Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя рухі ў краінах Сярэдняй Азіі, і іх роля ў палітычных працэсах


Ганна Соусь, Прага Якую ролю адыграла ў падзеях у Кіргізстане моладзевая арганізацыя “КельКель” (“Новая эпоха”)? У чым яна адрозьніваецца ад моладзевых рухаў – удзельнікаў рэвалюцыяў у Сэрбіі, Грузіі і ва Ўкраіне? Як ацэньваюць падзеі ў Кіргізстане прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў у іншых краінах Сярэднй Азіі і якую моладзевую палітыку праводзяць улады Казахстану, Туркмэністану, Таджыкістану і Узбэкістану.

За некалькі тыдняў да цюльпанавай рэвалюцыі ў Кіргізстане многія аналітыкі меркавалі, што моладзевая арганізацыя “КельКель” (“Новая эпоха”) стане адным з ініцыятараў зьменаў у краіне, як гэта было раней ў Сэрбіі, Грузіі і ва Ўкраіне. Аднак найбольшую ролю прадстаўнікі гэтага руху адыгралі ў першыя дні пасьля выгнаньня прэзыдэнта Аскара Акаева, калі ў Бішкеку пачаліся сутыкненьні і марадэрства. Як згадвае нацыянальны каардынатар арганізацыі Алішэр Мамасаліеў, у той момант яны ўсьвядомілі, што лідэры апазыцыі ня ў стане гарантаваць бясьпеку і управіцца з марадэрамі, і моладзь узяла ініцыятыву ў свае рукі.

Яны ня сталі чакаць адпаведнага загаду і самі паспрабавалі спыніць марадэраў, а таксама абараніць ўрадавых вайскоўцаў і паліцыянтаў ад натоўпу раз’юшаных людзей. Аднак толькі некалькі актывістаў моладзевага руху “КельКель” увайшлі ў склад новага часовага ўраду. У адрозьненьне ад грузінскай моладзевай арганізацыі “Кмара”, прадстаўнікі кіргізскага моладзевага руху сьцьвярджаюць, што фактычна ня маюць афіцыйных стасункаў зь цяперашнімі лідэрамі краіны. Апрача таго, “КельКель” абяцае, што будзе пільна сачыць за тым, як дзейнічаюць новыя лідэры. Мамасаліеў сьцьвярджае, што ў іх ужо ўзьніклі пытаньні што да складу новага ўраду і спробаў новых уладаў кантраляваць нацыянальнае тэлебачаньне.

Пасьля рэвалюцыяў ў Грузіі, Украіне і Кіргізстане ўлады Казахстану і Азэрбайджану пачалі больш пільна адсочваць сытуацыю з моладзевымі рухамі ў гэтых краінах. Улады спрабуюць залучыць моладзь у праўрадавыя моладзевыя арганізацыі, каб тыя не пачалі браць удзелу ў вулічных пратэстах. Напрыклад, дэпутат Казахскага парлямэнту Бекбулат Тлеўхан заклікаў выпрацаваць дзяржаўную моладзевую стратэгію дзеля прадухіленьня рэвалюцыі ў краіне.

Як адзначаюць назіральнікі, у Азэрбайджане моладзь у дастатковай ступені ўключаная ў палітычныя працэсы на баку ўладаў. Існуе даволі масавая моладзевая філія праўрадавай партыі, якая актыўна працуе ў навучальных установах. Як адзначаюць аналітыкі, азэрбайджанскія ўлады добра ўсьведамляюць, што моладзь – гэта рухавік любой рэвалюцыі і таму робяць усё, каб азэрбайджанская моладзь трапіла ў іх шэрагі і пад іхны ўплыў. Азэрбайджанскія і казахскія ўлады вядуць ня толькі ідэалягічную працу, яны эканамічна заахвочваюць моладзь, каб прадухіліць магчымасьць рэвалюцыяў. І адзін са стымулаў – павелічэньне стыпэндыяў, кампэнсацыя транспартных выдаткаў ды іншыя льготы.

Што да іншых краінаў Сярэдняй Азіі, то, напрыклад, у Туркмэністане фактычна не існуе апазыцыйных моладзевых арганізацыяў за выключэньнем замежных моладзевых рухаў. Рэпрэсыўны рэжым ва Ўзбэкістане таксама дае мала магчымасьцяў для разьвіцьця моладзевых апазыцыйных арганізацый.

У Таджыкістане сябры моладзевых арганізацыяў пільна сочаць за падзеямі ў Кіргізстане, аднак у гэтай краіне добра памятаюць грамадзянскую вайну 1990 гадоў і ведаюць, што вулічныя дэманстрацыі могуць прывесьці да канфрантацыі і кровапраліцьця. І таму моладзевыя лідэры Таджыкістану больш схіляюцца да таго, каб палітычныя канфлікты вырашаліся мірным шляхам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG