Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24-ы дзень галадоўкі – стан прадпрымальніка Аўтуховіча пагоршыўся (фота)


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск Сёньня 24-ы дзень галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, яму 41 год. Сёньня ў Мікалая Аўтуховіча значна панізілася тэмпэратура і крывяны ціск, прадпрымальнік гаворыць, што схуднеў на 14 кіляграмаў. Разам зь ім галадаюць кіроўцы, дыспэтчары таксі ды іншыя людзі. Галадоўнікаў наведаў наш карэспандэнт. Ён таксама пацікавіўся ў жыхароў Ваўкавыску, што яны думаюць пра галадоўкі прадпрымальніка і кіроўцаў.

Галадоўнікаў стала на аднаго болей: 39-й у сьпісе пазначана Марына Хітрык, якая калісьці стажыравалася ў дыспэтчарскай таксі Мікалая Аўтуховіча. Пры мне яго сёньня наведалі супрацоўнікі абласной управы фінансавых расьсьледаваньняў, а потым прыехала машына хуткай дапамогі і ўсіх кіроўцаў агледзеў доктар Іосіф Харук. Я бачыў, як ён аглядаў першым самога Мікалая Аўтуховіча. У яго была паніжаныя тэмпэратура—35,7 градуса і ціск—70 на 100. Пасьля агляду доктар сказаў, што калі верхняя адзнака ціску зьменшыцца да 80, то могуць спыніць дзейнасьць печань і ныркі, усё кепска адаб’ецца на мозгу, і могуць пачацца вельмі небясьпечныя незваротныя працэсы, сказаў доктар Харук.

Мікалай Аўтуховіч адмовіўся спыніць галадоўку. Сёньня ён выпівае за дзень прыблізна паўтары літры мінэральнай вады і ўзвару зёлак. Ён сказаў, што да галадоўкі важыў 109 кіляграмаў, а цяпер — 95.

А на вуліцах Ваўкавыску я задаваў сёньня такія пытаньні: ці ведаюць жыхары гораду — што адбываецца галадоўка прадпрымальніка Аўтуховіча ды кіроўцаў і што гараджане думаюць наконт гэтага? І вось якія адказы мне давялося пачуць:

(Пажылая спадарыня: ) “Я не цікаўлюся гэтымі пытаньнямі. Што яны —галадаюць? Нешта я ня знаю”.

(Дзяўчына: ) “Вы ведаеце, я на гэтае пытаньне вам не магу адказаць. Я толкам не цікаўлюся гэтым”.

(Спадар: ) “Ня ведаю я, не цікаўлюся, ня чуў”.

(Другі спадар: ) “Чулі. Ну што сказаць? Правільна людзі робяць — абараняюць свае правы. Чаму б і не? У прынцыпе я згодны”.

(Сталы спадар: ) “Паняцьця ня маю, шчыра кажучы. Ну ў прынцыпе штосьці чуў, але толкам нічога ня ведаю”.

(Дзяўчына: ) “Не, я ня чула. Таксоўкамі не карыстаюся і “Местную газету” даўно не купляла, таму ня ў курсе”.

(Спадар: ) “Чуў, але не магу нічога сказаць, таму што асабліва не ўнікаю ў гэта”.

(Спадар: ) “Не, нічога ня ведаю ўвогуле. Я нават першы раз чую гэта ад вас”.

(Сталы спадар: ) “Ня ведаю, шчыра кажучы, ня ў курсе, дальбог. Няма калі. Увесь час на рабоце — работа, работа”.

(Сталы спадар: ) “Я далёкі ад гэтага, я ня ведаю”,

(Малады спадар: ) “Я ў курсе, што галадаюць. Ну, а што думаю — хай пры мне застанецца маё меркаваньне. Чуткамі зямля поўная, хто хоча знаць, той знае”.

(Ягоны сябра: ) “Нічога, хай галадае. Уціскаюць нібыта правы. Я ня ведаю падрабязнасьці. Я, калі шчыра, асабліва іхнім лёсам не цікаўлюся. Так што нічога канкрэтнага вам сказаць не магу”.

(Малады спадар: ) “Я чуў аб гэтым, чытаў у газэце. Ня ведаю нават, не магу сказаць дакладна сваё меркаваньне аб гэтай падзеі”.

***

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пратэстуе супраць таго, што ўлады ствараюць перашкоды ў ягонай працы. Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”. Фірме і яму выстаўлены штраф агулам на 2 мільярды 80 з паловай мільёнаў рублёў (Аўтуховіч аштрафаваны на 267 мільёнаў). Улады лічаць, што фірма аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і не працуюць сем яе грузавікоў. Кіроўцы таксовак таксама баяцца страціць працу.

Autuchovicz - Аўтуховіч

Autuchovicz - Аўтуховіч

На здымках: галадоўнікі чакаюць мэдычнага агляду; доктар хуткай дапамогі Іосіф Харук вывучае стан здароўя Мікалая Аўтуховіча. Фота С.Астраўцова.
XS
SM
MD
LG