Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладэчне будуць варыць новы гатунак піва – "Тампліер"


Юлія Шарова, Менск У Беларусі зьявілася новая марка піва – гэта піва “Тампліер” клясы “прэміюм”, выпуск якога распачаўся на Маладэчанскім бровары. Варыць гэтае піва будуць па імпартнай тэхналёгіі ды зь імпартнай сыравіны, на замову сумеснага прадпрыемства “Інтэрбір”. Прэзэнтацыю новай маркі гэтага напою наведала нашая карэспандэнтка.

Амаль два гады таму, пасьля сумнавядомай гісторыі з інвэстыцыямі расейскай кампаніі “Балтыка” ў менскі бровар “Крыніца” кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што інвэстыцыі ў гэтую галіну краіне непатрэбныя. Тады ж фактычна перасталі разглядаць яшчэ некалькі праектаў, якія замежныя інвэстары хацелі ажыцьцявіць на іншых заводах. І вось цяпер замежнікі зноў удзельнічаюць у вытворчасьці піва ў Беларусі. Як гэта вяжацца з тагачаснай заявай Лукашэнкі?

Рэч у тым, што наладжваньне вытворчасьці элітнага піва “Тампліер” на прадпрыемстве “Маладэчнапіва” ня ёсьць уласна інвэставаньнем. Проста беларуска-расейска-нямецкае прадпрыемства “Інтэрбір” разьмяшчае замову на пэўным заводзе, чые вытворчыя магчымасьці яго задавальняюць. Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі кампаніі “Інтэрбір”, маладэчанскі бровар у добрым фінансавым і тэхналягічным стане. Напрыклад, пазалетась чвэрць вырабленай прадукцыі гэтага прадпрыемства пайшла на экспарт, а такіх паказьнікаў працы няма ў ніводнага іншага беларускага бровара. На маладэчанскім прадпрыемстве працуюць добрыя спэцыялісты, да таго ж, гэты горад заўжды славіўся сваёй чыстай вадой – вельмі важны момант для наладжваньня вытворчасьці піва.

Намесьнік міністар эканомікі Андрэй Тур вітае зьяўленьне новай гандлёвай маркі.

(Тур: ) "Я мяркую, што зьяўленьне новай гандлёвай маркі ў такой няпростай сфэры як піва, альбо віно, якое заўсёды зьвязанае са смакавымі ўражаньнямі – гэта добры знак і для нашых півавараў, і таго, што сытуацыя ў гэтай галіне пачынае выроўнівацца, уздымацца".

Маладэчанскі завод вельмі маленькі. Максымальны аб’ём выпуску піва тут складае 540 тысяч дэкалітраў, гэта – менш за адсотак ад усёй прадукцыі беларускіх бровараў. Але менавіта малыя аб’ёмы вытворчасьці дазваляюць прадпрыемству быць больш мабільным і лепей арыентавацца ў кан’юнктуры рынку.

Наколькі амбіцыйны гэты праект і што ён дае прадпрыемству “Маладэчнапіва”? Са словаў намесьніцы дырэктара па вытворчасьці акцыянэрнага таварыства “Маладэчнапіва” Любові Благавешчанскай, прадпрыемства, наладжваючы вытворчасьць элітнага піва, атрымлівае магчымасьць умацаваць сваю рэпутацыю на рынку. Цяпер бровар выпускае адзінаццаць гатункаў піва, ведаюць яго далёка не ва ўсіх гарадох Беларусі – мясцовыя вытворцы не пускаюць.

(Благавешчанская: ) "Мы не маглі б столькі грошай патраціць на рэкляму, на стварэньне брэнда. А дзякуючы ім піва будзе прасоўвацца, шмат хто даведаецца пра якасьці нашага піва".

Што да аб’ёму вытворчасьці піва “Тампліер”, то, са словаў брэнд-дырэктара кампаніі “Інтэрбір” Алега Пуцейкі, гаворка ідзе пра вельмі невялікія аб’ёмы.

(Пуцейка: ) "Максымальны аб’ем, я падкрэсьліваю, максымальны аб’ем – 6 мільёнаў пляшак. То бок, я магу сказаць, што ўсім беларусам гэтых пляшак ня хопіць".

Такім чынам, піва “Тампліер” змогуць каштаваць пераважна насельнікі Менску й Менскай вобласьці, дзе гэтая гандлёвая марка будзе найбольш актыўна прасоўвацца. Кошт адной пляшкі складзе прыкладна 1.700 рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG