Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас, прадпрымальнікаў, запалохвалі падатковая інспэкцыя, райвыканкам і нават КГБ”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Сотні мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце смуткуюць у гэтыя дні, разьвітваючыся зь вялікім сынам Зямлі — Янам Паўлам ІІ. Зь ягоным адыходам на плянэце не засталося асобы, якая была б для чалавецтва гэткім жа неаспрэчным маральным аўтарытэтам і ўзорам міласэрнасьці і цярпімасьці. Сотні тысяч людзей у Беларусі чакалі і спадзяваліся, што Пантыфік атрымае магчымасьць наведаць Беларусь, да чаго ён сам вельмі імкнуўся. Але такога запрашэньня ад беларускіх уладаў ён так і не атрымаў.

На гэтую тэму адзін зь лістоў у нашай пошце. Яго аўтар — Уладыслаў Багдзевіч з Горадні.

“Мяне вельмі ўразіла тое, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка (цытую ягоную прэсавую службу) “шкадуе, што кіраўнік Рымскай каталіцкай царквы Ян Павал ІІ так і не пабываў у Беларусі”. Але ад каго тое залежала?" — пытаецца слухач. "Няўжо камусьці невядома, што Пантыфік шмат разоў выказваў жаданьне прыехаць у Беларусь, але гэтаму замінала беларуская ўлада? Вядома, мне могуць запярэчыць: тут упарцілася Расейская праваслаўная царква. Але ж царква ў Беларусі аддзелена ад дзяржавы. Чаму Аляксандар Лукашэнка ня мог пайсьці насуперак жаданьням Алексія ІІ і Філарэта і запрасіць Яна Паўла ІІ як кіраўніка Ватыкану, зь якім у Беларусі ўсталяваныя дыпляматычныя адносіны?

Ян Павал ІІ пабываў ва Ўкраіне, Літве, нават на Кубе, рэжым якой шмат дзесяцігодзьдзяў насаджаў ваяўнічы атэізм. Ня быў толькі ў нас, у Беларусі. Мне, як каталіку, хрысьціяніну – сорамна за гэта. Але я ведаю, чый гэта грэх, хто не пусьціў у Беларусь вялікага, сьвятога чалавека, перад якім сёньня схіляе галаву цэлы сьвет”.

Відавочна, спадар Багдзевіч, у гэтай справе Аляксандар Лукашэнка азіраўся найперш на Маскоўскі Патрыярхат ды на Ўладзімера Пуціна. Хоць, як вы слушна заўважылі, той жа патрыярхат не перашкодзіў Украіне, у якой таксама пераважае праваслаўнае насельніцтва, вітаць Папу на сваёй зямлі. У Аляксандра Лукашэнкі таксама была магчымасьць паказаць сваю самастойнасьць як палітычнага лідэра і выказаць павагу да чаканьняў і спадзяваньняў больш як мільёну грамадзянаў сваёй краіны, якія моляцца ў каталіцкіх храмах. Ён гэтай магчымасьці ня выкарыстаў.

Агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў, які адбыўся ў мінулым месяцы, не прынёс таго выніку, на які разьлічвалі арганізатары. Але ці варта лічыць яго паразай бізнэсоўцаў? Вось як адказвае на гэта пытаньне ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач з Бабруйску, прадпрымальнік Сяргей Адамовіч:

“Я сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і працую на аўтарынку індывідуальным прадпрымальнікам. У мінулым цяжкім сакавіку, калі дэмакратычныя сілы Беларусі вымушаныя былі прайсьці выпрабаваньне на трываласьць, прадпрымальнікі нашага рынку праявілі рэдкае адзінства і згуртаванасьць. Страйк зь нявыплатай падаткаў і нявыхадам на працу завяршыўся толькі сёньня, 31 сакавіка. І гэта нягледзячы на вельмі жорсткі прэсінг з боку ўлады. Людзей запалохвала падатковая інспэкцыя, выканкам. Аднаго прадпрымальніка нават у мясцовы КДБ выклікалі.

Многія нашы бралі ўдзел у мітынгах 1 і 25 сакавіка. Усе разумеюць, што прэзыдэнцкі ўказ не рашыў праблемаў прадпрымальнікаў, а толькі ўскладніў іх. Часта чуем, што, маўляў, страйк не прынёс плёну. Так, у гэтым ёсьць рацыя, але, як я заўважыў па нашым рынку, пэўнага выніку мы ўсё ж дасягнулі. Людзі сталі больш згуртаванымі, усьвядомілі, што паасобку нічога не даб’есься. Першага красавіка выходзім на працу: іншага выйсьця ў нас пакуль няма. Але рукі мы не апускаем”.

Сапраўды, спадар Адамовіч, сакавіцкі страйк прадпрымальнікаў быў адным з самых масавых за апошнія гады. Адметна, што падчас яго ўпершыню ад дробных бізнэсоўцаў сталі гучаць ня толькі эканамічныя, але і палітычныя патрабаваньні. Шэрагі людзей, якія хочуць займацца ўласнай справай, якія імкнуцца быць незалежнымі ад чыноўнікаў і працаваць на сябе і сваю сям’ю, у Беларусі імкліва растуць. Іх ёсьць каму папаўняць: шматлікія дзяржаўныя прадпрыемствы становяцца банкрутамі альбо існуюць у напаўжывым стане; а на заробкі ў бюджэтнай сфэры многія проста ня могуць пракарміць свае сем’і. Так што грамадзкая значнасьць і сіла прадпрымальніцкага руху ўзрастаюць. І атрыманы ў мінулым сакавіку досьвед Вам, спадар Адамовіч, верагодна, яшчэ спатрэбіцца — нягледзячы на тое, што страйк нельга назваць пасьпяховым.

Анастас Семяновіч з пасёлку Бараўляны Менскага раёну адклікнуўся на нядаўнюю ініцыятыву Васіля Лявонава наконт падрыхтоўкі праекту новай, дэмакратычнай Канстытуцыі Беларусі. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Якая дзіўная завядзёнка — ставіць воз наперадзе каня калгаснага. Хто сёньня тую Канстытуцыю прыме? Ці магчымыя пры цяперашняй уладзе ў Беларусі свабодныя і празрыстыя выбары? Мы ж усе ведаем адказ на гэтыя пытаньні — пераканаліся нядаўна падчас рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў. Тое, што рэжым ня вечны, ведае кожны грамадзянін Беларусі. Уся сыстэма можа лопнуць, як мыльная бурбалка, у любы час. Галоўнае пытаньне ў сувязі з гэтым: як законным шляхам адхіліць ад улады чалавека, які насуперак Канстытуцыі і разважнаму сэнсу шукае магчымасьць застацца прэзыдэнтам, прынамсі, бліжэйшыя гадоў сорак. А канстытуцыю можна і пазычыць у іншых краінах — напрыклад, у той жа Чэхіі, дзе моцная парлямэнцкая рэспубліка, а прэзыдэнт выконвае галоўным чынам прадстаўнічыя функцыі. Замяніць назву “Чэхія” на “Беларусь” — вось вам і канстытуцыя”.

Гэткім простым спосабам, спадар Семяновіч, канстытуцыю займець усё ж наўрад ці ўдасца. У кожнай краіны і кожнага народу свая гісторыя, свой мэнталітэт, свае эканамічныя ўмовы, урэшце — сваё стаўленьне да дэмакратычных каштоўнасьцяў… Усё гэта адбіваецца і на заканадаўстве, у тым ліку і на Асноўным законе дзяржавы. Вядома, сёньня распрацоўка новай Канстытуцыі выглядае ня надта своечасовай. Хоць ведаць пра тое, якім бачаць дэмакратычныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта будучае дзяржаўнае ўладкаваньне Беларусі — зусім ня лішне. Бо дзе гарантыі, што чарговы палітык, прыйшоўшы да ўлады (няхай і пад дэмакратычнымі лёзунгамі), не захоча захаваць за сабой тую ж мала чым абмежаваную ўладу, якую засяродзіў у сваіх руках цяперашні прэзыдэнт?

На заканчэньне – ліст ад Амаліі Ўсхопчык зь Менску:

“У свой час я ўжо зьвярталася да вас з нагоды жорсткага абыходжаньня з жывёламі ў Менску. Мой ліст прагучаў у эфіры, яго чула нават адна мая сяброўка зь Нью-Ёрку. Праўда, быў мне і іншы званок — з высокай інстанцыі. Мне паведамілі, што ўзялі мяне, так бы мовіць, “на заметку”. Але страху перад імі ў мяне няма. Праўда, я маю дарослага сына. Маю грамадзкую актыўнасьць і гэтыя лісты (у тым ліку і да вас) ён не ўхваляе. Тлумачэньне простае: яму трэба працаваць, карміць сям’ю і г.д. Гэта галоўная прычына таго, што я прашу не называць у эфіры майго сапраўднага імя”.

Разам зь лістом Амалія Ўсхопчык даслала некалькі публікацыяў пра пакуты жывых істотаў, якія трапляюць у рукі супрацоўнікаў камунальных службаў, а пазьней — у менскі прытулак для бадзяжных жывёлін на вуліцы Гурскага. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Наша ўлада, чыноўнікі абсалютна не зацікаўленыя ў тым, каб жывёлы, якія трапілі ў прытулак, былі выратаваныя. Для няшчасных котак і сабак не шукаюць новых гаспадароў. Нідзе ў сродках масавай інфармацыі не паведамляецца пра існаваньне гэтага прытулку, а таму ведаюць пра яго вельмі нямногія. Даць сацыяльную (гэта значыць, бясплатную) рэкляму чыноўнікі ня хочуць. Таму, думаю, проста ёсьць такая ўстаноўка: зьнішчаць жывёлін як мага болей”.

Відавочна, спадарыня Ўсхопчык, можна назваць шмат прычынаў гэтай зьявы. Але справа тут ня толькі ў бяздушнасьці ды чэрствасьці дробных чыноўнікаў. Што казаць пра жывёлін, калі ў Беларусі ў прытулках пакутуюць дзесяткі тысяч дзяцей, кінутых бацькамі. У Беларусі для іх не знаходзіцца новых сем’яў. А ўлада тым часам уводзіць жорсткія абмежаваньні для замежнага ўсынаўленьня. І грамадзтва моўчкі ўспрымае гэта.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Крук, Сымон Барыс, Уладзімер Фядосенка і Юрась Навіцкі зь Менску, Тацяна Барэль з Асіповічаў, Барыс Япішка зь вёскі Залядыньне Іванаўскага раёну, Віктар Грышановіч зь вёскі Ясень Асіповіцкага раёну і Аляксей Яцкевіч зь Віцебску. Многія з гэтых лістоў былі дасланыя на конкурс “Мой герой”, але, на жаль, спазьніліся. Зьвяртаем вашу ўвагу, шаноўныя слухачы, што вынікі гэтага конкурсу ўжо падведзеныя і агучаныя два тыдні таму.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG