Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Куба і Беларусь - нашы сябры, зь якімі трэба гаварыць пра іх праблемы


Юры Сьвірко, Кіеў МЗС Украіны называе Беларусь і Кубу сябрамі, зь якімі трэба адкрыта гаварыць аб праблемах. Камуністычная партыя Ўкраіны заявіла, што лічыць гэты намер украінскіх уладаў чарговым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі. Тым часам сёньня ў МЗС Беларусі падкрэсьлілі, што вынясеньне ўнутраных пытаньняў Беларусі на абмеркаваньне падчас сустрэчы прэзыдэнтаў Украіны і ЗША ня ўпісваецца ў кантэкст традыцыйна сяброўскіх і добрасуседзкіх адносінаў дачыненьняў паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

“МЗС Беларусі зьдзіўлены гэтым фактам”, – заявіў на брыфінгу ў чацьвер начальнік управы інфармацыі міністэрства замежных справаў Беларусі Руслан Есін. Паводле Есіна, Беларусь спадзяецца, што “дадзены факт ня сьведчыць аб несамастойнасьці зьнешняй палітыкі Ўкраіны”.

Пасьля дэмаршу кубінскага дыплямата ў Кіеве ды пратэсту ўкраінскіх камуністаў з нагоды супольных плянаў прэзыдэнтаў Джорджа Буша й Віктара Юшчанкі спрыяць дэмакратыі ў Беларусі й на Кубе прэсавая служба МЗС Украіны выступіла з адмысловым камэнтаром.

“Разьвіцьцё дэмакратыі, павага ды абарона асноўных свабодаў і правоў чалавека ёсьць нарожным камяням дзейнасьці новай украінскай улады ва ўнутранай ды замежнай палітыцы”, – гаворыцца ў камэнтары прэсавай службы дыпляматычнага ведамства Ўкраіны.

У ім таксама зазначаецца, што ў Кіеве з цікавасьцю й суперажываньнем назіраюць за разьвіцьцём дэмакратычных працэсаў у любой дзяржаве, пра што Ўкраіна шмат разоў заяўляла на міжнародных форумах.

“Украіна высока цэніць адносіны дружалюбнага супрацоўніцтва, якія ўсталяваліся паміж Украінай ды іншымі дзяржавамі сьвету, улучна зь Беларусьсю й Кубай, – заяўляе прэсавая служба ўкраінскага МЗС, аднак дадае: – Мы зыходзім з таго, што сапраўдныя сябры заўсёды могуць адкрыта гаварыць пра існуючыя праблемы”.

Камэнтар заканчваецца заяваю, што “Ўкраіна застаецца адкрытай для шчырага дыялёгу ды плённага супрацоўніцтва на карысьць украінскага, беларускага ды кубінскага народаў”.

Гэты камэнтар зьявіўся пасьля публічнага пратэсту ў Кіеве з вуснаў намесьніка міністра замежных справаў Кубы Эўмэлья Кабальера, які нават разглядаў мажлівасьць спыненьня свайго ўкраінскага візыту пасьля супольнай заявы прэзыдэнтаў Украіны й ЗША пра намер прасоўваць свабоду й дэмакратыю ў краінах кшталту Кубы й Беларусі.

Камуністычная партыя Ўкраіны заявіла, што лічыць гэты намер чарговым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі. Дэпутаты Вярхоўнай Рады ад кампартыі выказалі шкадаваньне, што, цытую, “да гэтага ганебнага факту мае дачыненьне й Украіна, якая пераўтвараецца ў марыянэтку ды васал ЗША”. Паводле украінскіх камуністаў, менавіта тое, што Беларусь праводзіць незалежную замежную палітыку, выклікае жаданьне ЗША разбурыць беларускую стабільнасьць.

Цікава, што Кампартыя Ўкраіны заклікала прэзыдэнта Віктара Юшчанку публічна выбачыцца перад кіраўніцтвам Кубы. Пра такія ж заклікі ўкраінскіх камуністаў наконт кіраўніцтва Беларусі нічога не паведамляецца.
XS
SM
MD
LG