Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым за морам віно піць, лепш зь Нёмна вадзіцу


Валеры Дранчук, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Сказанае значыць ня толькі, што ўсё роднае – саладзейшае ды смачнейшае за далёкае заморскае. Але й тое, што “зь Нёмна вадзіцу” яшчэ й берагчы трэба.

Мая родная Гавязьнянка гадоў сорак таму цякла ў Нёман ня так, як сёньня. Яе забалочаная пойма сьцякала чыстымі крыніцамі, жывіла цнатлівую рачулку, а тая ў пакручаста-зьвілістых берагах несла свой скарб у самую найбеларускую раку.

Шкада, няма таго. Пайшло на пустату.

Нёмна даўно не пазнаць. Падупалы за часам савецкай плянавай гаспадаркі, дужа зьмялеў, вады па калена. Пачаў зарастаць.

А ў Стоўбцах яшчэ жывыя людзі, якія помняць яго паўнюткім і чыстым. Зь мяккай крыштальнай вадой, якую бралі памыць галаву. Зь Нёмна – пілі. У лодцы плывеш – на тры мэтры дно відаць, рыба – як у акварыюме. Нёмна глядзелі што свайго вока – нічога ня кінуць, плюнуць блізка баяліся, сьцёкі спусьціць – такога не было.

Аднойчы былы міністар экалёгіі Мікалай Русы ў запале намэнклятурнае патрыётыкі, ганячы Захад, сказаў, што з нашага Нёмна й піць можна – такі ён чысты і захаваны. Маўляў, гэта ня Рэйн з табліцай Мендзялеева. Што да Рэйна, гэта вельмі дарэчы: акурат зь ягоных хваляў гадоў колькі назад на запыт зялёных выпіў вадзіцы нямецкі ўрадовец. Добры прыклад і для нашых дзяржаўных балакаў:

чым за морам віно піць, лепш зь Нёмна вадзіцу.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
XS
SM
MD
LG