Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На міжнародную канфэрэнцыю літаратуразнаўцаў прыехалі пераважна расейцы


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак 7 красавіка ў Наваполацку распачала сваю працу міжнародная літаратуразнаўчая канфэрэнцыя “Беларуская, расейская і ўсясьветная літаратура: гісторыя, сучаснасьць, узаемадачыненьні”. Арганізаваная яна катэдрай усясьветнай літаратуры і культуралёгіі Полацкага дзяржунівэрсытэту і працягнецца тры дні.

Галоўная адметнасьць канфэрэнцыі – шырокае прадстаўніцтва ўдзельнікаў. Яшчэ ніколі ў Наваполацак не прыяжджала столькі адмыслоўцаў ад літаратуразнаўства. Прыехаў, у прыватнасьці, цэлы гурт маскоўскіх і піцерскіх навукоўцаў, прыехалі іхныя калегі з Уладзіміра, Калінінграда, Іванава, Смаленска, Варонежа, Кіева, Херсона, Нежына, Горлаўкі ды іншых гарадоў.

Падчас канфэрэнцыі мяркуецца агучыць прыкладна 130 навуковых спавешчаньняў, а таксама правесьці сумеснае паседжаньне навуковага таварыства германістаў Беларусі і Расеі. Апроч таго, будзе зладжаная прэзэнтацыя некалькіх новых кніг маладых беларускіх паэтаў.

Апошнім дзесяцігодзьдзем шмат сказана і напісана пра славянскае братэрства. Тым ня менш, у галіне літаратурных узаемасувязяў гэта быў пэрыяд паўраспаду. Сёньняшнія ўзаеміны літаратараў грунтуюцца не на казённых Днях культуры, а на ініцыятыве асобных творцаў і недзяржаўных структураў. Зрэшты, у той жа Расеі і да гэтай пары дзеюць некалькі навуковых асяродкаў, якія вывучаюць беларускую літаратуру.

Гаворыць дацэнт Смаленскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “У Смаленскім дзяржаўным унівэрсытэце існуюць дзьве літаратурныя катэдры, і адна зь іх, катэдра літаратуры і фальклёру, непасрэдна займаецца гэтымі сувязямі. Штогод ладзяцца навуковыя канфэрэнцыі па праблемах славянскага літаратуразнаўства. Добрая палова спавешчаньняў, якія там гучаць, прысьвечаныя альбо непасрэдна беларускай літаратуры, альбо расейска-беларускім літаратурным сувязям”.

А што кажуць пра літаратурныя ўзаемасувязі ўкраінцы? Дамо слова супрацоўніцы Інстытуту літаратуры імя Шаўчэнкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Ярыне Цымбал:

(Цымбал: ) “Украінска-беларускія літаратурныя і навуковыя сувязі сёньня, магчыма, не такія трывалыя, як былі за часамі Савецкага Саюзу. Але ўсё адно: яны разьвіваюцца, і ня толькі паміж асобнымі пісьменьнікамі і навукоўцамі, але й па лініі размаітых грамадзкіх інстытуцый. Так, наш часопіс “Крытыка” стала сочыць за публікацыямі ў беларускім часопісе “ARCHE”. У сваю чаргу, “ARCHE” адгукаецца ня толькі на падзеі ва Ўкраіне, але й друкуе пераклады артыкулаў і мастацкіх твораў нашых публіцыстаў і пісьменьнікаў”.

Я таксама папрасіў украінскіх гасьцей падзяліцца ўражаньнямі ад наведаньня нашай краіны. Гаворыць дацэнт Нежынскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Валянціна Хархун:

(Хархун: ) “У Беларусі засталося больш аскепкаў старой савецкай сыстэмы. Магчыма, мы выглядаем горш на ўзроўні нейкіх сацыяльных праектаў, але мы рупімся стварыць новую атмасфэру, атмасфэру свабоды, і спадзяемся, што яна зь цягам часу запануе і ў Беларусі. І ў нас зноў будзе больш агульнага, і ня будзе таго, што нас падзяляе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG