Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка патрабуе памяняць кіраўнікоў “МТС” і “Velcom”


Валер Каліноўскі, Менск Падчас нарады аб разьвіцьці сотавай сувязі ў краіне запатрабаваў, каб дзяржава кіравала ўсімі GSM-апэратарамі, а таксама заклікаў да замены кіраўніцтва “Вэлкому” і “МТС”. Трэцяму апэратару, дзяржаўнай кампаніі “БеСТ”, А.Лукашэнка паабяцаў дзяржаўныя прэфэрэнцыі.

Два самыя буйныя апэратары мабільнай сувязі ў Беларусі — “Вэлком” і “МТС”, кантрольны пакет акцыяў якіх належыць дзяржаве, маюць больш як мільён абанэнт кожны. Яны ствараліся з удзелам замежнага капіталу — лібанскага і расейскага. Трэці GSM-апэратар “БеСТ”, які толькі пачынае сваю дзейнасьць, цалкам належыць дзяржаве і ствараецца Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэтам Беларусі. Гэтаму апэратару А.Лукашэнка паабяцаў сёньня дзяржаўную падтрымку.

Адначасова А.Лукашэнка загадаў павялічыць кантроль і кіраваньне ўсімі трыма кампаніямі з боку дзяржавы, “ажыцьцяўляючы кадравую палітыку, маніторынг фінансавага стану, мадэрнізацыі, закупак і разьвіцьця”. Аргумэнтуючы гэтыя патрабаваньні, ён нагадаў, што на гэтым рынку “вялізныя фінансавыя патокі”, і што ад іх залежыць бясьпека дзяржавы. Акрамя таго, А.Лукашэнка запатрабаваў, каб усе апэратары адмовіліся ад імпартных закупаў абсталяваньня, купляючы ў Беларусі ўсё, што тут можна вырабіць. Зьвяртаючыся да ўрадавых чыноўнікаў, А.Лукашэнка наўпрост запытаў: “Чаму з улікам наяўнасьці ў дзяржавы канрольнага пакету акцыяў у “Вэлкоме” і “МТС” там яшчэ не прызначаныя новыя кіраўнікі?”

Навіну пра магчымую замену кіраўніцтва з улікам патрабаваньняў прэзыдэнта ў кампаніях “Вэлком” і “МТС” пакуль не камэнтуюць. У МТС на гэты конт паведамілі, што генэральнага дырэктара прызначаюць толькі акцыянэры, але 51% акцыяў сапраўды знаходзіцца ў руках беларускай дзяржавы. “МТС” зь мінулага году кіруе Андрэй Румянцаў. У “Вэлкоме” цяпер няма генэральнага дырэктара, ягоныя абавязкі выконвае Мікалай Юшкевіч.

Прызначыць новае кіраўніцтва гэтых кампаніяў праз сход акцыянэраў для дзяржавы ня будзе асабліва складана, перакананы менскі юрыст Сяргей Балыкін. Пытаньне ў тым, навошта дзяржаве патрэбна манапалізаваць кантроль за апэратарамі мабільнай сувязі. Вось што мяркуе на гэты конт спадар Балыкін:

(Балыкін: ) “З гледзішча эканомікі, з гледзішча права і тэхнікі, ніякіх рацыянальных тлумачэньняў тут няма, бо ў любым выпадку гэтыя кампаніі дзейнічаюць на тэрыторыі краіны, аказваюць паслугі яе грамадзянам, плацяць падаткі... Імкненьне да такога татальнага кантролю можа тлумачыцца нейкімі палітычнымі ці тэхналягічнымі меркаваньнямі. Відаць, спадару Лукашэнку ня хочацца выпускаць гэтую стратэгічную галіну, сувязь, з-пад свайго кантролю. Мы яшчэ з часоў Леніна памятаем, што галоўнае — захапіць пошту, тэлефон, тэлеграф”.

Сяргей Балыкін нагадвае, што дзяржава мае ня толькі кантрольны пакет акцыяў гэтых кампаніяў, яна яшчэ распараджаецца радыёчастотным рэсурсам. На ягоную думку, лібанскі інвэстар “Вэлкому” хутчэй за ўсё адрэагуе на дзеяньні беларускага ўраду стрымана, асабліва калі ўлічыць нядаўні ціск КДБ на гэтую кампанію, калі ўсё яе кіраўніцтва было арыштаванае. А вось расейскі інвэстар, “МТС”, можа заўпарціцца. Справа можа дайсьці нават да патрабаваньня вярнуць свае інвэстыцыі, як гэта было зь піўной кампаніяй “Балтыка”, лічыць спадар Балыкін.
XS
SM
MD
LG