Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cтудэнты ЭГУ часова вярнуліся ў Менск


Севярын Квяткоўскі, Менск Вяртаньне адбылося на адзін тыдзень у рамках праграмы “Трывіюм”. 9 красавіка скончыўся першы тур дасьледаваньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі студэнтамі зьліквідаванага ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, а таксама Бэрлінскага вольнага ўнівэрсытэту.

Палітолягі, сацыёлягі і гісторыкі праекту “Трывіюм” вучацца ў шэрагу краінаў. У Бэрлінскім вольным унівэрсытэце — немцы і палякі. А студэнты колішняга ЭГУ раскіданыя па Расеі, Літве, Польшчы, Нямеччыне, Францыі ды іншых краінах. ЭГУ быў закрыты летась беларускімі ўладамі. Многія эўрапейскія ўнівэрсытэты прызналі ліквідацыю навучальнай установы рэпрэсіяй, а таму прытулілі ў сябе беларускіх студэнтаў. Ідэя праекту нарадзілася да закрыцьця ЭГУ, як адукацыйны абмен. Але лёс склаўся так, што для некаторых студэнтаў праект “Трывіюм” пры падтрымцы фундацыі MitOst стаўся магчымасьцю павучыцца ў Беларусі, хай сабе пакуль толькі адзін тыдзень:

(Натальля: ) “Я б зь вялікім жаданьнем вярнулася сюды на радзіму. Але я ня ведаю, ці патрэбная я сваёй радзіме. Ці будзе тут у нас праца? Калі не, будзем разглядаць іншыя варыянты. Можа, застанемся ў Літве працягваць нашу адукацыю”.

Натальля вучыцца ў Вільні. Яна кажа, што дзякуючы кантакту зь немцамі тут у Беларусі ня толькі змагла зірнуць на сябе збоку, але адкрыла шмат новага ў сваёй краіне. Аб’екты дасьледаваньня студэнтаў — недзяржаўныя арганізацыі ды ініцыятывы. Ацэнкі бэрлінскіх студэнтаў розьняцца:

(Вольфганг: ) “Мне падаецца, што агульнаграмадзянскія і сацыяльныя інтарэсы расьцярушаныя. Шмат ініцыятываў, шмат разнастайных кірункаў, але няма цэласнага, агульнага бачаньня”.

(Тобіяс: ) “На мяне зрабіла моцнае ўражаньне, што я сустрэў тут так шмат актыўных грамадзянаў, якія зь вялікім энтузіязмам робяць сваю працу, якая мае высокія мэты”.

Бэрлінскія студэнты адзначаюць, што Беларусь дагэтуль застаецца інфармацыйна закрытай краінай. Адзін са студэнтаў бэрлінскага ўнівэрсытэту, паляк Адам, кажа, што шмат чытаў пра Беларусь, але рэальнасьць адрозьніваецца ў лепшы бок.

(Адам: ) “Прыехаўшы ў Беларусь, я расплюшчыў вочы. Спазнаў мэнтальнасьць беларускага грамадзтва. Найперш маладых людзей, якія існуюць па-за сыстэмай, у палітычным андэграўндзе. Я ўражаны колькасьцю і актыўнасьцю, якая існуе тут”.

Лацінскае слова “трывіюм” перакладаецца як “скрыжаваньне”. Назву праекту трэба перакладаць менавіта так, а не як “ростані”. Бо ў плянах студэнтаў далейшыя навукова-практычныя сустрэчы ў справе дасьледаваньня і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці.
XS
SM
MD
LG