Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Беларусі зноў аднавіла справу па зьнікненьні Дзьмітрыя Завадзкага


Іна Студзінская, Менск 7 красавіка Вольга Рыгораўна Завадзкая атрымала паведамленьне з Пракуратуры Рэспублікі Беларусь пра аднаўленьне крымінальнай справы па факце зьнікненьня 7 ліпеня 2000 года яе сына Дзьмітрыя Завадскага. Паводле ляканічнай фармулёўкі, справа адноўленая “ў сувязі зь неабходнасьцю правядзеньня дадатковых сьледчых дзеяньняў”.

Крымінальныя справы бясьсьледна зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага Пракуратура краіны пэрыядычна аднаўляе, потым прыпыняе. Што да справы Завадзкага, мінулым разам яна была адноўленая напярэдадні слуханьняў у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы “Зьніклыя людзі ў Беларусі”. З дакладам, нагадаю, выступаў тады спэцдаклядчык ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс.

Нядаўна ў Жэнэве Камісія ААН па правах чалавека прыняла адмысловую рэзалюцыю па Беларусі. Паводле назіраньняў жонкі Дзьмітрыя Сьвятланы Завадзкай, якая прысутнічала на слуханьнях, звычайна аднаўляюць справу, калі на міжнародным роўні адбываецца прыняцьце якога-небудзь дакумэнта.

(Завадзкая: ) “Я была ў ААН, і там ідуць вельмі сур’ёзныя дэбаты па рэзалюцыі па Беларусі. Першым пунктам стаіць пытаньне зьнікненьняў людзей у Беларусі. Мне здаецца, што аднаўленьне справы зьвязанае менавіта з гэтай рэзалюцыяй. Беларускай афіцыйнай місіі, якая знаходзіцца ў Жэнэве, не было чаго сказаць наконт зьніклых. Магчыма, гэта будзе аргумэнт, што сьледзтва адноўленае, і нейкія сьледчыя дзеяньні будуць праводзіцца”.

Маці Завадзкага Вольга Рыгораўна мяркуе, што новыя зрухі могуць быць зьвязаныя з раскрыцьцём справы па зьнікненьні журналіста Георгія Гангадзэ ва Ўкраіне. Але гэта толькі меркаваньні.

У якіх выпадках, з пункту гледжаньня юрыспрудэнцыі, сьледзтва аднаўляе расьсьледаваньне прыпыненай крымінальнай справы? Як патлумачыў мне намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага Камітэту Гары Паганяйла, пастанова аб прыпыненьні расьсьледаваньня адмененая. Гэта азначае, што ў сьледзтва ўзьнікла неабходнасьць праверыць нейкія факты і падзеі. Па прыпыненай справе такія дзеяньні не дапускаюцца. Гаворыць юрыст Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Гэта можа азначаць, што органы пракуратуры атрымалі нейкія дадзеныя, якія патрабуюць праверкі сьледчым шляхам, то бок, выкананьнем шэрагу сьледчых дзеяньняў. Што гэта за факты, што за падзеі, якія трэба правяраць і замацоўваць як доказы ў працэсуальным парадку – безумоўна, пакуль ніхто ня скажа”.

Раней паведамлялася, што расейскі амбудсмэн Уладзімір Лукін абяцаў зьвярнуць пільную ўвагу на гэтую праблему. Дык ці валодае пэўнымі мэханізмамі ўзьдзеяньня на Беларусь яе ўсходняя суседка?

Беларускія праваабаронцы ня раз зьвярталіся і да кіраўніка адмысловай камісіі па палітычных зьнікненьнях у Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Сяргея Кавалёва, і да старшыні камісіі па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Элы Панфілавай. Родныя зьніклых прасілі дапамогі ва Ўладзімера Пуціна. Атрымліваецца, сапраўды, Расея можа паўплываць на беларускія ўлады, прычым гэта могуць быць і палітычныя рашэньні, і крымінальна-прававыя захады. Тэму палітычных зьнікненьняў у Беларусі нядаўна ўздымаў таксама ўжо згаданы расейскі амбудсмэн Уладзімер Лукін. Аднак, на жаль, далей абяцаньняў падтрымкі справа не ідзе.

Гэтая справа так доўна і безвынікова цягнецца, што асаблівага энтузіязму не выказваюць нават беларускія юрысты. Паслухайце меркаваньне прадстаўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімера Лабковіча:

(Лабковіч: ) “Мы, канешне, ня цешым сябе ілюзіяй, што гэтае аднаўленьне справы будзе мець нейкі вынік, што гэты працэс дойдзе да канца. Але ж, насамрэч, у гэтай справе яшчэ вельмі-вельмі шмат таго, што не сказана, нават калі карыстацца афіцыйнай інфармацыяй. Чатыры чалавекі былі асуджаныя за выкраданьне Дзьмітрыя Завадзкага, але ж так і не было адказана, дзе знаходзіцца Завадзкі, што зь ім сталася пасьля выкраданьня. Увесь час павінны былі ісьці нейкія сьледчыя дзеяньні. Таму мы спадзяемся, што хоць зараз сьледчыя дзеяньні адновяцца. Хаця, канешне, у гэтым ёсьць вялікі сумнеў”.

Нагадаю, што апэратар беларускага карпункту ОРТ Дзьмітрый Завадзкі зьнік 7 ліпеня 2000 года ў раёне аэрапорта “Менск-2”. З тае пары пра лёс Завадзкага нічога невядома. У прыналежнасьці да выкраданьня Завадзкага падазраюцца высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі – кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман, міністар спорту і турызму Юрый Сівакоў, міністар ўнутраных справаў Уладзімер Навумаў, камандзір спэцназу Дзьмітрый Паўлічэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG