Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім Доме літаратара пройдзе вечарына да 95-годзьдзя Барыса Кіта


Валянціна Аксак, Менск 6 красавіка ў менскім Доме літаратара адбудзецца вялікая сьвяточная вечарына, прысьвечаная 95-годзьдзю самага вядомага і самага старэйшага беларускага навукоўцы Барыса Кіта, які жывучы і працуючы на эміграцыі ўвесь паваенны час ніколі не пераставаў быць сынам сваёй радзімы. Беларуская дзяржава, аднак, ніяк не адзначае свайго ўсясьветна вядомага сына. Вечарыну ладзіць шэраг грамадзкіх арганізацыяў. Пра гэта распавядае адна з арганізатарак імпрэзы пісьменьніца Вольга Іпатава – дарэчы, ляўрэатка прэміі, усталяванай для выбітных беларусаў Барысам Кітом.

(Іпатава: ) "Імя Барыса Кіта вядомае ўсім, яно стала сымбалем беларускай няскоранасьці і любові да Бацькаўшчыны. Кожны год, як і сёлета, павінны прыехаць немцы зь Ляймэна – гэта тыя людзі, якіх намовіў на гуманітарную дапамогу Барыс Кіт: яны штогод прыяжджаюць у Наваградак і Магілёў, прывозяць лекі, машыны, гуманітарную дапамогу. Гэта вось тое, што зьяўляецца фізычным сымбалем ягонага сёньняшняга служэньня Беларусі. Ужо ня кажучы пра тое, што ягонае імя служыць сёньня Беларусі. І калі такія вялікія людзі як Васіль Быкаў запісалі інтэрвію зь ім, гэта ўжо гаворыць пра тое, наколькі наша грамадзкасьць цэніць і паважае Барыса Кіта. 95 гадоў – гэта такая дата, каб уся наша любоў і павага была сканцэнтраваная вось на гэтым дні, на гэтай вечарыне і на самой асобе Барыса Кіта".

(Аксак: ) "А ці ведае ён сам пра тое, што рыхтуецца гэтая імпрэза?"

(Іпатава: )"Ён вельмі жыва цікавіцца ўсім, што ёсьць у Беларусі, і канечне, гэтая вечарына для яго таксама вельмі важная. Ён столькі гадоў ня меў нават сувязі з Бацькаўшчынай. Як толькі расчынілася гэтая жалезная заслона, ён прыехаў сюды, і тады ягоныя архівы ён урачыста аддаў у Наваградзкі краязнаўчы музэй. І, дарэчы, па гэтых архівах можна многа працаваць, і вельмі цікавыя рэчы даведваесься пра нашую эміграцыю".

(Аксак: ) "А ці даступныя сёньня гэтыя архівы, ці не схаваныя яны дзе-небудзь ад дасьледчыкаў?"

(Іпатава: ) "Прынамсі, у Наваградзкім краязнаўчым музэі яны ёсьць".

На вечарыне, якая ў гонар 95-годзьдзя Барыса Кіта ладзіццца сёньня ў менскім Доме літаратара, будзе прэм’ера тэатралізаваных апавяданьняў імяніньніка, запісаных Васілём Быкавым і пастаўленых рэжысэрам Валерыям Мазынскім. Выступіць гурт сярэднявечнае музыкі “Стары Ольса” і знаныя беларусы, якім пашчасьціла асабіста ведаць Барыса Кіта. Пачатак імпрэзы – а 18-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG