Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія каталікі моляцца за памерлага папу рымскага Яна Паўла ІІ


Казімір Яноўскі, Гомель Парафіяне 17 каталіцкіх касьцёлаў, якія ёсьць на тэрыторыі Гомельскай вобласьці, моляцца цяпер за памерлага папу рымскага Яна Паўла ІІ. Разам з каталікамі страту адчуваюць і многія іншыя жыхары рэгіёну.

У Гомельскім касьцёле Найсьвяцейшай Марыі Панны набажэнствы ладзяцца кожны дзень. Распавядае вернік гэтага касьцёлу Леанід Грыбач:

(Грыбач: ) “Цяпер у нас, у касьцёле, ідуць жалобныя набажэнствы. Мы молімся за Яна Паўла II, каб яго прыняў Айцец на небе. Гэта будзе яшчэ адзін сьвяты, наш заступнік. Мы молімся і за сябе, каб весьці годнае жыцьцё і мець магчымасьць сустрэцца зь ім у шчасьлівай вечнасьці”.

Пытаюся ў спадара Грыбача: кім для яго асабіста быў Ян Павал ІІ?

(Грыбач: ) “Для мяне Ян Павал ІІ быў такім сьвятым бацькам, айцом сьвятым, айцом, якім быў для ўсяго каталіцкага касьцёлу, для ўсіх каталікоў сьвету”.

Цікаўлюся ў шараговых гамельчукоў: як яны ставяцца да дзейнасьці пантыфіка Яна Паўла ІІ?

(Студэнтка: ) “Страчаны вельмі добры чалавек, які зрабіў шмат дзеля камунікацыі паміж краінамі. Апрача таго, што ён быў добры папа рымскі, ён яшчэ быў добры грамадзянін сьвету. Зрабіў шмат дзеля міра, як ніхто, здаецца, не зрабіў”.

(Дзяўчына: ) “Так здолеў бы ня кожны. Уплыў вялікі. Трэба, каб яго замяніў годны чалавек”.

(Пэнсіянэр: ) “Падтрымліваю. Выдатны чалавек. Адносіўся прыязна да праваслаўных, гэтаксама як і да іншых канфэсіяў”.

(Жанчына:) “Шкада. Ён так шмат зрабіў – і мір мацаваў, і шмат краінаў аб''ехаў са сваімі малітвамі”.

(Пэнсіянэрка: ) “Станоўчы чалавек. Ён вельмі багата зрабіў. Ён сумленны, справядлівы, таму я яго паважаю. Сама я праваслаўная”.

(Дзяўчына: ) “Шкадую, што Ян Павал ІІ не прыехаў у Беларусь”.

(Жанчына: ) “Ён уплываў на сьветапогляды людзей, ажыцьцяўляў кантакты паміж рознымі канфэсіямі. Унёс вялікі ўклад у разьвіцьцё і царквы, і культуры”.

(Маладая жанчына: ) “Гэта сымбаль сапраўднага чалавека Зямлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG