Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 5 красавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 5 красавіка.

“Віцебскі пролетарый”, 1935 год:

“З 18 па 30 красавіка ў буйнейшых гарадах БССР арганізуюцца прадсвяточныя базары. На базарах у Менску, Гомелі, Віцебску будзе тавараў на 6 млн. руб. У сямі крамах Менска будуць прадавацца спецыяльныя наборы — падарункі да першамайскіх свят высокаякасных кандытарскіх вырабаў. Кандытарскія пякарні Менска будуць выконваць індывідуальныя заказы, імянныя тарты, кексы. Перад святам прадуктова-гаспадарчыя магазіны будуць адчынены да двух гадзін ночы, менскі магазін “Гастраном” — да трох гадзін ночы”.

“ЛіМ”, 1955 год:

“Каля дванаццаці год ідзе на сцэне Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спектакль “Паўлінка” па п’есе Янкі Купалы. Спектакль, пастаўлены рэжысёрам Л.Літвінавым (рэжысёр-асістэнт С.Бірыла) увесь час карыстаецца нязменным поспехам. Яго прагледзелі не толькі шматлікія жыхары Беларусі, але і Масквы, Украіны, далёкай Сібіры. З вялікай увагай і беражлівасцю адносяцца купалаўцы да спадчыны народнага песняра. Трохсоты спектакль, які прайшоў 31 сакавіка, быў па-ранейшаму маладым, свежым”.

“Имя”, 1995 год:

“Калі браць за пункт адліку станаўленьня культу асобы кіраўніка краіны напісаньне ягонага партрэту (холст, алей), дык можна лічыць, што пачатак у нашай рэспубліцы пакладзены 30 сакавіка. Менавіта 30-га чысла “БДГ” набыла партрэт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі пэндзля Васіля Пачыцкага ў цэнтры сучаснага мастацтва “Vita Nova”. На пытаньне карэспандэнта аб тым, што змусіла Васіля Пачыцкага адмовіцца ад ягонай любімай касьмічнай тэмы і ўзяцца за такую нетыповую для яго творчасьць, аўтар адказаў: “Ніша “прыдворнага” мастака апошнія 10 гадоў была пустая, і нехта павінен быў яе заняць. Тэму скарэньня космасу я не пакіну, а прэзыдэнцтва ў нашай рэспубліцы справа, здаецца, часовая”.
XS
SM
MD
LG