Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскім прадпрыемствам зноў прапануюць апекавацца калгасамі-банкрутамі


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Гомельскі гарвыканкам прыняў адмысловую праграму шэфскай дапамогі калгасам і саўгасам на 2005 год. Апрача непасрэднай дапамогі вёсцы ў правядзеньні веснавой сяўбы, набыцьці тэхнікі, шэраг прадпрыемстваў забавязалі далучыць да сябе занядбаныя гаспадаркі.

Паводле рашэньня гарвыканкаму, аб’яднаньне “Гомсельмаш” далучыла да сябе сельгаскаапэратыў “Юбілейны” Буда-Кашалёўскага раёну. У гэтым жа раёне саўгас “Марозавічы” павінен зрабіцца падразьдзяленьнем Гомельскага хімічнага заводу. Прадпрыемства “Гомельаблгаз” забавязана “выцягваць” сельгаскаапэратыў “Антонаўка-Агра” Жлобінскага раёну.

Паколькі кампанія далучэньня збанкрутаваных калгасаў праходзіла ў рэгіёне летась, то я пацікавіўся ў Буда-Кашалёўскім райсельгасхарчы, навошта спатрэбілася працягваць яе яшчэ і сёлета?

(Кучарава: ) “Цяжкае фінансавае становішча ў гаспадарак. У гэтым прычына. Стратнымі гаспадаркі былі на працягу шэрагу гадоў. Калі б не аказвалі дапамогу, яны ўжо разваліліся б”, — сьцьвярджае эканамістка Буда-Кашалёўскага райсельгасхарчу Тацяна Кучарава.

На “Гомсельмашы” кантраляваць далучэньне і дапамогу сельгаскаапэратыву “Юбілейны” даручана намесьніку начальніка фінансавай управы Валерыю Маркаву. Ён паведаміў, што на дапамогу буда-кашалёўскай гаспадарцы сёлетняй вясной трэба прыкладна паўтара мільярда рублёў. Трэцюю частку гэтай сумы (450 мільёнаў рублёў) “Гомсельмашу” дазволена накіраваць у вёску замест плацяжу ў бюджэт. А яшчэ “Гомсельмаш” мяняе сваю тэхніку на трактары, мінэральныя ўгнаеньні — і такім чынам падтрымлівае калгас-банкрут, які стаў цяпер цэхам заводу.

Аднак ня ўсе прадпрыемствы пагадзіліся далучаць да сябе збанкрутаваныя калгасы. У іх ліку і Гомельскі мясакамбінат. Яго забавязвалі ўзяць на свой балянс саўгас “Вялікаборскі” Хойніцкага раёну. Распавядае дырэктар мясакамбінату Валеры Дземідзенка:

(Дземідзенка: ) “Мы хацелі купіць саўгас “Вялікаборскі”. Але паўстала пытаньне: а хто сядзе за ягоны развал? І як ацаніць збанкрутаваную гаспадарку? Тыя, хто прапануе далучэньне, іншы раз лётаюць у аблоках. Мы проста акажам гэтаму саўгасу шэфскую дапамогу. Далучаць яго да прадпрыемства ня будзем. Куды раён загнаў саўгас, няхай адтуль і дастае”.

Цяперашняе далучэньне збанкрутаваных калгасаў да прадпрыемстваў ня першае ў гісторыі беларускай сельскай гаспадаркі. Так было ўжо за савецкім часам. Той жа завод “Гомсельмаш” паднімаў на ногі сельскагаспадарчую вытворчасьць у вёсцы Смычок Буда-Кашалёўскага раёну, але марна.

Летась калгасы і саўгасы атрымалі з розных крыніцаў 281 мільярд рублёў дапамогі. Цяпер высьветлілася, што на веснавую сяўбу калгасам бракуе 28 мільярдаў рублёў — больш за палову ад неабходнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG