Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адбылася разьвітальная паніхіда з папам рымскім Янам Паўлам ІІ


Алег Супрунюк, Берасьце Узначаліў паніхіду Апостальскі візытатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У цырымоніі бралі ўдзел прадстаўнікі розных канфэсіяў, уладаў і дыпляматы краінаў, чые консульскія ўстановы працуюць у Берасьці.

Ушанаваньне памяці пра Яна Паўла ІІ адбывалася 7 красавіка ва ўсіх парафіях Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Аднак цэнтральным месцам малітоўнага разьвітаньня было абрана Берасьце. Набажэнства адбывалася ў мясцовай парафіі сьвятых братоў Пятра і Андрэя, якая названая ў гонар апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу.

У часе паніхіды згадвалася, што роўна тры месяцы таму на сустрэчы з апостальскім візытатарам для грэка-каталікоў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам Яна Павал ІІ перадаў празь яго сваё апостальскае блаславеньне беларусам, пажадаў ім мужнасьці і адвагі. Мяркуецца, што гэтыя словы сталі апошнімі, у якіх Папа Рымскі ўспамінаў Беларусь.

Сваімі ўражаньнямі пра пантыфікат Яна Паўла ІІ падзяліўся кіраўнік Берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі айцец Ігар Кандрацьеў.

(Кандрацьеў: ) “Я мяркую, што тое, што ён зрабіў адкрыла больш глябальны погляд на гэты сьвет, на царкву, чым мы прызвычаіліся глядзець па сваіх парафіях ды высновах. Што вось, калі для Беларусі добра – значыць добры Папа, а калі не вельмі – дык не. Ён проста адкрыў іншы ўзровень”.

Акрамя грэка-каталікаў у паніхідзе бралі ўдзел прадстаўнікі праваслаўнай і рыма-каталіцкай цэркваў, пратэстанцкіх суполак. Адгукнуліся на запрашэньне ўшанаваць памяць пра пантыфіка кіраўнікі консульскіх установаў Польшчы і Украіны ў Берасьці, а таксама некаторыя чыноўнікі мясцовай вэртыкалі.
XS
SM
MD
LG