Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rzeczpospolita: “СНД трашчыць па швох”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня вынікі спатканьня Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы камэнтуюць польскія мэдыі, якія адзначаюць, што сустрэча прайшла пад знакам рэвалюцыі ў Кіргізстане. Найбольш цікавы атрыкул ў гэтай справе друкуе сёньня аўтарытэтны штодзёньнік “Rzeczpospolita”. Са зьместам артыкулу вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

“Калі Пуцін прымаў Лукашэнку ў сваёй рэзыдэнцыі ў Сочы, у Маскве на палітычную пэнсію сыходзіў чарговы лідэр СНД – Аскар Акаеў, які падпісваў дакумэнт аб адмове ад улады. Пасьля ўцёкаў з Кіргізстану, Акаеў знайшоў прытулак у адной з ўрадавых вілаў пад Масквой. Калі каляровая рэвалюцыя не перастане вандраваць па тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, дык гэтая віла можа чакаць чарговых гасьцей”, – піша “Rzeczpospolita”.

Паводле газэты, менавіта таму ў часе ўчорашняй сустрэчы, прэзыдэнты Беларусі й Расеі не шкадавалі камплімэнтаў, казалі, што дачыненьні паміж краінамі паляпшаюцца і нават не ўзгадвалі пра тое, што Расея год таму спыніла пастаўкі газу Беларусі, а Лукашэнка назваў гэта “актам тэрору”.

“Rzeczpospolita” піша, што СНД “трашчыць па швох”.

“Ніхто яшчэ не выходзіць з гэтай арганізацыі, але тэндэнцыі відавочныя – учора ізноў абраны на пасаду прэзыдэнта Малдовы Уладзімер Варонін заявіў, што галоўная мэта ягонай краіны – інтэграцыя ў Эўразьвяз, тым часам як прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка рыхтаваўся да сустрэчы з Джорджам Бушам. Грузія, Украіна, Малдова ідуць на Захад. Расеі засталася толькі помста – увядзеньне рынкавых цэнаў на газ і гандлёвыя абмежаваньні”, – адзначае польскі штодзёньнік.

“Rzeczpospolita” падкрэсьлівае, што нягледзячы ні на што, Расея аднак не адмаўляецца ад СНД.
XS
SM
MD
LG