Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Крамлёўскай адміністрацыі гаворыць пра магчымы распад Расеі


Ганна Соусь, Прага Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў папярэджвае, што Расея можа зьнікнуць як адзіная дзяржава, калі не атрымаецца кансалідаваць расейскія эліты вакол Крамля. Гэткія драматычныя камэнтары Мядзьведзева ў інтэрвію часопісу “Экспэрт” сьведчаць пра пэўную занепакоенасьць Крамля, зазначаюць аналітыкі.

Кіраўнік Крамлёўскай адміністрацыі Дзьмітры Мядзьведзеў, якога называюць “шэрым кардыналам”, знаходзіцца ў цэнтры ўлады, аднак рэдка выступае публічна. Менавіта таму вялікае інтэрвію Дзьмітрыя Мядзьведзева расейскаму часопісу “Экспэрт” прыцягнула ўвагу.

Упершыню пасьля прызначэньня на гэтую пасаду ў 2003 годзе кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі публічна выказаў свае погляды. У інтэрвію Мядзьведзеў закранае шмат аспэктаў. Але, безумоўна, самая яго цікавая частка – гэта зварот да рэгіянальных элітаў Расеі з заклікам аб’яднацца, каб захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.

Мядзьведзеў лічыць гэта пытаньнем нумар адзін для Расеі. Паводле яго, калі кансалідацыя не адбудзецца, то гэта можа прывесьці да катастрофы. Мядзьведзеў кажа: “калі мы не здолеем аб’яднаць эліты, Расея можа зьнікнуць як адзіная дзяржава... У параўнаньні з гэтым распад Савецкага Саюзу можа паказацца ранішнікам у дзіцячым садку”.

Апошнім часам у Расеі назіраецца адносная стабільнасьць і эканамічны рост, і таму такі сцэнар падаецца камэнтатарам малаверагодным. Аналітыкі разважаюць, чаму папярэджаньне Мядзьведзева зьявілася менавіта цяпер. Сяргей Мітрохін, намесьнік кіраўніка апазыцыйнай партыі “Яблоко” бачыць прычыну па-за межамі Расеі. Паводле яго, Крэмль асабліва занепакоены нядаўняй Аранжавай рэвалюцыяй ва Ўкраіне.

(Мітрохін: ) “Цяпер Крэмль дэзарыентаваны. Шэраг няўдач у апошні пэрыяд як ва ўнутранай, так і замежнай палітыцы выклікаюць пэўную нэрвовасьць. А таксама гэта зьвязана, магчыма, і з падзеямі ва Ўкраіне. Крэмль бачыць, што ён ня здольны ўправіцца з сытуацыяй і вельмі асьцерагаецца разьвіцьця падзей паводле ўкраінскага сцэнару”.

Нядаўнія дэманстрацыі пратэсту пэнсіянэраў ды іншых групаў насельніцтва супраць сацыяльных рэформаў паказалі Крамлю, што незадаволенасьць народа ў Расеі можна хутка мабілізаваць. І падзеі ў Грузіі, Украіне і Кіргізстане толькі прадэманстравалі, як далёка можа пайсьці грамадзкае абурэньне.

Сяргей Мітрохін занепакоены тым, што заявы Мядзьведзева могуць стаць сыгналам для далейшага ціску Крамля на і без таго слабую апазыцыю.

(Мітрохін: ) “Калі нам гавораць, што ўсе павінны зьяднацца дзеля таго, каб прадухіліць распад краіны, то я бачу ў гэтым пэўную пагрозу апазыцыі, таму што чарговы ярлык, які на яе павесяць, верагодна, будзе заключацца ў тым, што яна садзейнічае распаду краіны”.

Многія экспэрты мяркуюць, што вайна ў Чачэніі зьяўляецца самай вялікай патэнцыяльнай пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі, асабліва калі гвалт пашырыцца на Паўночным Каўказе. Аднак кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі Дзьмітры Мядзьведзеў у інтэрвію ніяк не згадвае вайну ў Чачэніі. Замест гэтага ён кажа, што Расея павінна зьвярнуць увагу на разьвіцьцё гаспадарчай і фінансавай інфраструктуры, дэмаграфічнай і іміграцыйнай палітыкі ў Сыбіры і на Далёкім Усходзе. У адваротным выпадку, паводле Мядзьведзева, Расея рызыкуе згубіць гэтыя тэрыторыі з прычыны экспансіі замежнага капіталу.
XS
SM
MD
LG