Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі рэпарцёр надрукаваў справаздачу пра дзейнасьць беларускага КДБ


Аляксей Знаткевіч, Прага Рэпарцёр брытанскай інфармацыйнай кампаніі “Jane’s” нядаўна наведаў Беларусь, каб падрыхтаваць справаздачу аб становішчы беларускіх спэцслужбаў. “Jane’s” займаецца зборам інфармацыі і падрыхтоўкай аналітычных матэрыялаў у сфэры бясьпекі, абароны і ацэнкі рызыкаў. У справаздачы гаворыцца, што пасьля леташніх кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка надалей узмацняе сваю ўладу праз няспынную рэарганізацыю дзяржаўнага апарату бясьпекі. Больш падрабязна са зьместам справаздачы вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

У хуткім часе пасьля выбараў, якія шмат хто крытыкаваў і на якіх прадстаўнікі апазыцыі не атрымалі ніводнага месца ў парлямэнце, Аляксандар Лукашэнка цалкам памяняў кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, намагаючыся ўзяць спэцслужбы пад поўны кантроль, гаворыцца ў справаздачы “Jane’s”. Паводле справаздачы, ад часу свайго прыходу да ўлады ў 1994 годзе, Лукашэнка лічыў, што найбольш сур’ёзныя пагрозы ягонаму рэжыму могуць узьнікнуць з боку спэцслужбаў. Да сёньняшняга дня ён так і ня здолеў цалкам забясьпечыць лаяльнасьць з боку супрацоўнікаў КДБ.

Часткова занепакоенасьць Лукашэнкі можна патлумачыць тым, што беларускі КДБ дагэтуль у значнай ступені укамплектаваны супрацоўнікамі, падрыхтаванымі яшчэ ў савецкім КГБ. У справаздачы адзначаецца, што Лукашэнка небеспадстаўна падазрае, што некаторыя ключавыя супрацоўнікі беларускага КДБ падтрымліваюць блізкія асабістыя сувязі з Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі, з унутранай службай бясьпекі Крамля і з расейскай Службай вонкавай выведкі.

Менавіта таму, гаворыцца ў справаздачы, як самі супрацоўнікі спэцслужбаў, гэтак і аналітыкі гавораць што Лукашэнка стварае “ценевыя” службы бясьпекі. Паводле справаздачы, гэтыя “ценевыя” спэцслужбы аб’ядноўваюць супрацоўнікаў шэрагу органаў бясьпекі, у тым ліку спэцпадразьдзяленьняў Міністэрства ўнутраных справаў СОБР і “Алмаз” а таксама асобаў, якія маюць шчыльныя сувязі з уплывовымі арганізаванымі злачыннымі групоўкамі Беларусі.

Лічыцца, што аснову “ценевых” спэцслужбаў складаюць супрацоўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Выглядае, што Лукашэнка набраў у службу бясьпекі людзей, якія даказалі сваю абсалютную адданасьць яму, гаворыцца ў справаздачы “Jane’s”. У справаздачы адзначаецца, што Лукашэнка заклапочаны магчымасьцю расьсьледаваньня “зьнікненьняў” вядомых людзей, якія адбыліся пры канцы 1990-х гадоў.

“Jane’s“ параўноўвае дзеяньні Лукашэнкі зь дзеяньнямі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, які ад сярэдзіны 2004 году зрабіў шэраг крокаў, каб зьменшыць паўнамоцтвы Фэдэральнай службы бясьпекі на карысьць Фэдэральнай службы аховы, якая адказвае за фізычную ахову чальцоў ураду і шэрагу дэпутатаў парлямэнту. Паводле справаздачы, яшчэ больш Пуцін узмацняе ролю сваёй уласнай службы бясьпекі.

Лукашэнка, у сваю чаргу надаў сваёй службе бясьпекі функцыі збору выведкавай інфармацыі, каб збалянсаваць дзейнасьць КДБ. Усе гэтыя крокі адбываюцца адначасова з узмацненьнем перасьледу апазыцыі, незалежных мэдыяў і недзяржаўных арганізацый, гаворыцца ў справаздачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG