Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Клімава судзяць за абразу Аляксандра Лукашэнкі


Любоў Лунёва, Менск 6 красавіка ў судзе Першамайскага раёну сталіцы пачаўся суд над Андрэем Клімавым. Яго абвінавачваюць у абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Падставай для крымінальнай справы сталі кнігі Андрэя Клімава і інфармацыйны бюлетэнь, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Андрэй Клімаў — сёмы чалавек у Беларусі, якога прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за абразу Аляксандра Лукашэнкі.

Судовае паседжаньне адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Андрэй Клімаў не прасіў, каб суд дазволіў прысутнічаць журналістам і паплечнікам. Паводле яго, суд не зацікаўлены, каб аргумэнты, якія прагучаць у судовай залі, сталі вядомыя шырокай публіцы. Але ніхто не забараняў яму даваць камэнтары журналістам падчас перапынкаў. Андрэй Клімаў паведаміў, што пачатак суду быў падобны на літаратурны дыспут. Судзьдзя і пракурор цікавіліся, да якога жанру належаць яго творы і чый вобраз адлюстраваны ў кнігах.

(Клімаў: ) “Вобраз, намаляваны мной, тычыцца ўсіх дыктатараў, усіх тыранаў за ўсю гісторыю існаваньня сьвету. Наконт жанру я патлумачыў, што гэта палітычны памфлет. Прывёў, як прыклад, Джанатана Сўіфта “Гулівэр у краіне ліліпутаў і волатаў”, а таксама літаратурны стыль Вальтэра (маю на ўвазе знакаміты твор “Арлеанская нявіньніца”). Судзьдзя абвесьціла паўзу, каб даведацца, ці існуюць такія творы”.

Андрэй Клімаў сам факт судовага разьбіральніцтва разглядае як невялікую перамогу апазыцыі.

(Клімаў: ) “Суд — гэта адзін з элемэнтаў той рэвалюцыйнай абстаноўкі, якая склалася ў краіне. Гэта элемэнт супрацьдзеяньня апазыцыйных палітыкаў. Гэты суд паказальны тым, што мінулі часы (і дзякуй богу), калі высьвятленьне адносінаў з апазыцыйнымі палітыкамі завяршаліся банальнымі забойствамі. Гэты судовы працэс сьведчыць аб тым, што ўлада сёньня ўжо слабая”.

Андрэй Клімаў спадзяецца, што цягам тыдня судовы працэс скончыцца і будзе абвешчаны прысуд. Паводле Крымінальнага кодэксу, яму пагражае вялікі штраф, альбо абмежаваньне ці пазбаўленьне волі.

У папраўчых калёніях за абразу Аляксандра Лукашэнкі адбываюць пакараньне Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў. Раней на так званую “хімію” паводле такіх жа абвінавачаньняў выслалі журналістаў Міколу Маркевіча, Паўла Мажэйку і Віктара Івашкевіча. Праваабаронцу Аксану Новікаву за паклёп на прэзыдэнта судзілі двойчы, але апошні прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
XS
SM
MD
LG