Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 красавіка 1946 году ў Нямеччыне было створанае беларускае літаратурнае аб’яднаньне “Шыпшына”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 8 і 9 красавіка

8 красавіка – важная дата ў гісторыі нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1831 году на тэрыторыі Беларусі. У гэты дзень у Вялейцы ствараецца буйны паўстанцкі камітэт. У горадзе канцэнтруюцца вызвольныя сілы – колькасьць коньніцы і пяхоты дасягае 3300 чалавек. Неўзабаве паўстанцы ўступяць у баі з расейскай рэгулярнай арміяй і будуць разьбітыя. У гісторыі таго паўстаньня кожнага разу ўражвае вялікая колькасьць ахвотных змагацца і загінуць за незалежнасьць Беларусі.

8 красавіка пакінулі гэты сьвет знакаміты гішпанскі мастак Пабла Пікаса і беларускі акадэмік Герасім Багамолаў, адкрывальнік радовішчаў калійнай солі і нафты ў Беларусі, за што быў не аднойчы ўганараваны дзяржаўнымі прэміямі.

8 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет італьянскі кампазытар і скрыпач Джузэпэ Тарціні, нямецкі канструктар дырыжабляў граф Фэрдынанд Цэпэлін, нямецкі філёзаф Эдмунд Гусэрль і Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Кофі Анан.

8 кастрычніка 1882 году ў Дзярэчыне цяперашняга Зэльвенскага раёну нарадзіўся Іван Макей – чалавек цяпер ужо няіснай, а некалі даволі пашыранай у Беларусі прафэсіі. Ён быў народным казачнікам. Чарадзейныя казкі Макея надрукаваныя ў выданьнях Акадэміі навук Беларусі, а таксама ў перакладзе на нямецкую мову яны ў 1980-м годзе выйшлі кніжкаю ў Бэрліне.

І цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

9 красавіка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Матруна. “На Матруну шчупак лёд прабівае”, казалі даўнейшыя беларусы.

9 красавіка 1946 году ў Нямеччыне ствараецца беларускае літаратурнае аб’яднаньне “Шыпшына”. Яго ініцыятары – пісьменьнік Юрка Віцьбіч і паэтка Натальля Арсеньнева. У праграмным дакумэнце “Шыпшыны” былі вызначаныя наступныя задачы: згуртаваць літаратараў, што апынуліся на эміграцыі; працаваць над стварэньнем вялікай літаратуры, годнай беларускага народу; стаяць на варце свабоды творчасьці і яе высокага мастацкага ўзроўню. Аб’яднаньне выдавала аднайменны часопіс, у якім, апроч згаданых літаратараў, друкаваліся Хведар Ільляшэвіч, Уладзімер Клішэвіч, Алесь Салавей, Масей Сяднёў ды іншыя творцы, якія сталі прызнанымі клясыкамі роднай літаратуры.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 9 красавіка ў розныя гады, згадаем францускага паэта Шарля Бадлера, амэрыканскага сьпевака Поля Робсана і францускага кінаактора Жана-Поля Бэльмандо.
XS
SM
MD
LG