Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная воля" друкуе заяву Анатоля Лябедзькі з нагоды 6-й гадавіны сьмерці Г.Карпенкі


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Народная воля” на першай старонцы сьвежага нумару друкуе заяву старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі з нагоды 6-й гадавіны з дня сьмерці Генадзя Карпенкі. Менавіта Карпенка, як зазначае лідэр АГП, 7 гадоў таму паставіў пад сумнеў дзейнасьць Аляксандра Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы. Публічная крытыка ўлады, як лічыць Лябедзька, стала для Карпенкі прысудам. Ён быў занадта небясьпечны для ўлады. Як інфармуе “Народная воля”, сёньня а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску мае адбыцца акцыя ў памяць пра Генадзя Карпенку, а таксама іншых вядомых дзеячоў: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юры Захаранкі ды Зьмітра Завадзкага.

“Барысаўскія навіны” распавядаюць пра інваліда Вялікай Айчыннай вайны з Барысава спадара Ахотнікава, які зьвярнуўся па дапамогу ў рэдакцыю. Гэтаму вэтэрану ў часе нядаўняга знаходжаньня ў рэспубліканскім шпіталі ў Бараўлянах, што пад Менскам, мясцовыя лекары так палячылі зубы, што інвалід вайны страціў магчымасьць ужываць ежу. Спадар Ахотнікаў, паводле газэты, ў сакавіку накіраваў тэлеграму на адрас Аляксандра Лукашэнкі, у якой запатрабаваў правесьці судова-мэдычнае расьсьледаваньне. Вось ужо 17 дзён, як паведаміў інвалід вайны ў тэлеграме, ён ня можа нічога есьці, апроч малака ды кефіру. Вэтэран папрасіў у Лукашэнкі дапамогі. Аднак, як вынікае з публікацыі, дапамогі ад кіраўніка дзяржавы барысаўскі вэтэран пакуль так і ня атрымаў.

“Рэгіянальная газэта”, якая выдаецца ў Маладэчне, паведамляе пра канфліктную сытуацыю, зьвязаную з працэсам аб’яднаньня горада і раёна ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. Спатрэбілася аж тры сэсіі гарадзкога савету, каб даць згоду на гэтае аб''яднаньне, ініцыяванае Менскім аблвыканкамам. Газэта нагадвае, што ў студзені і ў лютым дэпутаты Маладэчанскага гарсавету выказваліся супраць такой ідэі, грунтуючыся на адмоўным стаўленьні да яе працоўных калектываў і грамадзкіх арганізацыяў Маладэчна. Аднак 29 сакавіка гэтыя ж дэпутаты прагаласавалі ў падтрымку аб’яднаньня, нягледзячы на тое, што жыхары горада па-ранейшаму супраць яго. У рашэньні сэсіі дэпутаты з Маладэчна вырашылі папрасіць Аляксандра Лукашэнку пра захаваньне гораду некаторых прывілеяў. Гэта, у прыватнасьці, як зазначае “Рэгіянальная газэта”, захаваньне за Маладэчнам статусу горада абласнога падпарадкаваньня, увядзеньне ў склад выканаўчага камітэту Маладэчанскага раёна пасады галавы горада Маладзечна, фінансаваньне Маладэчна і раёну асобнымі радкамі бюджэту.
XS
SM
MD
LG