Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У дзень пахаваньня магілёўскія каталікі моляцца за спакой душы папы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскім архікатэдральным саборы Небаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі адбылася жалобная імша з нагоды пахаваньня папы Яна Паўла ІІ.

Раніцай у Магілёўскі касьцёл прыйшлі людзі, каб аддаць даніну памяці Яну Паўлу ІІ. У дзень пахаваньня папы яны маліліся за спакой яго душы. Пробашч і дэкан Магілёўскі Раман Факсіньскі распавёў вернікам пра духоўны запавет папы:

(Ксёндз Раман: ) “Таксама ён быў вельмі добры для беларускага народу. Заўсёды памятаў і любіў. Калі мы былі на пілігрымцы беларусаў, ён сказаў: “Вы атрымалі свабоду, вольнасьць і імкнецеся ня толькі захоўваць яе, але і будаваць”.

Магілёўскія каталікі распавялі, за што яны любяць і за што будуць памятаць папу Яна Паўла ІІ:

(Спадарыня: ) “Папа быў вельмі добры чалавек, сьвяты на самай справе, таму нам будзе яго вельмі не хапаць”.

(Спадарыня: ) “Таму што ён быў добрым чалавекам. Да ўсіх ён быў спагадлівы, ветлівы папа”.

(Спадарыня: ) “Яго напэўна, усе любяць, і мы таксама. Столькі гадоў ён служыў нам, і мы яму былі верныя, і ён нам”.

(Спадар: ) “Ён хацеў, каб хрысьціянскія цэрквы былі разам. Ён быў нават у сынагозе і мячэце, езьдзіў усюды”.

(Спадар: ) “Ён заўсёды заклікаў: “Ня бойцеся адчыніць Богу свае сэрцы”. Я цяпер адчуваю вялікую страту”.

(Спадарыня: ) “У сьвятле веры ён пайшоў да Бога, і цяпер у нас у небе ёсьць моцны заступнік, і я думаю, што ў небе ён зможа болей, чым на зямлі”.

(Спадарыня: ) “Няма адчуваньня страты, таму што ён — вечны, ён — мір і любоў, і дабрыня для ўсіх нас, ён быў айцом для ўсіх народаў, і я проста шчасьлівая, што жыла зь ім у адзін час”.

Усе дні ад сьмерці Яна Паўла ІІ магілёўцы пісалі словы сьветлай памяці пра папу ў адмыловую кнігу, якая будзе перададзеная ў прадстаўніцтва Ватыкану ў Беларусі. А ў кастрычніку магілёўскія каталікі мяркуюць выправіцца ў паломніцтва ў Ватыкан.
XS
SM
MD
LG