Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрываецца выстава "Габрэйскі супраціў у Беларусі"


Галіна Жарко, Менск 6 красавіка ў Музэі гісторыі й культуры габрэяў Беларусі адбудзецца адкрыцьцё выставы, прысьвечанай 60-годзьдзю перамогі. Выстава называецца “Габрэйскі супраціў у Беларусі”.

Арганізатары выставы імкнуліся разбурыць пэўны стэрэатып: да 1990-х гадоў размоваў пра тое, што габрэі змагаліся, ня вялося ўвогуле. Была прымаўка: “габрэі сядзелі ў Ташкенце”. Але вядома, што толькі зь Беларусі 26 герояў Савецкага Саюза маюць габрэйскую нацыянальнасьць.

Пра вязьняў гета здымаюцца фільмы, публікуюцца новыя кнігі, але вельмі мала вядома пра падпольную дзейнасьць, паўстаньні й пра габрэйскія партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў лясах Беларусі. Гісторыкі лічаць, што адна з самых трагічных старонак супраціву – барацьба габрэйскага народа супраць фашызму ва ўмовах гета, калі, здаецца, нават спробы ўзброенага супрацьстаяньня былі выключаныя. Людзі працягвалі змагацца нават за тыя некалькі дзён альбо гадзін жыцьця, якія маглі сабе захаваць.

Выстава “Габрэйскі супраціў у Беларусі” – першая спроба сабраць фотаздымкі, дакумэнты, прысьвечаныя гэтай тэме. Гаворыць дырэктар Музэя гісторыі й культуры габрэяў Беларусі Іна Герасімава:

(Герасімава: ) “Унікальная выстава, якую мы рыхтавалі 2 гады. Гэта ўпершыню ня толькі ў Беларусі, а сярод краін СНД. Мы паказваем тут ня проста габрэяў-партызанаў, мы паказваем габрэйскі супраціў”.

Стварэньне выставы стала магчымым дзякуючы ўдзелу Нацыянальнага архіва і Архіва Інстытута памяці ахвяраў Катас. Іна Герасімава расказала, што была зробленая ўнікальная рэч. З пайменных сьпісаў партызанаў у Нацыянальным архіве выбралі прозьвішчы, супраць якіх стаіць нацыянальнасьць – габрэй. Атрымалася лічба больш за 10 000. Насамрэч, кажа дырэктарка музэю, яшчэ большая колькасьць габрэяў змагалася ў партызанскіх атрадах Беларусі.

Габрэі знаходзіліся ў гета, і трапіць з-пад варты ў партызанскі атрад было надзвычай цяжка. Выстава расказвае пра тое, што ў больш чым 80 гета дзейнічалі падпольныя арганізацыі. Нават гісторыкі ня ўсе ведаюць, што ў гета Беларусі было падпольле. Падпольшчыкі (а гэта была ў асноўным моладзь) зьбіралі зброю, цёплую вопратку, мэдыкамэнты для партызан, ратавалі з гета дзяцей, распаўсюджвалі падпольны друк. У Наваградку быў пракапаны тунэль, каб выйсьці з гета і трапіць у партызаны. У партызанскім руху Беларусі ўзьнікла ўнікальная зьява – габрэйскія сямейныя партызанскія атрады.

(Герасімава: )“Габрэям ня проста было патрапіць у партызанскі атрад".

(Карэспандэнтка: ) "Быў момант недаверу?"

(Герасімава: ) "Так. З аднаго боку не разумелі, як можна было зьбегчы з гета. І баяліся шпіёнаў. Фашысты пусьцілі чутку, што на тэрыторыі некаторых гета працуюць шпіёнскія школы. І потым існавала думка, што габрэі – народ, які не змагаецца”.

На выставе можна пабачыць адмысловыя мапы, на якіх паказаныя падпольныя арганізацыі ў гета і ўдзел габрэяў у партызанскім руху. Усяго было 8 габрэйскіх партызанскіх атрадаў. Былі атрады, колькасьць габрэяў у якіх даходзіла да 40%.

Выстава будзе працаваць да верасьня 2005 года, потым яе павязуць па іншых гарадах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG