Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскай парлямэнцкай групай “За дэмакратычную Беларусь” будзе кіраваць прадстаўніца апазыцыйнай партыі


Тацяна Поклад, Вільня У Літве парляманцкая група “За дэмакратычную Беларусь” абвясьціла пра абраньне кіраўніка і канкрэтныя дзеяньні у найбліжэйшы час.

Кіраваць працоўнай групай “За дэмакратычную Беларусь” у літоўскім Сойме будзе Раса Юкнявічэне. Адбылося галасаваньне і яе афіцыйнае прызначэньне. Намесьнікамі абраныя сацыял-лібэрал Вацлаў Станкевіч, лібэрал-цэнтрыст Ёнас Чэкуоліс і прадстаўніца партыі лібэрал-дэмакратаў Аушрыне Марыя Павілёнене. Раса Юкнявічэне – сябра апазыцыйнай партыі кансэрватараў “Саюз Айчыны”.

Вядомы літоўскі палітоляг Лаурас Бялініс, намесьнік кіраўніка “Беларускага інстытуту”, які дзейнічае пры інстытуце міжнародных дачыненьняў, адзначыў:

(Бялініс: ) “Пакуль гэтая група не праявіла сябе у рэальнай дзейнасьці. Можа, там унутры адбываюцца дыскусіі, прымаюцца нейкія рашэньні, але пакуль гэта не адлюстравалася на фармаваньні афіцыйнай пазыцыі у дачыненьні да Беларусі, на палітычных ацэнках і аналізе пэўных нюансаў. Палітыкі павінны паказаць, якая пазыцыя адносна Беларусі павінна быць сфармаваная і якая існуе у рэальнасьці, якія прыярытэты і як іх выконваць. Выбар цяперашняй кіраўніцы удалы, Раса (Юкнявічэне) – энэргічны палітык, мае сваю ясную пазыцыю, што вельмі важна, - тут ужо ня будзе руху па інэрцыі ”.

Парлямэнцкая група “За дэмакратычную Беларусь” абвясьціла, хто зь яе чальцоў будзе адказваць за какрэтныя кірункі дзейнасьці. Ё.Чэкуоліс узяў на сябе супрацоўніцтва зь беларускімі моладзевымі дэмакратычнымі арганізацыямі і беларускімі студэнтамі у Літве. Саулюс Печэлюнас будзе адказны за інфармацыйны абмен, Аўдронюс Ажубаліс – за прэзантацыю праблемаў дэмакратызацыі Беларусі для міжнароднай грамадзкасьці. Абодва апошнія – дэпутаты ад кансэрватараў.

У найбліжэйшым часе парлямэнцкая група “За дэмакратычную Беларусь” плянуе сустрэчу зь кіраўніцтвам Літоўскага нацыянальнага радыё- і тэлевяшчаньня, а таксама - зь беларускімі студэнтамі. Плянуецца і наведваньне амбасады Літвы у Беларусі.

У працоўнай групе “За дэмакратычную Беларусь” у Літоўскім сойме – 17 парлямэнтароў. У Сойме мінулай кадэнцыі дзейнічала група прыхільнікаў дэмакратыных сілаў Беларусі – “Група міжпарлямэнцкіх сувязяў зь Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня”, якую таксама ачольвала Раса Юкнявічэне.
XS
SM
MD
LG