Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка выступіў у Кангрэсе ЗША


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня скончыўся візыт прэзыдэнта Ўкраіны у ЗША, які, на думку многіх назіральнікаў, стаў вельмі пасьпяховым. Віктара Юшчанка ўзнагародзілі мэдалём за мужнасьць, віталі авацыямі ў кангрэсе і паабяцалі спрыяць уступленьню Ўкраіны ў НАТО і Эўразьвяз.

Кульмінацыяй візыту стаў выступ Віктара Юшчанкі на сумесным пасяджэньні Кангрэсу і Сэнату. Як толькі прэзыдэнт Украіны ўвайшоў у будынак, кангрэсмэны сустрэлі яго авацыямі і крыкамі “Юшчанка”.

Выступ украінскага прэзыдэнта перарываўся воплескамі 10 разоў, многія кангрэсмэны, а таксама віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні апранулі аранжавыя гальштукі.

Юшчанка выступаў на украінскай мове праз перакладчыка. Ён падзякаваў за магчымасьць стаяць на трыбуне, дзе раней выступалі Уінстан Чэрчыль, Нэльсан Мандэла і Лех Валенса. Украінскі прэзыдэнт выказаў падзяку ЗША за падтрымку дэмакратычных працэсаў на Ўкраіне. Юшчанка таксама згадаў, што менавіта ў ЗША ён сустрэў сваю жонку, народжаную ў Чыкага ўкраінку, Кацярыну Чумачэнку, якая вельмі моцна дапамагла яму, асабліва ў першыя дні пасьля атручваньня дыяксынам. Юшчанка паабяцаў, што ва Ўкраіне будуць паважацца правы ўсіх меншасьцяў – нацыянальных і рэлігійных. Прэзыдэнт Украіны паабяцаў давесьці да суду справу аб забойстве журналіста Георгія Гангадзэ і пакараць выканаўцам і замоўнікаў злачынства.

Юшчанка папрасіў кангрэс зрабіць 8 крокаў насустрач “новай Украіне”. Яны ўключаюць зьняцьцё візавых абмежаваньняў для украінцаў, прызнаньне Ўкраіны дзяржавай з рынкавай эканомікай, падтрымка імкненьня Кіева ўступіць У НАТО, Эўразьвяз і УГА (Усясьветную гандлёвую арганізацыю).

Але першым крокам павінна стаць адмена знакамітай папраўкі Джэксана-Вэніка, якая была прынятая 31 год таму, і накладала пэўныя бар’еры ў гандлі з СССР з мэтай дазволіць іміграцыю габрэяў з Савецкага Саюза. Пасьля развалу Саюза гэтая папраўка, аднак, застаецца ў сіле да некаторых постсавецкіх дзяржаваў, у тым ліку Украіны. Юшчанка заклікаў сэнатараў неадкладна адмяніць яе.

(Юшчанка: ) "Я веру, Амэрыка і сёньня гатовая да вялікіх рашэньняў. Я не сумняваюся, што мы атрымаем падтрымку нашай працы і нашых памкненьняў. Мы ня хочам новых муроў, што падзяляюць Эўропу. Перакананы, вы таксама гэтага не жадаеце".

Віктар Юшчанка прабыў у Вашынгтоне тры дні. Украінскі прэзыдэнт правёў перамовы з Джорджам Бушам, выступіў у гандлёвай Палаце ЗША, сустрэўся з прадстаўнікамі украінскай дыяспары і яўрэйскіх арганізацыяў. Сёньня прэзыдэнт Украіны выляцеў з Вашынгтону у Рым, дзе возьме ўдзел у пахаваньні Папы Яна Паўла Другога.

***

Як ужо паведамляла Беларуская Свабода , падчас візыту Віктара Юшчанкі і прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісалі “Парадак дня новага стагодзьдзя для ўкраінска-амэрыканскага стратэгічнага партнэрства”, дзе бакі заявілі аб падтрымцы свабоды ў Беларусі ды на Кубе. А сэнатар Джон Макейн, адзін з аўтараў “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” заявіў падчас афіцыйнага прыёму, што прыклад Украіны натхняе людзей у іншых дзяржавах. “Імя Юшчанкі на вуснах прадстаўнікоў апазыцыі ад Лібану да Беларусі і Кіргізстану” -- сказаў Макейн.
XS
SM
MD
LG