Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша ніва”: што справакавала канфлікт на канфэрэнцыі апазыцыі ў Гомелі?


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Наша ніва” ў сьвежым нумары распавядае пра канфліктную сытуацыю ў асяродзьдзі дэмакратычных сіл Беларусі, зьвязаную з вызначэньнем адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Непаразуменьні дэмакратаў выявіліся ў Гомелі ў часе іх нядаўняй абласной канфэрэнцыі. На ёй, як паведамляе газэта, прысутнічалі магчымыя прэтэндэнты на адзінага кандыдата: Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Колас і Аляксандр Вайтовіч. Паводле рэйтынгавага галасавання, перамог сярод гэтых асобаў у Гомелі Аляксандр Мілінкевіч. А між тым, паводле “Нашай нівы”, астатнія прэтэндэнты думалі, што гамельчукі ўхваляць усе кандыдатуры, а адзіны кандыдат ад апазыцыі будзе вылучаны пазьней – на паседжаньні Кангрэсу дэмакратычных сіл. Газэта дасьледуе акалічнасьці, якія справакавалі канфлікт у Гомелі. А яшчэ яна не выключае, што, у выпадку паўтарэньня гомельскага варыянту на іншых канфэрэнцыях, спадар Мілінкевіч можа стаць самым рэйтынгавым прэтэндэнтам.

Пра канфліктную сытуацыю распавядае ў сёньняшнім нумары і “Віцебскі кур’ер”. У Воршы ўсяго два дні дэманстравалася выстава мясцовага аб’яднаньня мастакоў “Оршыца”. На ёй былі прадстаўлены працы таленавітых майстроў: ляўрэата першага міжнароднага пленэру імя Марка Шагала ў Віцебску Віктара Шылко, ляўрэата міжнароднага пленэру ў Вільнюсе Анатоля Малышава, уладальніка гран-пры моладзевай выставы ў Менску Анатоля Жураўлева ды іншых. І вось іх карціны, якія былі выстаўлены ў Аршанскім палацы культуры, нечакана было загадана зьняць. Як высьветліла газэта, такое рашэньне было прынята чыноўнікамі Аршанскага гарвыканкаму. Карціны выклікалі ў іх падазрэньне ў неадпаведнасьці цяперашнім ідэалягічным патрабаваньням. Як зазначае “Віцебскі кур’ер”, арганізатарам выставы мясцовыя ідэолягі патлумачылі, што ад мастацтва “Оршыцы” патыхае “Амэрыкай ды Польшчай”, у той час як у цяперашняй Беларусі, паводле гэтых ідэолягаў, “свой шлях разьвіцьця”.

“Газэта Слонімская” распавядае сваім чытачам пра наведаньне Слоніму міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Лявонціем Харужыкам. Тут ён правёў прыём грамадзянаў разам са старшынём мясцовага райвыканкаму Мечыславам Касьцюком. Паколькі, як піша газэта, міністры ў Слонім прыяжджаюць далёка ня кожны дзень, то спадару Харужыку давялося выслухаць самыя розныя праблемы слонімцаў. Напрыклад, дэлегацыя жыхароў вёскі Хадзявічы вельмі прасіла на прыёме не зачыняць мясцовую школу. Аднак, як зазначае “Газэта Слонімская”, калектыўны зварот вяскоўцаў аказаўся бязвыніковым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG