Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля арышту на 10 сутак прадпрымальнік з Рэчыцы атрымаў яшчэ два пакараньні


Казімер Яноўскі, Рэчыца Пасьля арышту на 10 сутак прадпрымальнік з Рэчыцы, сябра рады грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Леанід Невар атрымаў яшчэ два пакараньні — гэтым разам як кіроўца аўтамашыны.

Начальнік Рэчыцкай дзяржаўтаінспэкцыі Аляксандар Фядак даслаў на адрас Леаніда Невара дзьве пастановы. Паводле адной зь іх прадпрымальнік аштрафаваны нібыта за язду на мікрааўтобусе без зашпіленых рамянёў бясьпекі. Другая пастанова пазбаўляе спадара Невара права кіраваньня аўтамашынай на 36 месяцаў. Прадпрымальнік нібыта не спыніўся на патрабаваньне дарожнай міліцыі.

З пастановамі Леанід Невар пазнаёміўся ўчора ўвечары, калі вярнуўся зь Менску, дзе ўдзельнічаў у перамовах урадавай камісіі і прадпрымальнікаў наконт увядзеньня падатку на даданую вартасьць. З нагоды чарговых пакараньняў спадар Невар сказаў Радыё Свабода:

(Невар: ) “Яны чапляюцца да мяне таму, што я зьяўляюся адным зь лідэраў рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”. Прадпрымальнікі ўсёй рэспублікі пасьля таго, як Шумчанку пасадзілі, абралі нас траіх узначальваць нашу арганізацыю і ўвесь рух прадпрымальнікаў — страйкам”.

Інцыдэнты міліцыі і лідэра рэчыцкіх прадпрымальнікаў здараюцца не ўпершыню. Летась напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму, калі да спадара Невара завіталі праваабаронцы ды партыйныя актывісты зь Менску, міліцыя ў масках і са зброяй учыніла ператрус у доме прадпрымальніка. Падставай паслужыла ананімнае паведамленьне, што побач з домам Невара чуваць страляніна.

Сёлетні інцыдэнт, як мы паведамлялі раней, здарыўся 28 лютага — за дзень да пачатку страйку прадпрымальнікаў. Міліцыянты арыштавалі Леаніда Невара нібыта за непадпарадкаваньне. Паводле міліцэйскага пратаколу суд пакараў прадпрымальніка арыштам на 10 сутак. А цяпер у дадатак, ужо па лініі дзяржаўтаінспэкцыі, Леаніда Невара штрафуюць і пазбаўляюць магчымасьці кіраваць аўтатранспартам на 36 месяцаў.
XS
SM
MD
LG