Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паплечнікі і сябры Генадзя Карпенкі адзначылі шостую гадавіну ягонай сьмерці


Уладзімер Глод, Менск На Ўсходніх могілках Менску, дзе пахаваны былы віцэ-сьпікер парлямэнту Беларусі і кіраўнік “ценевага” ўраду Генадзь Карпенка, 6 красавіка сабраліся яго паплечнікі і сябры — дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, навукоўцы, спартоўцы…

Былы памочнік Генадзя Карпенкі Валеры Костка, які працаваў побач зь ім, калі Карпенка быў мэрам Маладэчна, і пазьней — віцэ-сьпікерам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, прынёс да помніка чырвоныя гвазьдзікі. Спадар Костка адзначае надзвычайную камунікабэльнасьць, якая была ўласьціва Карпенку:

(Костка: ) “Ён умеў працаваць з усімі: і з апазыцыяй, і з уладай, і з аднадумцамі, і зь людзьмі, якія крыху інакш альбо наагул інакш думаюць. Ён умеў аб’ядноўваць. Ён нёс нейкі станоўчы зарад чалавечай энэргіі, які стварае, працуе на будучыню. Людзі да яго гарнуліся. І сам па сабе ён быў відны, моцны, здаровы чалавек...”

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Павал Знавец згадвае, якія вялікія палітычныя пэрспэктывы адкрываліся перад Карпенкам:

(Знавец: ) “Генадзь Карпенка быў рэальным кандыдатам у прэзыдэнты, які мог перамагчы Лукашэнку. Ён быў апірышчам, душой Вярхоўнага Савету. Што магло адбыцца, калі б Карпенка быў жывы? Пытаньне гэтае ўжо ва ўмоўным ладзе — мы ня можам цяпер меркаваць. Я ня схільны да такога падыходу. Адно зразумела: мы згубілі найвыдатнейшага чалавека”.

Яшчэ адзін дэпутат, Вячаслаў Герасіменка, разам з Генадзем Карпенкам уваходзіў у фракцыю “Грамадзянскае дзеяньне”, якая вызначалася сваімі дэмакратычнымі падыходамі да разьвіцьця Беларусі:

(Герасіменка: ) “Я перакананы ўжо гадоў сем-восем мінімум: сярод беларускіх палітыкаў не было і няма роўных Генадзю Карпенку ў пляне чалавечнасьці, інтэлекту. Калі б Карпенка быў сёньня жывы...”

Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі пасьля ўскладаньня кветак адразу скіравалася на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, дзе ўвечары павінна адбыцца акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”, прысьвечаная памяці Генадзя Карпенкі.
XS
SM
MD
LG