Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каб я бачыў згуртаваную дэмакратычную сілу, якая выступіць супраць гэтага рэжыму, я б адразу да яе далучыўся. Але я яе ня бачу"


RFE/RL Водгукі слухачоў – 5 красавіка 2005 г.Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Нікога вечнага няма, Напэўна, ведаюць і дзеці. Шукаць нятленных, што дарма, Такіх нідзе няма на сьвеце.

Пакінуў і Папа ўсіх нас, Які на троне быў з чвэрць веку, Які ў нялёгкі гэты час Быў найвялікшым чалавекам!

Па сьвеце езьдзіў многа дзён, І паважалі яго людзі. На жаль, ня быў у Менску ён, На жаль ніколі тут ня будзе.

(Мікола Зыль: ) “Паважанае Радыё Свабода! Я ніяк не адчуваю, што жыву ў так званай дзяржаве. Але вельмі адчуваю пятлю маскоўскую на шыі беларускага народу, якая паступова цягне Беларусь у расейскую багну, ператвараючы яе ў расейскую правінцыю. Пацьвярджэньнем гэтага ёсьць татальная русыфікацыя дый безумоўная падтрымка нашай ідыёцкай дыктатуры на міжнародным узроўні”.

(Мікола Саскевіч: ) “Шаноўнае панства. Адказваю на пытаньне. Няўжо ўсе нашыя пісьменныя людзі ня бачаць, што ўвесь наш беларускі народ знаходзіцца ў кагэбэшным расейскім рабстве? Над намі пастаўлены галоўны назіральнік, сам ён бяз роду і племені, яму напляваць на наш народ, бо мы яму проста рабы. А яму абы болей нарабаваць і паказаць сваім гаспадарам з Крамля, што ён віртуозны махляр, што ён грозны, бязьлітасны і адданы выканаўца. Але ён сам забываецца на тое, што для гаспадароў з Крамля ён сам зьяўляецца рабом, і яны, што пажадаюць, тое і зробяць зь ім. Усё гэта сплянавана расейскім КДБ, каб зьнішчыць нашую нацыю і ператварыць наш народ у рабоў, якія працуюць на Маскву.

Я магу ўпэўнена сказаць, што ў 2006 годзе ў абарот на Беларусі пусьцяць расейскія рублі. І, мяркую, што на Беларусь увядуць расейскія войскі, якія ў выпадку беларускай рэвалюцыі будуць страляць у наш народ і будуць браць пад кантроль усе стратэгічныя аб’екты, у тым ліку й будынкі ўладаў. Я вам сумленна скажу, каб я бачыў згуртаваную дэмакратычную сілу, якая выступіць супраць гэтага рэжыму, я б адразу далучыўся да гэтай сілы. Але я яе ня бачу.

Я люблю сваю эўрапейскую Беларусь, яе гістарычны сьцяг, герб, мову, гісторыю. Я хачу бачыць Беларусь свабоднай, дэмакратычнай краінай. Але я не магу глядзець, як гэты назіральнік зьнішчае маю краіну.

Раскажу жахлівы выпадах з жыцьця. Я сустрэў свайго знаёмага, здаровага хлопца, які раней меў грошы, езьдзіў за мяжу. Пры Лукашэнку ён усё страціў. Ён мне кажа: “Коля, ужо немагчыма жыць так, немагчыма пракарміць сваю сям’ю. Я, мусіць, пайду і павешуся”. Гэта жахліва, калі здаровы хлопец кажа такое, бо ён ня можа ў гэтай краіне зарабіць нармальныя грошы, хаця б на жыцьцё.

Ведаеце, я хачу папрасіць Радыё Свабода, каб вы дапамаглі мне і маёй сям’і зьехаць адсюль. Я буду прасіць палітычны прытулак. Мне не даюць тут жыць, не даюць жыць маім дзецям і жонцы. Я не магу жыць у такой бязроднай, дыктатарскай, жабрацкай краіне. Прашу Радыё Свабоду, калі ёсьць такая магчымасьць”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Вашае апошняе пытаньне тыдня ў мяне акрамя сьмяхоты і ўміленьня адразу зацеміла адказ. Я сябе адчуваю не грамадзянінам найменнай саюзнай дзяржавы, а насельнікам эўрапейскай рэзэрвацыі і заняпалага кутка сучаснай маскальскай імпэрыі, дзе мне расейцамі нарыхтавана роля працоўнага мяса і атрыманьня нікому непатрэбнай, ну, акрамя газу, нафты і харчоў, прадукцыі. Ды яшчэ на будучыню – роля паслухмянай другаякаснай істоты, прыгатаванай таксама на закланьне, калі ня дай Божа, чэкісты пойдуць у раздрай з Эўропай альбо Амэрыкай ці ўсім Захадам увогуле. Не кажучы ўжо аб тым чарнобыльскім экспэрымэнту, якія запар 20 год робяць разумныя расейцы з нашымі людзьмі праз напалову паслухмяных вэртыкальшчыкаў найменных.

Што ж да самой ідэі існасьці саюзнай дзяржавы, то як мажліва адносіцца да віртуальнага твору прапаганды, дзе адмываюцца прыкладна ўсе брыдкія грошы на тэрыторыі СНД, як беларусаў так і расейцаў? Толькі са зьнявагаю, брыдкасьцю і ўміленьнем, як да насельнікаў палаты №6 Антона Паўлавіча Чэхава. А па іншаму, як гаварыў былы правадыр іхны, Ленін, толькі мусіць апошні халуй і хам думаць так, як думаюць яны”.

(Грыгорый, Менскі раён: ) “Дарагая Свабода! Апошнім часам вельмі складана стала вас злавіць. Хваля вельмі слабая. Каго заўгодна можна пачуць, акрамя вашай радыёстанцыі. Нават калі яе знойдзеш, слабенькі гэты голас забіваецца іншымі галасамі, іншымі радыёстанцыі. Зьнікае жаданьне шукаць. Калі і далей будзе зьнікаць вашая хваля, то вы страціце шмат слухачоў. Вялікая да вас просьба, паспрабуйце як-небудзь палепшыць трансьляцыю”.

(Зіноўеў: ) “Прачытаў артыкул члена палітсавету аб’яднанай жаночай партыі ў суботнім нумары “Народнай Волі”. Даволі слушны артыкул, і вельмі прыемна, што ў нас ня толькі Анатоль Лябедзька і Людміла Гразнова могуць растлумачыць выразна, чым палітыка Аб’яднанай грамадзкай партыі адрозьніваецца ад афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі, і што партыя прапаноўвае.

Я хацеў бы, каб Свабода болей паведамляла пра структуры партыяў, пра тую ж АГП; хто складае палітсавет, як часта зьбіраюцца, якія рашэньні прымаюць, ці ёсьць абмен зь якімі-небудзь іншымі палітычнымі партыямі; можа ёсьць якое-небудзь моладзевае аб’яднаньне, якое мае магчымасьць абмену з эўрапейскімі сацыял-дэмакратамі ці іншымі.

Хацеў бы даведацца пра гэта падрабязьней, мне было б цікава, і, думаю, што грамадзтва, якое фарміруецца на Беларусі, павінна ведаць пра партыю ня толькі тое, што сказаў лідэр альбо намесьнік, а тое, пра што думае сама партыйная маса. Мяркую, што гэта было б беларускаму грамадзтву цікава”.
XS
SM
MD
LG