Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26-ы дзень галадае у Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч


Сяргей Астраўцоў, Горадня 9 красавіка – 26-ы дзень галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Галадоўнікаў стала на аднаго меней, учора хуткая дапамога забрала жанчыну, дыспэтчара таксі, у якой выявілі даволі сур’ёзнае захворваньне.

У сьпісах галадоўнікаў застаюцца 38 чалавек, але ня выключана, што ў панядзелак два ўдзельнікі савецка-аўганскай вайны з увагі на стан здароўя спыняць акцыю пратэсту. Мікалай Аўтуховіч, які не прымае ежу больш за іншых, сёньня збольшага ляжаў на канапе, каб ашчаджаць сілы. Што датычыць іншых кіроўцаў, дык частка зь іх знаходзіліся ў досыць невялікім памяшканьні ў офісе прадпрымальніка, іншыя былі ў сябе дома.

9 красавіка ў Ваўкавыску на дзьвярах крамаў, устаноў разьвешаны абвесткі з паведамленьнем, што ў аўторак у горад прыедзе і будзе праводзіць у выканкаме прыём грамадзянаў намесьнік міністра падаткаў і збораў Каменка. Мікалай Аўтуховіч і кіраўнік фірмы “Ніка-транс” Юры Лявонаў таксама зьбіраюцца са сваёй праблемай зьвярнуцца да намесьніка міністра.

Рэч у тым, што ініцыятарам штрафных санкцыяў супраць прадпрымальніка і фірмы была якраз інспэкцыя міністэрства падаткаў і збораў. Гэтае рашэньне потым зацьвердзіў Вышэйшы гаспадарчы суд. Спадары Аўтуховіч і Лявонаў падалі скаргу ў суд адносна гэтага рашэньня. І вось на час разгляду скаргі дзеяньне штрафных санкцыяў у дачыненьні да Мікалая Аўтуховіча прыпынена, але гэта не азначае, што яны будуць канчаткова скасаваныя.

Аднак галадоўнікі чакаюць менавіта пэўных рашэньняў. Трэба сказаць, што спадар Аўтуховіч змагаецца за скасаваньне штрафных санкцыяў і адносна сябе, і адносна прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Ніка-транс”. Яго дырэктарам працуе Юры Лявонаў, а заснавальнікам зьяўляецца жонка прадпрымальніка, Алена Аўтуховіч.

Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, якой выстаўлены штраф на 1 мільярд 813 мільёнаў і 529 тысяч рублёў. Улады лічаць, што прадпрыемства аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісаная дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і з пачатку году не працуюць сем яе грузавікоў.
XS
SM
MD
LG