні дзень не існуе, а паразмаўляць трэба. Адзіна што парушылася крыху пазытыўная дынаміка, якая наглядалася, яна ўвесь час была ўгару. Калі ў нас ёсьць дамоўленасьці, мы іх павінны трымацца".

У выніку дыскусіяў у часе нарады было прынятае рашэньне не дапускаць крытычнай рэакцыі на вынікі той ці іншай рэгіянальнай канфэрэнцыі, якія павінны прайсьці да 10 траўня. Прэтэндэнтам забаронена накладаць вета на іх правядзеньне. Дату і месца правядзеньня Кангрэсу дэмсілаў вызначаць рэгіянальныя канфэрэнцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG