Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча Віктара Юшчанкі з Джорджам Бушам: Украіна – новы партнэр ЗША?


Аляксей Знаткевіч, Прага Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка працягвае афіцыйны візыт у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ён правёў сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам і яшчэ мае сустрэцца зь віцэ-прэзыдэнтам Дзікам Чэйні, дзяржсакратаркай Кандалізай Райс і міністрам абароны Доналдам Рамсфэлдам. У сераду Юшчанка мае выступіць перад Кангрэсам ЗША. Звычайна такую магчымасьць атрымоўваюць толькі найбліжэйшыя саюзьнікі ЗША. Ці можна казаць, што Украіна робіцца такім саюзьнікам?

Нядаўняе рашэньне новых украінскіх уладаў вывесьці войскі з Іраку без сумневу было расчараваньнем для афіцыйнага Вашынгтону. Аднак выглядае, што стасункі паміж Злучанымі Штатамі і Ўкраінай апошнім часам хутка паляпшаюцца. Сцюарт Гензэл з дасьледчага цэнтру Economist Intelligence Unit гаворыць, што адміністрацыя былога ўкраінскага прэзыдэнта Леаніда Кучмы, якая даслала ў Ірак чацьверты па велічыні вайсковы кантынгент на 1600 чалавек, тым ня менш ня здолела атрымаць даверу ЗША. Двухбаковыя адносіны ў значнай ступені пагоршыліся праз абвінавачваньні, што Ўкраіна прадала радарныя сыстэмы рэжыму Садама Хусэйна ў 2000 годзе.

(Гензэл: ) “Кучма ніколі ня меў такой моцнай пазыцыі, каб атрымаць запрашэньне ў Белы Дом. Улічваючы скандалы падчас другога прэзыдэнцкага тэрміну Кучмы, нават дасылка войскаў у Ірак не магла заахвоціць Джорджа Буша запрасіць яго наведаць Вашынгтон”.

Падчас перамоваў зь Віктарам Юшчанкам у панядзелак, Джордж Буш падтрымаў намер Украіны далучыцца да НАТО і Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Буш таксама паабяцаў паспрыяць адмене ў адносінах да Ўкраіны папраўкі Джэксана-Вэніка, якую амэрыканскі Кангрэс увёў супраць Савецкага Саюзу ў 1974 годзе і ўжываньне якой дагэтуль штогод разглядаюць у адносінах да некаторых краінаў былога СССР, у тым ліку да Беларусі. У адпаведнасьці з гэтай папраўкай, ЗША ўжываюць вышэйшыя тарыфы і падаткі на імпарт з краінаў зь нярынкавай эканомікай.

Некаторыя аналітыкі кажуць, што пакуль яшчэ рана прадказваць, як будуць далей разьвівацца амэрыкана-украінскія адносіны. Гаворыць прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі Ігар Лосеў:

(Лосеў: ) “З боку ЗША пакуль што даволі абмежаваныя крокі. Паглядзім, ці будзе адмененая папраўка Джэксана-Вэніка ў адносінах да Ўкраіны, ці будзе Ўкраіна прызнаная краінай з рынкавай эканомікай і ці паспрыяюць Злучаныя Штаты далучэньню Ўкраіны да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі”.

Лосеў таксама папярэджвае, што Злучаныя Штаты могуць адмовіцца рызыкаваць адносінамі з Расеяй, якая непрыязна глядзіць на збліжэньне Ўкраіны і ЗША.

Дырэктар Кіеўскага цэнтру міру, канвэрсіі і замежнай палітыкі Аляксандар Сушко кажа, што ў самой Украіне дагэтуль пашыраныя антыамэрыканскія настроі і многія ўкраінцы аддаюць перавагу стасункам з Расеяй. Сушко аднак гаворыць, што нельга казаць, пра нейкі асаблівы антыамэрыканізм ва Ўкраіне, бо ўкраінцы шмат у чым падзяляюць скептыцызм у адносінах да ЗША зь іншымі эўрапейскімі краінамі.
XS
SM
MD
LG