Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выратуе новы закон гістарычна-культурную спадчыну Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 7 красавіка літаральна за паўгадзіны ўхваліла ў першым чытаньні законапраект "Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны". Да такой адмысловай сфэры беларускія парлямэнтары зьвяртаюцца вельмі рэдка – іх куды больш прываблівае палітычная, эканамічная альбо, прыкладам, праваахоўная тэматыка. Чым можна патлумачыць такую нечаканую ўвагу да гісторыі, культуры ды спадчыны?

Перадусім адзначу, што новы закон прадстаўляў міністар культуры Леанід Гуляка. І першае, на што ён зьвярнуў увагу – гэта тое, што дзейны закон быў прыняты яшчэ ў 1993 годзе. Праўда, потым спадар міністар дадаў, што на працягу 1994-2000 гадоў у закон уносіліся некаторыя зьмяненьні, удакладненьні і папраўкі. Але ж час ідзе... Маўляў, адбылася так званая кадыфікацыя нарматыўна-прававой базы, абнавіліся Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях, Крымінальны кодэкс. Дый сама сыстэма кіраваньня ў Беларусі параўнальна з 1993 годам значна зьмянілася. А тут і сапраўды перамены велізарныя – парлямэнцкая рэспубліка, якой была Беларусь у 1993 годзе, праз год, як вядома, стала прэзыдэнцкай. І вось якія пэрспэктывы намаляваў міністар Леанід Гуляка:

(Гуляка: ) "Праект закону дазволіць узгадніць паміж сабою палажэньні гэтага дакумэнта зь дзейнымі ў краіне дакумэнтамі, удасканаліць паняткавую базу сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны, больш дакладна ўлічыць вызначэньні ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь канвэнцыяў ЮНЭСКА. Пры падрыхтоўцы канцэпцыі закону браліся пад увагу і іншыя ключавыя міжнародныя дакумэнты ў сфэры аховы спадчыны і аналягічныя законы нашых бліжэйшых суседзяў, багатых сваімі традыцыямі аховы спадчыны, рэканструкцыі і выкарыстаньня гістарычных аб''ектаў. Гэта – Расея, Украіна, Польшча, Літва ды іншыя".

Паколькі дзейны цяпер закон прымаўся ў 1993 годзе, калі ў парлямэнце Беларусі была даволі моцная дэмакратычная апазыцыя, калі пазыцыю ўсяго Вярхоўнага Савету ў справах культуры пераважна вырашала апазыцыя Беларускага Народнага Фронту, дык нават пасьля праслухоўваньня міністра культуры ўсё ж узьнікае пытаньне: ці сапраўды ёсьць такая вострая патрэба прымаць новы закон?

Што тут адказаць – абмеркаваньня выступу міністра Гулякі фактычна не было. Дэпутаты задалі выступоўцу толькі адно пытаньне, дый тое тычылася фінансавых справаў. Таму я вырашыў зьвярнуцца за кансультацыямі да адмыслоўцаў, якія стала і пасьпяхова займаюцца гэтымі справамі. Прапаную паслухаць думку Сяргея Харэўскага – чалавека, які мае надзвычай высокі аўтарытэт сярод знаўцаў беларускай спадчыны:

(Харэўскі: ) "Я думаю, што, натуральна, можна жыць і па старых законах. Але пры адной абавязковай умове – іхнага выкананьня. У Беларусі яшчэ ад савецкіх часоў прынятыя сотні нарматыўных актаў, законаў, адмысловых дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць і вызначаюць, што ёсьць помнікі, што ёсьць помнікам. Вызначаныя былі ўжо шматкроць розныя ахоўныя зоны. Вельмі яскрава гэта можна прадэманстраваць на прыкладзе Менску. Амаль 40 гадоў існуе гэтак званы гісторыка-археалягічны запаведнік Мінскае замчышча. Існавалі так званыя ахоўныя зоны Чырвонага касьцёлу, Верхняга гораду. Але мы бачым, што і тыя старыя законы, і новыя законы (ані за савецкім часам, ані за апошнія 13 гадоў) не былі задзейнічаныя. І ва ўсіх гэтых ахоўных зонах вялося актыўнае будаўніцтва, і ўсе гэтыя законы, як было так і ёсьць сёньня, застаюцца проста паперкамі".

У справах спадчыны часта ўзьнікае пытаньне: які час мусіць прайсьці, каб помнік аднесьці да гістарычнай спадчыны? Ёсьць падобная згадка і ў новым законапраекце. Міністар культуры Леанід Гуляка зьвярнуў на гэта ўвагу падчас прадстаўленьня дакумэнту. Ён спаслаўся на расейскі досьвед: маўляў, у расейскім законе трэба, каб нейкае збудаваньне праіснавала ня менш за 40 гадоў, толькі тады яго можна прызнаць гістарычным помнікам. Менавіта такая ж норма прапануецца і ў беларускім варыянце закону. І калі я размаўляў са спадаром Харэўскім, ён закрануў і гэтую тэму.

(Харэўскі: ) "Справа не ў тым, які тэрмін браць за вызначэньне помніка – 40 гадоў, 10 гадоў... Можна прывесьці такі прыклад, як сабор "Саграда Фамілія" ў Барсэлёне архітэктара Антонія Гаўдзі. Ён яшчэ недабудаваны, будуецца ўжо амаль стагодзьдзе і лічыцца помнікам у стадыі будоўлі. Нават такое ёсьць. Ня быў вызначаны ахоўны статус дома, у якім жыла сям''я Янкі Купалы па вайне (на вуліцы Румянцава ў Менску, насупраць амбасады Польшчы), хоць у гэтым будынку жыла і ўдава Янкі Купалы, і там гасьцілі сябры гэтай сям''і. Хоць будынак быў пабудаваны паводле праекта слыннага архітэктара – акадэміка Караля, гэта не зашкодзіла ўладам яго зьнесьці, каб пабудаваць тут 10-ці кватэрны дом. Такім чынам, мы маем справу ня ўласна з законам, а з рэаліямі палітычнымі, у якіх мы сёньня жывем – валюнтарызмам, ігнараваньнем закона".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG