Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіла Марыніча ў турэмным шпіталі наведалі ягоныя сыны


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сынам Міхаіла Марыніча Ігару і Паўлу дазволілі наведаць бацьку ў турэмным шпіталі. Паводле іх паведамленьня, настрой у Міхаіла Марыніча бадзёры, хоць прыкметы перанесенага інсульту захоўваюцца.

Гэтай сустрэчы Ігар і Павал дамагаліся з 15 сакавіка, калі іх бацьку, вядомага апазыцыянэра Міхаіла Марыніча, прывезьлі ў Менскі турэмны шпіталь з Аршанскай калёніі зь відавочнымі сымптомамі перанесенага інсульту. Паводле дактароў, у Міхаіла Марыніча была замаруджаная мова і часткова паралізаваная палова тулава. Амаль тры тыдні сынам не дазвалялі ўбачыцца з бацькам, але нарэшце гэтая сустрэча адбылася. Размова адбывалася ў асобным пакоі, праз шкло. Малодшы сын Марыніча Павал адзначыў бадзёры настрой бацькі, але прызнаў, што стан ягонага здароўя па-ранейшаму выклікае ў яго трывогу.

(Павал Марыніч: ) “Уражаньні цяжкія. Усё ж такі гэта быў інсульт. Становішча такое, што яшчэ застаюцца рэшткавыя зьявы. Яны відаць на твары, таксама баляць рука і сьпіна”.

Нагадаю, 7 сакавіка Міхаіл Марыніч у Аршанскай калёніі перанёс інсульт. Пра некаторыя падрабязнасьці тых дзён бацька распавёў сынам падчас сустрэчы.

(Павал Марыніч: ) “Распавёў, як там было. Што ён неаднойчы прасіў свае лекі, але яму адмаўлялі. І толькі калі ён страціў прытомнасьць, выклікалі хуткую дапамогу”.

Паводле старэйшага сына Ігара, Міхаіл Марыніч падтрымаў намер зьвярнуцца ў пракуратуру, каб завесьці крымінальную справу супраць кіраўнікоў адміністрацыі Аршанскай калёніі за неаказаньне дапамогі хвораму вязьню.

(Ігар Марыніч: ) “Скаргу будзем падаваць, будзем дамагацца, каб распачалі крымінальную справу”.

Ігар Марыніч са словаў бацькі распавёў пра гарадзенскага прадпрымальніка Аляксандра Васільева, які таксама адбывае пакараньне ў аршанскай калёніі. Днямі Аляксандра Васільева перавезьлі для мэдычнага агляду ў Менскі турэмны шпіталь, дзе Міхаіл Марыніч зноў зь ім сустрэўся. Аказваецца, Аляксандар Васільеў дапамагаў Міхаілу Марынічу, калі яму стала блага ў Аршанскай калёніі.

(Ігар Марыніч: ) “Як я зразумеў, гэта менавіта праз Васільева на волю перадалі зьвесткі пра тое, што з бацькам здарыўся інсульт. І ўвогуле, бацька казаў, што Васільеў яму вельмі дапамагаў у калёніі”.

Сыны Марыніча паведамілі, што ў калёніі Аляксандру Васільеву стала дрэнна, і цяпер у шпіталі ён праходзіць мэдычнае абсьледаваньне. “Бацька бачыцца з Аляксандрам Васільевым, яны адзін аднаго маральна падтрымліваюць”, — кажуць сыны Марыніча.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў пакараны трыма з паловай гадамі зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі. Многія ў Беларусі і за мяжой лічаць, што гэта быў палітычны перасьлед за апазыцыйную дзейнасьць. Намесьніка кіраўніка рэспубліканскага страйкавага камітэту Аляксандра Васільева асудзілі на 2 гады за паклёп на прэзыдэнта. Міхаіл Марыніч і Аляксандар Васільеў прызнаныя арганізацыяй “Міжнародная амністыя” вязьнямі сумленьня.
XS
SM
MD
LG