Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У катэдральным касьцёле Менску адбылася імша з нагоды сьмерці папы Яна Паўла ІІ


Галіна Абакунчык, Менск У менскім Катэдральным касьцёле імя Панны Марыі адбылася жалобная імша за супакой душы папы рымскага Яна Паўла ІІ. Удзел у набажэнстве бралі сьвятары Менска-Магілёўскай дыяцэзіі, законныя сёстры, кіраўнікі шэрагу амбасадаў у Беларусі. Кіраўнікоў краіны на памінальнай малітве не было.

Біскуп Антоні Дзям’янка, які адпраўляў імшу, у часе ўрачыстай прамовы згадаў Яна Паўла ня толькі як уплывовага лідэра каталіцкага касьцёлу і найвялікшага гуманіста сучаснасьці, але таксама як вядомага змагара за свабоду. Гаворыць Антоні Дзям’янка:

(Дзям’янка: ) “Ён спазнаў небясьпеку таталітарных сыстэмаў, у якіх жыў. Яны зьнішчаюць асобу чалавека. Таму так часта заступаўся за зьняволеных і тых, што церпяць перасьлед. Адначасова перасьцерагаў перад сваволяй і безадказнасьцю. Ён вучыў: свабода нам ня толькі дадзеная, але зададзеная. Яна наша заданьне”.

Партрэт Яна Паўла ІІ, усталяваны каля галоўнага алтару касьцёлу, цяпер патанае ў кветках. А на прыступках перад уваходам гараць сьвечкі, якія вернікі працягваюць ставіць увесь час. Акрамя жалобы, галоўнае іхнае шкадаваньне — тое, што папа так і не пабываў у Беларусі.

(Спадар: ) “Калі родны бацька памірае, то кожны разумее, што гэта цяжка. Ян Павал быў гэткім бацькам для ўсіх каталікоў”.

(Спадарыня: ) “Ён стаў чалавекам, які прынёс мараль у антымаральную савецкую сыстэму”.

(Спадарыня: ) “Шкада, што яго няма, шкада, што ён пайшоў ад нас, і мы ўсе вельмі перажываем, што ён ня змог прыехаць у Беларусь. Гэта была ягоная вялікая мара. Спадзяёмся, што новы папа будзе гэткім жа добрым, малітоўным чалавекам — і што ён абавязкова прыедзе ў Беларусь”.

Акрамя прадстаўнікоў духавенства і мноства вернікаў, удзел у памінальным набажэнстве ўзялі таксама вядомыя ў Беларусі прадстаўнікі грамадзкасьці. Сярод іншых — літаратар Анатоль Вярцінскі. Вось што ён сказаў у інтэрвію “Свабодзе”:

(Вярцінскі: ) “Упершыню я ўсьвядоміў, што азначае асоба Яна Паўла ІІ, калі знаходзіўся ў Польшчы неўзабаве пасьля ягонага першага візыту. Адзін з маіх польскіх калегаў сказаў тады: прыезд папы зрабіў Польшчу іншай, мы паверылі ў будучыню Польшчы. У мяне нават асабістае адчуваньне віны перад Янам Паўлам за тое, што ён не пабыў на беларускай зямлі. Што мы, беларусы, ня здолелі дамагчыся ягонага прыезду ў Беларусь. Думаю, што ягоны прыезд, ягоная моцная духоўная аўра дапамаглі б нам у нашым змаганьні за лепшую долю”.

На завяршэньне імшы ксёндз Антоні Клімантовіч назваў шэраг дзяржаўных установаў, якія даслалі тэлеграмы са словамі спачуваньня на адрас каталіцкага касьцёлу Беларусі. Імя кіраўніка кіраўніка краіны ў гэтым пераліку названа не было.

Жалобная літургія ў менскай катэдры распачала разьвітальныя набажэнствы, якія ад сёньня і цягам заўтрашняга дня будуць праводзіцца ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі. Акрамя таго, 8 красавіка, у дзень пахаваньня папы Яна Паўла ІІ, аб 11 гадзіне цягам трыццаці хвілінаў ва ўсіх касьцёлах Беларусі будуць гучаць званы.
XS
SM
MD
LG