Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца другі працэс над Андрэем Клімавым


Алесь Дашчынскі, Менск На 6 красавіка ў Першамайскім судзе Менску прызначаны пачатак судовага працэсу па крымінальнай справе супраць былога палітвязьня, дэпутата Вярхоўнага Савета і бізнэсоўца Андрэя Клімава. Яго вінавацяць у паклёпе і абразе кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Як жа пакрыўдзіў Лукашэнку Андрэй Клімаў? Крымінальная справа супраць Клімава была ўзбуджана напрыканцы мінулага года, а ў сакавіку матэрыялы перадалі ў суд. Палітыка вінавацяць за выказваньні, якія ўтрымліваюцца ў ягоных кнігах і ўлётках – “Я зрабіў свой выбар”, “Шпацыры з вампірам”, “Відавочныя ісьціны”, “Паўстаньне 2005”, усебеларускі інфармацыйны бюлетэнь “Рэвалюцыя”. Паводле пракуратуры, у гэтых распаўсюджаных у Беларусі выданьнях ёсьць абразьлівыя выразы ў адносінах да прэзыдэнта і зьвесткі, зьвязаныя з абвінавачаньнем кіраўніка краіны ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў. Тым часам Андрэй Клімаў вінаватым сябе ня лічыць.

Працэс над Клімавым будзе закрытым – невядома, па якой прычыне. Паводле судзьдзі Алены Ананіч, журналістам патрапіць на гэты працэс немагчыма, але яна не патлумачыла, чаму гэты працэс будзе закрытым. Выконваючы абавязкі старшыні Першамайскага суду таксама не адказаў на мае пытаньні. Гэтак жа сама трымалася загадчыца канцылярыі суду спадарыня Тацяна:

(Сп. Тацяна: ) "У нас распараджэньне нашага выконваючага абавязкі старшыні– ніякай інфармацыі не даваць”.

Не сказалі ў судзе, хто будзе прадстаўляць пацярпелы бок. Як стала вядома, позву ў суд у якасьці сьведкі атрымаў паплечнік спадара Клімава Леанід Малахаў, якога, дарэчы, выклікалі ў часе сьледзтва па гэтай крымінальнай справе.

У сваю чаргу Андрэй Клімаў паведаміў, што адмаўляецца ад паслугаў адваката. Чаму?

(Клімаў: ) "Калі вы заходзіце у клетку з ільвом, вам няма патрэбы браць з сабой бяззбройнага чалавека, і тут ні літара закону, ні жалезная лёгіка, ні нормы маралі, на жаль, ня дзейнічаюць”.

Чым можа скончыцца працэс над Андрэем Клімавым? Адмыслоўцы не выключаюць, што ў цяперашняй сытуацыі ў Беларусі Андрэй Клімаў зноў можа стаць палітычным вязьнем. Нагадаю, што ён быў асуджаны ў 2000 годзе за прадпрымальніцкую дзейнасьць. Спадар Клімаў цьвердзіць, што ён зьявіцца сёньня на працэсе, каб паказаць, што “ў краіне ёсьць людзі, якія не баяцца пракурорскага ці судовага самавольства ды іншага ціску з боку Лукашэнкі на апазыцыйных палітыкаў”.

(Клімаў: ) "А зь іншага боку, я хачу, каб улады ведалі, што ні вязьніца, ні суды, ні іншы перасьлед, ні нават сьмерць ня спыняць маю дзейнасьць па рэвалюцыйным адхіленьні Лукашэнкі ад улады да 2006 года. Я ня Віктар Івашкевіч, я ім проста так не здамся. Да заканчэньня гэтай справы ўладу чакае яшчэ шмат сюрпрызаў, я рыхтуюся ім даць бой. Я не сумняюся, што мэта ў іх – задавіць мяне як апазыцыйнага дзеяча, запалохаць іншых. Мая ж мэта – даказаць, што беларусы не будуць зламаныя ні рэпрэсіямі, ні запужваньнем”.

Паплечнік Андрэя Клімава Леанід Малахаў упэўнены, што гэты судовы перасьлед мае палітычны характар, аднак спадар Клімаў можа разьлічваць на падтрымку сваіх аднадумцаў, якіх паболела пасьля 25 сакавіка.

(Малахаў: ) "Справядлівага суда чакаць нельга, будзе мець месца палітычная замова. Мэта – запалохаць людзей, якія паверылі ў беларускую рэвалюцыю, у Андрэя Клімава”.

Ня выключана, што гэты другі па ліку працэс супраць Андрэя Клімава выкліча шырокі рэзананс. Як ацэньваюць яго праваабаронцы? Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэта Тацьцяна Процька ня мае асаблівага аптымізму па гэтым працэсе.

(Процька: ) "Тут самы падмурак дэмакратыі, законнасьці, правоў чалавека вынішчаецца. Таму вось тая свабода слова, да якой так імкнецца спадар Клімаў, тая магчымасьць думаць не па ранжыру, не па ідэалягічнай схеме, яна ўжо сама па сабе ёсьць рэвалюцыя, таму рэжым будзе вельмі жорстка абыходзіцца. Ну і тое, што раней Клімаў быў разам з Лукашэнкам, у адной камандзе яны былі ў пэўным сэнсе, ведаюць адзін аднаго. Такога здрадніцтва прэзыдэнт асабіста не даруе. Ён вельмі жорстка абышоўся першы раз з Клімавым, і лічыў, што той тэрмін, які яму прыходзілася адбываць, вымусіць яго маўчаць і быць такім пакорлівым. На самой справе так не здарылася, ён ня мае такіх вясёлкавых надзей”.

(Карэспандэнт: ) "Насамрэч, я не прыгадваю такіх гучных працэсаў, калі б адна і тая ж асоба двойчы патрапіла пад крымінальны перасьлед..."

(Процька: ) "Але мне шкада самога Клімава, гэта ж не курорт. Пасьля першай адсідкі хварэў, і зараз гэта таксама не дадасьць яму здароўя. Я проста шкадую чалавека, які ўсё ж гэты свой вольны дух захаваў. Я ня ўпэўнена, што гэты судовы працэс стане каталізатарам, узбудзіць нейкія хвалі народнага гневу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG