Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слаўгарадзе 31 дзіця захварэла празь ежу ў дзіцячым садку


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Надзвычайнае здарэньне адбылося ў Слаўгарадзе, дзе быў шпіталізаваны 31 выхаванец дзіцячага садка. Дзеці 4—5 гадоў трапілі ў інфэкцыйнае аддзяленьне раённага шпіталю.

Слаўгарадзкія дзеці захварэлі пасьля таго, як у дзіцячым садку іх пакармілі салаткай з морквы і цыбулі — такія высновы зрабілі санітарныя лекары. Гэта не канчатковая, але найбольш верагодная вэрсія. Папярэдні дыягназ — іерсэніёз, гэтую інфэкцыйную хваробу пераносяць пацукі і мышы.

Мэдыкі падазраюць, што грызуны завяліся на складзе, дзе захоўвалася гародніна, а ў дзіцячым садку, верагодна, парушылі тэхналёгію прыгатаваньня стравы: гародніну дрэнна памылі і не абдалі кіпнем. Цяпер дзіцячы садок №3 раённага цэнтру зачынены: там праводзяць дэзынфэкцыю. Калі камісія ўстановіць вінаватых у групавым захворваньні дзяцей, яны будуць пакараныя, абяцае раённая ўлада.

Паводле словаў мэдыкаў, большасьць бацькоў дзяцей, якія захварэлі ад ежы ў дзіцячым садку, паставілася да здарэньня даволі спакойна, гучна абураліся толькі некалькі маці. А вось у райвыканкаме лічаць, што стаўленьне да сытуацыі бацькоў — гэта справа ўнутраная, не для прэсы. Галоўнае, лічыць кіраўнік слаўгарадзкай вэртыкалі Ўладзімер Даніленка, што дзецям своечасова аказалі мэдычную дапамогу.

У Слаўгарадзкім раённым шпіталі сёньня паведамілі, што трое дзяцей выпісаныя, яны будуць працягваць лячэньне дома, а астатнія 28 яшчэ ў шпіталі. Мэдыкі гавораць, што стан дзяцей здавальняючы.

Увогуле захворваньні на іерсэніёз — не такая ўжо і рэдкая зьява. Летась выпадак, падобны на слаўгарадзкі, быў зарэгістраваны ў Баранавічах. Гады чатыры таму хварэлі на іерсэніёз выхаванцы магілёўскага дзіцячага дому.

Цяперашнюю сытуацыю камэнтуе галоўны санітарны доктар Магілёўскай вобласьці Ігар Гаеўскі:

(Гаеўскі: ) “Прадукцыя захоўвалася на складах гародніны. Выключыць тое, што яна ня мела кантактаў з грызунамі, немагчыма. Небясьпека таго, што паўторыцца выпадак, які здарыўся ў Слаўгарадзе, вельмі высокая”.

Каб прадухіліць захворваньні на іерсэніёз, у дзіцячых установах Магілёўскай вобласьці цяпер забаронена выкарыстаньне ў сырым выглядзе гародніны леташняга ўраджаю. Гэткія рэкамэндацыі таксама карысна прыняць да ўвагі усім жыхарам рэгіёну.
XS
SM
MD
LG