Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шостую гадавіну сьмерці Г.Карпенкі адбудзецца "Ланцуг неабыякавых людзей"


Уладзімер Глод, Менск Роўна шэсьць год таму, раніцай 6 красавіка 1999 году, памёр Генадзь Карпенка – віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, адзін з кіраўнікоў Аб''яднанай грамадзянскай партыі, старшыня "ценявага" ўраду Беларусі. У той час спадар Карпенка быў рэальным прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта краіны на выбарах, якія, на жаль, прайшлі безь яго ўдзелу ў 2001 годзе.

Сьмерць прыйшла да вельмі вядомага чалавека ў Беларусі раптоўна. Да гэтага часу абставіны той трагедыі ня высьветлены, што дае глебу для розных вэрсіяў ягонай гібелі. Зразумела, што гадавіна сыходу з жыцьця – ня тая дата, каб арганізоўваць нейкія сьвяткаваньні. Але ж, з другога боку, у такі дзень нельга не ўзгадаць пра вялікага чалавека Бацькаўшчыны.

Трагедыя адбылася менавіта на пачатку сёмай гадзіны раніцы, роўна шэсьць год таму. Праз некалькі гадзінаў кіраўнікі Аб''яднанай грамадзянскай партыі традыцыйна прынясуць кветкі на магілу свайго паплечніка. Сюды ж прыйдуць і дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў – Генадзь Дзьмітрыевіч, нагадаю, двойчы запар абіраўся ў тагачасны беларускі парлямэнт. Мяркую, што на Ўсходнія могілкі, дзе пахаваны спадар Карпенка, прыйдуць і некаторыя навукоўцы (Генадзь Дзьмітрыевіч быў членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук), і некаторыя футбалісты – Карпенка быў добрым арбітрам, капітанам футбольнай каманды беларускага парлямэнту.

Дарэчы, першы вялізны букет кветак да помніку Генадзю Карпенку быў ускладзены ўчора ўвечары. Гэта зрабілі менскія сябры Людмілы Карпенкі на яе замаўленьне. Удава Карпенкі разам зь дзецьмі і ўнукамі цяпер стала жыве ў Нямеччыне. Ну, а галоўная імпрэза адбудзецца ўвечары, калі ў самым цэнтры сталіцы Беларусі пройдзе "Ланцуг неабыякавых людзей", прысьвечаны менавіта Генадзю Карпенку.

Учора я патэлефанаваў спадарыні Людміле Карпенцы ў Нямеччыну. Яна мне патлумачыла, што цяпер яе прыезд у Менск немагчымы: у яе цяперашнім пашпарце ёсьць адмысловая адзнака, якая забараняе ёй уезд у Беларусь. Людміла Карпенка гаворыць, што яна надзвычай сумуе па Бацькаўшчыне:

(Карпенка: ) "Канешне, вельмі цяжка, калі я знахожуся так далёка. Прыехаць у Беларусь не магу. Летась была ў Маскве, і так мне захацелася паехаць у Менск. Прыехала нават на Беларускі вакзал, пахадзіла-пахадзіла. Але ж вельмі вялікая рызыка, таму што потым дзеці мяне не ўбачаць, а я іх. Не змагу сюды, у Нямеччыну, вярнуцца".

Пасьля сьмерці Генадзя Карпенкі быў утвораны міжнародны фонд, які носіць ягонае імя. Цяпер гэтая арганізацыя працуе даволі актыўна і ў Нямеччыне, і ў Беларусі. Я нагадаю, што менавіта з актыўным удзелам Людмілы Карпенкі цяперашняму міністру спорту і турызму Беларусі Юрыю Сівакову, які падазраецца ў зьнікненьні вядомых беларускіх людзей, забаранілі ўезд на Алімпійскія гульні ў Афіны. Спадарыня Карпенка ад імя фонду вынесла афіцыйныя папярэджаньні Аляксандру Лукашэнку і Лідзіі Ярмошынай за парушэньні Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства Беларусі. Цяпер фонд праходзіць перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі, распавядае ўдава Генадзя Карпенкі:

(Карпенка: ) "Адказу пакуль адтуль няма. Мы аддалі адпаведныя дакумэнты. Але іх чамусьці трымаюць. Канешне, надзеі мала, бо я, калі была ў Вашынгтоне, выказала там усё, што было на душы. Такія выказваньні, як я разумею, камусьці ў Беларусі не падабаюцца. Фонд, канешне, я хачу захаваць, там і праца, там і дарагое для мяне імя".
XS
SM
MD
LG