Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Павал ІІ і РПЦ: ці зьдзейсьніцца мара папы пра аб''яднаньне хрысьцян?


Ганна Соусь, Прага Вялікай марай папы рымскага Яна Паўла ІІ асабліва ў апошнія гады было аб’яднаньне ўсіх разьдзеленых хрысьціянскіх цэркваў. Як першы папа-славянін Ян Павал Другі найперш быў зацікаўлены ў аб’яднаньні з праваслаўнымі ўсходнімі цэрквамі, якія разьдзяліліся з рымскім каталіцызмам ў 1054 годзе.

Нягледзячы на паляпшэньне стасункаў паміж каталіцызмам і праваслаўем, Расейская праваслаўная царква (РПЦ) так і не дазволіла папу наведаць Расею, аб чым ён марыў. Дагэтуль стасункі паміж Рымам і расейскім праваслаўем застаюцца напружанымі. І некаторыя аналітыкі асьцерагаюцца, што разам са сьмерцю папы будуць пахаваныя і ягоныя надзеі на аб’яднаньне ўсіх хрысьціян.

“Праблема, сьвяты айцец, палягае ў Вас”. Гэтак сказаў у 1982 годзе ў Рыме адзін з кіраўнікоў грэцкай праваслаўнай царквы. Гэта тычылася непрыняцьця праваслаўнымі пастулята аб першынстве Рыму і папскай ўлады. У адрозьненьні ад усіх папярэдніх папаў, славянін Ян Павал ІІ няспынна працаваў дзеля аб’яднаньня каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.

"Першынство Рыма – безумоўна ёсьць ключавой праблемай. Гэтак лічыць Рамана Скальфі, італьянскі сьвятар, які на працягу амаль 50 гадоў спрабаваў аб’яднаць каталікоў і праваслаўных.

(Скальфі: ) "Аднак папа сказаў, што ён хацеў весьці перамовы, што да таго, якім чынам было дасягнутае гэтае першынство. Ня так шмат было аргумэнтаў супраць першынства Рыма, і таму праваслаўная царква ўжо прызнае сябе першымі сярод роўных. У рэшце яшчэ перад расколам у 1054 годзе першынство папы рымскага было ў большай ці меншай ступені прызнана, нават на Ўсходзе”.

Ян Павал ІІ у 1995 годзе заявіў аб сваёй мэце – адзінстве ўсіх хрысьціян. Але нягледзячы на супрацоўніцтва зь некаторымі праваслаўнымі лідэрамі, напрыклад з Патрыярхам Барталамеем Канстанцінопальскім, пантыфік увесь час сутыкаўся зь недаверам і падазрэньнямі з боку ўсходніх праваслаўных цэркваў.

Кіраўнік Расейскай Праваслаўнай царквы патрыярх Алексій неаднаразова адмаўляўся ад сустрэчы з папам і не дазваляў яму наведаць Расею. Алексій не прыехаў і на пахаваньне пантыфіка, ён накіраваў замест сябе трох прадстаўнікоў на часе зь мітрапалітам Кірылам – кіраўніком аддзелу замежных стасункаў маскоўскага патрыярхату.

Ва Ўкраіне каля 5 мільёнаў гэтак званых грэцкіх каталікоў ці ўніятаў, яны ладзяць праваслаўныя абрады і прызнаюць сваім кіраўніком папу рымскага. І праваслаўныя лідэры занепакоеныя, што праз мадэль уніяцкай царквы Рым падпарадкуе ўкраінскія праваслаўныя цэрквы Ватыкану. У часе гістарычнага візыту ў заходнюю Ўкраіну ў 2001 годзе Ян Павал ІІ зьвярнуўшыся да ўніятаў, згадаў пра лёс мітрапаліта Сьліпога, які 17 гадоў правёў у савецкім ГУЛАГу.

(Ян Павал ІІ: ) "Гэтая Галіцкая зямля, якая бачыла росквіт украінскай грэка-каталіцкай царквы, як гаварыў незабыўны мітрапаліт Ёзэф Сліпый, была пакрытая горамі трупаў і крывавымі рэкамі."

У Расеі і ва Ўкраіне разьдзел паміж каталікамі і праваслаўнымі палягае і ў палітычнай сфэры. Расейская праваслаўная царква настойліва падтрымлівала кандыдатуру прамаскоўскага кандыдата Віктара Януковіча на прэзыдэнцкіх выбарах. У той час, як празаходняга палітыка Віктара Юшчанку моцна падтрымлівалі украінскія каталікі й уніяты. У Беларусі, якую, як і Расею, папа рымскі так і не наведаў, прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка моцна падтрымлівае Расейскую праваслаўную царкву, называючы праваслаўе галоўнай рэлігіяй у краіне.

У часе свайго пантыфікату Ян Павал ІІ наведаў шмат гэтак званых праваслаўных краінаў – Грэцыю, Баўгарыю, Румынію, Грузію і Ўкраіну. Папа рымскі марыў аб адзінстве хрысьціянскіх цэркваў. Але тое, чаго ён дасягнуў, было дыялёгам, і гэты дыялёг толькі пачаўся.
XS
SM
MD
LG