Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект забудовы гістарычнага Верхняга гораду будзе перагледжаны


Ігар Карней, Менск Ухвалены праект перабудовы гістарычнага цэнтру Менску архітэктара Дзьмітрыя Бубноўскага можа быць адкарэктаваны. Гэта сталася магчымым дзякуючы намаганьням аўтарытэтных прадстаўнікоў архітэктуры і культуры, якія выступілі з публічнай заявай супраць разбурэньня гістарычнай спадчыны ў цэнтры беларускай сталіцы. Цяпер лёс Верхняга гораду вырашае адмысловая камісія з прадстаўнікоў Менгарвыканкаму, Міністэрства культуры і падпісантаў калектыўнага ліста.

Вядомыя беларускія архітэктары, мастацтвазнаўцы, філёзафы напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у Камітэт дзяржкантролю і Генэральную пракуратуру з заклікам спыніць зьнішчэньне гістарычнага цэнтру Менску, вядомага як Верхні горад. Напярэдадні падпісанты ліста былі выкліканыя ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, дзе ім было абвешчана пра ўтварэньне адмысловай камісіі, якая ўжо бліжэйшым часам мусіць вырашыць лёс праекту татальнай перабудовы Верхняга гораду. Доктар архітэктуры, прафэсар Вальмен Аладаў спадзяецца, што ўсе спрэчкі можа вырашыць толькі вяртаньне да Закону “Аб ахове культурных каштоўнасьцяў”.

(Аладаў: ) “Наш ліст скіраваны на выкананьне законаў. І калі Бубноўскі робіць усё не паводле закону, дык трэба папярэджваць. Я ў яго пытаю: “Паводле закону робіш?” Не, робіць задам наперад. Адказ зразумелы. Але высновы я не магу рабіць, я ж не выканаўчая ўлада, я зацікаўлены таварыш, які зьвяртае ўвагу на тое, што людзей уводзяць у зман і твораць беззаконьне”.

(Карэспандэнт: ) “Ад каго залежыць канчатковае рашэньне?”

(Аладаў: ) “Як прэзыдэнт скажа, так і будзе. Пакуль гэта на стадыі праекту, усё можна перарабіць у адпаведнасьці з законам. Прэзыдэнт на лісьце напісаў вельмі суровую рэзалюцыю. Калі яна будзе выкананая, шмат што зьменіцца”.

Што перадусім не задавальняе падпісантаў ліста ў праекце архітэктара Бубноўскага? Апавядае гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі:

(Харэўскі: ) “Гэта праект інтэнсіўнага засваеньня тэрыторыяў (як асушэньне балотаў), а ніякая не рэстаўрацыя. Першае, што кідаецца: вялікая колькасьць новых аб’ектаў, якія ня маюць нічога агульнага з аднаўленьнем: умудрыліся запраектаваць пяць новых паркінгаў і чатыры гатэлі, то бок, зьнявечыць дашчэнту гэтыя няшчасныя вулачкі. І самае жудаснае, што гэтыя навабуды будуць узводзіцца на аўтэнтычных падмурках, пасьля чаго губляецца нават надзея на іх аднаўленьне хоць калі-небудзь. Пасьля будаўніцтва паркінгу на Нямізе каму прыйдзе ў галаву зноў капаць углыб 20 мэтраў, каб выставіць муляжы домікаў? Прафанацыя татальная і дзікая камэрцыялізацыя”.

Галоўны дзяржаўны інспэктар аховы гістарычна-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга, адрозна ад архітэктара Аладава, кажа, што працэс зайшоў занадта далёка і штосьці карэктаваць досыць складана.

(Папруга: ) “Пытаньне цяпер разглядаецца, але я, на вялікі жаль, сумняюся, што яно будзе разгледжана па сутнасьці: працэс вельмі далёка зайшоў. І нават пры разуменьні ў адміністрацыі прэзыдэнта гэтай праблемы, сытуацыя ўжо тупіковая. Таму што кіраўнікі працэсу (менгарвыканкамаўскія і мінкультаўскія) настолькі далёка гэты працэс завялі, што цяпер рабіць прагнозы заўчасна. Усё будзе больш-менш вядома пасьля 17 красавіка: цяпер Камітэт дзяржкантролю, падпісанты і ўдзельнікі працэсу (Менгарвыканкам і Мінкультуры) працуюць сумесна ў камісіі, рыхтуюць канчатковы тэкст прэзыдэнту. Якія будуць зробленыя высновы з гэтага? Пакуль што невядома”.

Сярод асноўных перабудоваў у адпаведнасьці з праектам архітэктара Дзьмітрыя Бубноўскага прадугледжваецца забудова дзьвюма вуліцамі набярэжнай ад комплексу “Журавінка” да мосту празь Сьвіслач; узьвядзеньне шэрагу паркінгаў ад пачатку вуліцы Нямігі ў бок тэатру Музкамэдыі, забудова вуліцы Інтэрнацыянальнай у бок Кастрычніцкай плошчы. Экспэрты гэтаксама падкрэсьліваюць: праект ніяк не вырашае транспартных праблемаў цэнтру Менску, што было абумоўлена конкурсам праектных працаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG