Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы супраць ініцыятывы Лукашэнкі – цьвердзяць сацыёлягі


Валер Каліноўскі, Менск Насельніцтва не падтрымлівае ініцыятыву Лукашэнкі наконт абмежаваньня выезду дзяцей за мяжу і спачувае прадпрымальнікам, сьведчаць сацыёлягі. Паводле вынікаў сакавіцкага сацапытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, рэйтынг А.Лукашэнкі зь мінулага году не зьмяніўся — за яго гатовыя галасаваць 46% апытаных. А вось стаўленьне грамадзянаў да некаторых ініцыятываў Лукашэнкі зьяўляецца пераважна нэгатыўным.

Нядаўні загад кіраўніка дзяржавы паставіць пад жорсткі кантроль і абмежаваць выезд беларускіх дзяцей на аздараўленьне за мяжу падтрымала толькі 20,1% апытаных. Нэгатыўна паставіліся да такой ініцыятывы 52% рэспандэнтаў. Паводле зьвестак НІСЭПД, 4,5% рэспандэнтаў заявілі, што іх уласныя дзеці езьдзілі паводле чарнобыльскіх праграмаў за мяжу, а 42% ведаюць такія сем’і. А.Лукашэнка матываваў свой загад тым, што дзеці вяртаюцца з-за мяжы зь іншым сьветапоглядам. Аднак большасьць апытаных лічыць інтарэсы дзяцей больш важнымі, чым афіцыйныя ідэалягічныя пастуляты, зазначае намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) “Далучанасьць да зьнешняга сьвету, валоданьне праўдзівай інфармацыяй пра яго, пра месца Беларусі ў сьвеце — несумненна, гэта ўплывае на сьветапогляд людзей. Таму імкненьне цяперашніх уладаў засланіць краіну ад усялякага зьнешняга ўплыву зразумелае. Лёгіка разьвіцьця аўтарытарнага рэжыму вымушае прэзыдэнта рабіць такія захады, якія б ужо цяпер зьнішчылі патэнцыйныя пагрозы, магчымыя гадоў праз 10—20. У выніку цярпець вымушаныя дзеці”.

Яшчэ адну супярэчнасьць грамадзкай думкі з афіцыйнай пазыцыяй выявіў шматдзённы страйк прадпрымальнікаў, якія дамагаліся скасаваньня 18-адсоткавага падатку на даданую вартасьць. Абсалютная большасьць — 87% апытаных — ведала пра гэты страйк, пры гэтым 54,4% выказалася ў падтрымку патрабаваньняў прадпрымальнікаў. Такім чынам, грамадзяне, нягледзячы на нэгатыўнае стаўленьне да прадпрымальнікаў з боку ўладаў і афіцыйных СМІ, выказалі салідарнасьць зь імі, гаворыць Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) “Менавіта гэта прымусіла ўлады пайсьці насустрач прадпрымальнікам. А.Лукашэнка добра адчувае грамадзкую думку, і гэтым разам ён вырашыў сам закрыць балючую для сябе праблему. Наколькі яму гэта ўдалося, пакажа будучыня”, — зазначыў намесьнік дырэктара рэспубліканскага аб’яднаньня Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў.

Зь іншых цікавых вынікаў апытаньня варта адзначыць, што 45,6% рэспандэнтаў ацанілі аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне як “аб’ектыўны працэс, выкліканы незадаволенасьцю народу палітыкай уладаў”, а 22,4% апытаных лічаць магчымым такое ж разьвіцьцё падзеяў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG