Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча суд пакараў двойчы: яшчэ і за тое, што адказваў на пытаньні седзячы


Любоў Лунёва, Менск Лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча пакаралі штрафам за выступ на мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка. Судзьдзя Аляксей Бычко выступ на мітынгу ацаніў на 3 мільёны 825 тысяч рублёў. Але на гэтым справа ня скончылася: Міколу Статкевіча асудзілі яшчэ і за зьнявагу суду.

Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Аляксей Бычко патрабаваў, каб Мікола Статкевіч адказваў на пытаньні стоячы. Лідэр сацыял-дэмакратаў патлумачыў, што ня лічыць неабходным для сябе ўдзельнічаць у імітацыі судовага разьбіральніцтва, бо справа, на ягоную думку, цалкам палітычная і таму пастанова суду ўжо вядомая. Мікола Статкевіч заявіў, што роля імітатара яго не прываблівае.

Судзьдзя Аляксей Бычко апытаў двух сьведкаў-міліцыянтаў. Мікола Статкевіч задаў ім толькі адно пытаньне: ці будуць яны прыцягваць да адказнасьці намесьніка прэм’ер-міністра Кабякова, які таксама выступаў на несанкцыянаваным мітынгу?

Міліцыянты шчыра адказалі, што наконт Кабякова пакуль загаду не было. Судзьдзя пакараў лідэра сацыял-дэмакратаў штрафам 150 мінімальных заробкаў. Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў прысуд Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што гэта папросту спроба стварыць невыносныя ўмовы, каб падштурхнуць мяне да эміграцыі. Пасадкі ня дзейнічаюць, дык будуць “даставаць” гэтым штрафам. Тым больш, што ў мяне адзіная крыніца даходаў — вайсковая пэнсія, якая складае ў месяц 10% ад гэтага штрафу, 150 мінімалак. Ну, і наперадзе, мабыць, далейшыя прыгоды, таму што ідзе крымінальная справа за падзеі пасьля рэфэрэндуму, за тыя акцыі. Ды яшчэ падпіска пра нявыезд. Я думаю, што гэта спроба выключыць мяне з прэзыдэнцкіх выбараў і нэўтралізаваць. Гэтая ўлада вельмі баіцца найперш тых людзей, якія могуць вывесьці людзей на вуліцу”.

Судзьдзя паведаміў, што штраф, а гэта каля 2000 даляраў, Мікола Статкевіч мусіць заплаціць цягам двух тыдняў. На гэтым справа ня скончылася. На Міколу Статкевіча ў судзе склалі яшчэ адзін пратакол — за зьнявагу суду. Гэтую справу разглядала судзьдзя Валянціна Сьвістунова. Яна таксама пакарала Міколу Статкевіча штрафам пяць базавых велічыняў — гэта максымальная сума, прадугледжаная гэтым адміністрацыйным артыкулам.

(Статкевіч: ) “Гэта яшчэ раз сьведчыць на тое, што справы палітычныя вырашаюцца загадзя і адступіцца ад гэтага рашэньня судзьдзі права ня маюць. Таму, нягледзячы на тое, што мне давялося крыху паставіць на месца гэтага судзьдзю, на яго рашэньне гэта ніякім чынам не паўплывала. Калі б была яго воля, то ён зрабіў бы нешта іншае. Суд цалкам залежны. Па сутнасьці, суду няма, а ёсьць імітацыя. Што па тэлефоне сказана, то і трэба выконваць”.

Тым часам у Першамайскім судзе пракурор папрасіла зрабіць перапынак у справе Андрэя Клімава (за абразу і паклёп на Аляксандра Лукашэнку) да 25 красавіка, каб падрыхтавацца да спрэчак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG