Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрылася выстава мастакоў “Пагоні”, прысьвечаная страчанай спадчыне


Валянціна Аксак, Менск У Музэі сучаснага мастацтва ў Менску адкрылася выстава мастакоў творчай суполкі “Пагоня”. Яна прысьвечаная страчаным помнікам духоўнае спадчыны краіны. Экспазыцыю склалі творы дваццаці пяці мастакоў розных жанраў і стыляў — ад графічных рэканструкцыяў зьнішчаных часам і людзьмі помнікаў да інсталяцыяў з асобных ацалелых фрагмэнтаў матэрыяльнае культуры народу.

Экспазыцыя, у якой больш за тры дзясяткі графічных аркушаў і столькі ж жывапісных палотнаў, называецца “Беларуская Атлянтыда”. Вось як патлумачыў задуму адзін з ініцыятараў і арганізатараў выставы Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Глянуць ва ўчарашні дзень празь сёньняшняе бачаньне, таму што ёсьць працы шасьцідзясятых гадоў, ёсьць наагул унікальныя творы, па якіх можна аднавіць у памяці тое, што загінула, тое, чаго мы не далічваемся. А гэта — беларуская Атлянтыда”.

Зьнішчаныя замкі, храмы, палацы ажываюць на графічных аркушах Уладзімера Басалыгі, Міколы Купавы, Рыгора Сітніцы, Уладзімера Вішнеўскага, Віктара Сташчанюка і іншых мастакоў, апантаных красой даўнейшай беларускай архітэктуры. Па іх рэканструкцыях можна аднаўляць страчаную спадчыну краіны. І даволі нечакана было ўбачыць у экспазыцыі графічную нізку пад агульным назовам “Дойлідзтва” вядомага жывапісца Сяржука Цімохава, які ня піша канкрэтных помнікаў. Аднак свой удзел у гэтай выставе мастак лічыць невыпадковым.

(Цімохаў: ) “Гэта маё вобразнае ўспрыняцьце той першаснай архітэктуры, якая магла быць у нас у мой любімы час — паганскі. А па-другое, як аказалася, я тут запатрабаваны ў тым пляне, што гэта ж не краязнаўчы музэй, а мы робім усё ж мастацкую выставу. І творы на ёй, якімі б яны ні былі, павінны быць мастацкімі творамі”.

Вялікую цікавасьць, як заўжды на выставах суполкі “Пагоня”, выклікаюць творы ў жанры інсталяцыі. Гэтым разам пагонеўцы зрабілі іх з замкоў, шаляў, дзьвярэй і іншых фрагмэнтаў страчанае матэрыяльнае спадчыны, якая набыла ў экспазыцыі сваё новае творчае жыцьцё.

Выстава “Беларуская Атлянтыда” ўзнаўляе ня толькі вобразы страчаных помнікаў, але і імёны ўжо, на жаль, нежывых мастакоў-адраджэнцаў, якія ўсю сваю творчасьць прысьвяцілі спадчыне, — Яўгена Куліка і Міколы Селяшчука.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG